Ну вось — даўно трэба было адразу акунуцца. Мы бачым, як «рыбалоў» паўзе па дне «рэчкі» ў пошуках кручка, як ён там вось-вось захлынецца, як ён хапае паветра шырока адкрытым ротам, вынырнуўшы з вады.
Усё ў парадку, можна «вудзіць» далей. I Мішка зноў пільна-пільна глядзіць на ўяўны паплавок і ніяк не можа рукамі, якія дрыжаць, скруціць уяўную цыгарку, бо зноў «клюе».
Паглядзець на гэта відовішча прыходзіць уся батарэя, у тым ліку і дзядзькі.
Вось табе і шкеты.
Пра грузіна Надара Дадалішвілі можна было б не расказваць, бо ён не спявае, не малюе, не ўмее выкідваць такіх конікаў, як Мішка-шэльма, а тым больш не падпольшчык, не партызан, як мы з Санькам, і не сын палка, як Міцька Яцук. Але ў яго шырокая душа. Неяк я ўбачыў у Надара ножык-сцізорык, прыгожанькі такі ножык з перламутравымі тронкамі. Ну і пахваліў. Надар вельмі абрадаваўся маёй пахвале і спытаў:
— Табе сапраўды падабаецца?
I ўжо зусім нечакана:
— На, бяры! Цяпер гэта твой нож.
Пачаў я аднеквацца, упінацца, маўляў, як гэта так: гэтакую рэч і задарма бяры? Тады ён кінуўся ў крыўду:
— Ты мне друг ці вораг? Бяры, гавару табе!
Каб не стаць яму ворагам, я ўзяў і цяпер шыкую з Надаравым ножыкам, калі трэба завастрыць аловак ці ў сталоўцы трапіцца тоўстая луста хлеба. Ды калі луста і ў рот лезе, дык усё адно ножыкам разрэжу, каб лішні раз на яго паглядзець.
А яшчэ Надар запрашае ўсіх, хто яму падабаецца, да сябе ў Грузію ў госці. Зразумела, не зараз, а цераз год, на будучае лета, калі ў нас будзе водпуск. Кожнаму свайму госцю ён звычайна гаворыць:
— Будзеш шашлык кушаць, вінаград, чабурэкі, сіцыві.
Што гэта такое, апрача вінаграду, мы з Санькам не ведаем, але думаем, гэта, мабыць, смачней і за бульбу з салам, і за драчонікі. А пра вінаград ведаем: у кіно бачылі. Мы з Санькам таксама запрошаны ў Грузію.
Праўда, нам яшчэ можа быць і адмоўлена, бо Надар гэта іншы раз робіць. Вось Лёву Белкіна ён быў запрасіў, а затым чамусьці яны не паладзілі, і Лёва атрымаў адмову:
— Не паедзеш у госці, не будзеш кушаць вінаград, шашлык і чабурэкі!
Затое астатнія запрошаныя могуць, канешне, паехаць і ў Грузію. Абы захацелі.
А яны гавораць — шкеты. Ды ніводнаму дзядзьку Грузіі не бачыць як уласных вушэй. У іх няма свайго грузіна. І ў астатніх двух узводах няма.
Я, вядома, тут не пра ўвесь свой узвод расказаў. Увесь узвод — гэта дваццаць пяць чалавек. Я расказаў толькі пра тых, з кім цяпер таварышую. Але завяліся ў мяне і ворагі. Нямнога, праўда, адзін. Гэта Сцёпка Рубцоў з Растова-на-Доне.
Я ў сваім аддзяленні (а гэта паўузвода), як вядома, па Санькавай міласці— «развадзяшчы»: дзялю за сталом суп і кашу. I вось аднойчы пасля абеду адводзіць мяне за вугал сталоўкі Сцёпка Рубцоў, каржакаваты і даволі-такі дзябёлы хлопец, і ваяўніча гэтак гаворыць:
— Ты мне мяса кладзі як след, самую вялікую порцыю. Сам не еш, а мне каб было. А не тое — помні!
— Гэта ж чаму? — крыху быў разгубіўся я.
— А таму, што канчаецца на «у»,— сурова адрэзаў Рубцоў, пранізваючы мяне злосным позіркам прыжмураных вачэй, а затым усё ж растлумачыў: — Я з Растова. Чуў пра такое: Адэса — мама, а Растоў — тата? Мы там не любім такіх фраераў, як ты. Мы ім робім — чык! — і вашых няма!
I тут ён адтапыраным пальцам энергічна ткнуў сябе ў жывот, паказаў, як яны там, у Растове, робяць гэтае самае «чык» такім фраерам, як я. I, відаць, каб мне не падумалася, што з растоўскіх блатных ён самы апошні, пайшоў на адкрытасць:
— Хто такі Прынц, ты чуў? Дык вось — ад яго імя ўвесь Растоў дрыжыць і міліцыя рыдае. А я,— тут ён ткнуў пальцам сябе ў грудзі,— з яго прыдворных. Запомні — і рот на замок. А мяса каб было.
Не паверыў я ні адзінаму яго слову. Бярэ, вядома, на пушку, як у нас гаворыцца. Так яму і сказаў:
— Не брашы ты, як сабака. А калі б і так, дык тут табе не Растоў. Таксама мне прыдворны.
— Ну помні, фраер! — прыгразіў ён мне напаследак, і на тым мы разышліся.
Вядома, я нікому пра гэта не расказаў, апрача Санькі, і тым больш не данёс каштану Захараву. I не таму, што я баюся гэтага «прынца», а таму, што не хачу быць фіскалам. Санька таксама не хоча. Ён толькі параіў:
— Плюнь ты на яго і разатры.
I я плюнуў. Лішняга мяса, калі яно трапіцца ў супе, яму як не даваў, так і не даю, а «прыдворны прынца» ўвесь час моўчкі свідруе мяне злоснымі вачыма. I я так думаю, што вузел на рукаве маёй гімнасцёркі, за які я ледзь не адхапіў нечарговы нарад,— ці не яго рук справа.
Словам, у сям'і не без вырадка. А так усе нашы хлопцы — золата, не кажучы пра нас з Санькам, і таму крыўдна нам слухаць ад іншых узводаў, што мы — шкеты.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу