I калі Лёва ўсім ужо так натаранціць у вушах, што сцерпу няма, хто-небудзь ды не вытрымае:
— Лёва, выйдзі ты лепш адсюль сам, пакуль цябе не вывелі.
Ён тады крыўдзіцца, закапыльвае ніжнюю губу і выходзіць. А праз мінуту адкуль-небудзь з пустой умывальні зноў даносіцца «выйдзі-выйдзі». Там Лёва ў гордай адзіноце дапявае свае «тарантэлы».
Але гэта не адзіная Лёвава здольнасць. Ён запэўнівае нас, што ўмее фатаграфаваць. Калі ў яго будзе «лейка», а хоць які-небудзь іншы апарат, тады ён здыме нас каля «касы смерці» — будзь здароў! Дзядзькі з першага ўзвода будуць лопацца ад зайздрасці.
Не дзе-небудзь, а ў нашым чацвёртым ўзводзе ёсць і мастак, якога цэніць сам камбат, падпалкоўнік Асташэўскі. Гэта мой недалёкі сўсед па ложку і цёзка — Іван Расошка. Калі па праўдзе сказаць, ён самы мурзаты ва ўзводзе чалавек. Яго рукі заўсёды ў розных фарбах: чырвоных, зялёных, жоўтых і сініх. Паспеў ён і на гімнасцёрку ўжо не адну пляму пасадзіць. Дык што ж вы хочаце? Мельнік заўсёды ў муцэ. Калі б гэта я хадзіў з такімі рукамі або хто іншы, дык начальства ўжо даўно жыўцом з'ела б.
Яму таксама спачатку перападала на арэхі за неахайны выгляд, а потым усе як бы і змірыліся, махнулі рукой. Нічога тут не зробіць Санька-яфрэйтар і нават Юрка-старшына, калі яго сам камбат выклікае да сябе ў канцылярыю і загадвае маляваць розныя стэнды: «Нашы выдатнікі», «Дакументацыя батарэі». Але каб вы паглядзелі, як у нас усё размалёвана: чырвоныя сцягі, дубовае лісце, перавітае чырвонымі стужкамі, артылейрыйскія эмблемы, розныя гарматы, хоць і невядома якога калібру і прызначэння. I ўсё, нібы жывое. Зайшоў да нас у казарму аднойчы генерал, дык вельмі хваліў Расошкава мастацтва. А самога Расошку на той час ад генерала ў капцёрку схавалі, бо ён і сам, як на грэх, тады быў добра размаляваны.
Само сабой зразумела, што і наша ўзводная насценгазета «Залп», якая вісіць ў класе вучэбнага корпуса, заняла першае месца на батарэйным аглядзе. У нас самая прыгожая газета.
А яны кажуць — шкеты.
Але, вядома, ні спевакі Гецьман і Белкін, ні нават мастак Расошка не карыстаюцца такой вядомасцю і ўвагай, як Мішка Цыганкоў. Дзе Мішка, там заўсёды весела, там заўсёды смех. Нават у страі, дзе і пікнуць нельга, на Мішку глядзець небяспечна: не ўтрымаешся, рагатнеш і адхопіш ад камандзіра вымову, а то і нечарговы нарад. Хоць ён і рускі, але ёсць у яго сапраўды нешта цыганскае: чарнявы, рухавы і шальмаватыя вочы навыкаце. Яго між сабой мы так і называем — Мішка-шэльма.
Ну і штукар! Ён умее гаварыць не сваім голасам і так крыўляецца, такія строіць морды, што і мёртвы зарагоча. 3 тыдзень ён цешыў нас, паказваючы, як капітан Захараў выцірае рукі, твар і губы хусцінкамі. Калі ўсё гэта нам знадаела, узяўся за падпалкоўніка Асташэўскага. Але на гэтым ледзь не спёкся.
Вось Мішка стаіць перад намі, заклаўшы рукі пад папругу, ківаецца маятнікам, то падымаецца на дыбачкі, то апускаецца рэзка на абцасы і падпалкоўніцкім голасам чытае нам мараль:
— Што? Выганю, невукі! Будзеце хадзіць па горадзе і чытаць шыльды па складах!
Вакол яго сабралася паўбатарэі, і ўсе так захапіліся, ўсе так рагаталі, што не заўважылі, як і калі падышоў і сам падпалкоўнік, стаў ціхенька па-за спінамі і назірае, як яго перадражнівае Мішка-шэльма. Зразумела, што ніхто і не крыкнуў выратавальнае «атас!». Усе схамянуліся толькі тады, калі камбат сам абазваўся.
— Тэ-эк! — сказаў ён.— Што яшчэ нам пакажаш, цыркач?
Мы ўмомант разбегліся, нібы мышы ад кошкі, а Мішка стаіць перад падпалкоўнікам навыцяжку, рукі па швах, глядзіць нявінным позіркам і вокам сваім цыганскім не міргне.
А падпалкоўнік, сам таго не заўважаючы, раскачваецца так жа, як толькі што рабіў Мішка, і ўчыняе допыт, як ідзе ў Мішкі вучоба. Па матэматыцы «чатыры»? Тэ-эк! А па гісторыі! Тэ-эк! А чаму гузікі не блішчаць? А хто яму будзе прышываць свежы падкаўнерык? Тэ-эк! Словам, прыдзіраецца да чаго толькі можа. Адно што не спытаў, чаму ў Мішкі вочы лупатыя. Але ўсё абышлося.
— Марш з вачэй, цыркач! — скамандаваў у рэшце рэшт камбат і не аб'явіў, што нас вельмі здзівіла, нават вымовы.
А як Мішка можа падрабляцца пад рыбака-вудзільшчыка! Тут ужо без адзінага слова, моўчкі. Вось ён пільна-пільна глядзіць на ўяўны паплавок, а рукі тым часам круцяць цыгарку, дрыжаць — «рыбалоў» хвалюецца. Вось штосьці клюнула — махорка рассыпалася. Але клюнула штосьці вялікае. Раз-два! — не выцягваецца. Вуды, зразумела, ніякай няма, але мы бачым, як яна ўсё больш і больш гнецца. Так і ёсць — парвалася леска, і Мішка ляціць на падлогу. Цяпер трэба «рыбалову» здымаць штаны і лезці адчапляць кручок. Асабліва смешна глядзець, як «вудзільшчык» баіцца халоднай вады. Мішка робіць выгляд, што ён босы і голы, увесь дрыжыць, ляскае зубамі. Вось «рыбалоў» памачыў асцярожна нагу ў «рэчку» і адскочыў, затым — другую, зноў адскочыў. Нарэшце адважыўся і палез. Але як палез! Нам глядзець — і то холадна.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу