На перапынку мы выбеглі на гэты раз не ў калідор, а на двор і там па-за гарматамі часоў імперыялістычнай вайны, далей ад капітанскага вока і вуха, нарагаталіся да колікаў у жываце. Аказваецца, тры хустачкі — гэта яшчэ што! Мішка Цыганкоў — ёсць у нас такі штукар ва ўзводзе — пяць уяўных насавікоў скарыстаў, перадражніваючы капітана: адзін — зноў жа на рукі, другі — на лоб, трэці — на нос, а чацвёрты і пяты — на губы і на вочы. Так ён жыва нам усё гэта паказаў, што кіно — і годзе.
Але як мы ні смяяліся, а усё ж павінны былі прызнаць, што капітан у матэматыцы — малаток. Калі ён у гісторыі і літаратуры так петрыць, тады многае можна яму дараваць, нават і тое, што — педант. Толькі якую б яму шпільку падсунуць, якую вайну, які бунт, каб ён макам сеў?
— Нічога, я яму загадаю загадку,— паабяцаў усім той жа Коля Кузняцоў, які сам сябе лічыць разумнейшым за нас.— Ён у мяне пагарыць, як швед пад Палтавай.
Што гэта будзе за такая загадка, Коля нам не прызнаўся, не палічыў патрэбным, і праз дзесяць мінут і нуль секунд мы сядзелі ўжо ў класе, стомленыя ад смеху. Перад намі падручнікі па гісторыі, але ніякая гісторыя не лезе ў галаву. Цікава, што там за такую загадку прыдумае наш маскоўскі мудрэц, ад якой капітану будзе так, як шведам пад Палтавай. Усе мы сядзім і паглядваем то на Колю Кузняцова, то на камандзіра-выхавацеля, які і не падазрае, што пад яго вядзецца падкоп. I вось яно пачынаецца. Коля зноў падымаецца з-за стала і зноў такім рахманым, нявінным голасам пытае:
— Таварыш капітан, скажыце, калі ласка, а як там, пад Палтавай, было з артылерыяй у Пятра Першага і ў шведскага караля?
Вось гэта ён яму ўрэзаў, не дату бітвы спытаў, нават не пра яе значэнне, а менавіта — як у іх было там з артылерыяй. Мы ж артылерысты і павінны гэта ведаць. Мне нават шкада стала каштана. Не трэба было ўжо так таму Колю. Амаль дзвесце пяцьдзесят гадоў мінула ад Палтаўскай бітвы, нават унукі пятроўскіх салдат паўміралі — хто можа сказаць, як яно там было, калі ў падручніках не напісана? Ой, сядзе наш Педант у лужыну. Вядома, ён можа і Кузняцова пасадзіць на месца, каб не быў такім разумнікам, але ж тады Коля будзе перад намі герой, а капітан — тупіца. Не зайздрошчу я яму.
Але каштан у лужыну не сеў, не пасадзіў ён на месца і Колю без адказу, а пасадзіў у лужыну ўсіх нас. Аказалася, што яго і ў ступе таўкачом не зловіш. Ён, здаецца, нават абрадаваўся такому пытанню. Можа, ён адчуў у ім артылерыйскі патрыятызм, адданасць свайму роду войска? I зноў заляскатаў мел па дошцы. На ей адзін за адным узнікаюць кружочкі з трыма рысачкамі ўсярэдзіне — гэта артылерыйскія агнявыя пазіцыі, рускія і шведскія. I ўсё так дакладна і падрабязна, быццам капітан сам расстаўляў і Пятру Першаму, і шведскаму каралю Карлу іх гарматы. I тут мы дазналіся, што з артылерыяй у нас было ўжо і тады добра: рускія пад Палтавай мелі сто дзве гарматы, а шведы — трыццаць дзевяць. Ні больш і ні менш.
А ўсё гэта таму, што пакуль іх Карла разгульваў з войскам па Еўропе, уяўляючы сябе непераможным палкаводцам, цар Пётр не спаў у шапку, не сядзеў склаўшы рукі на троне, як гэта робяць іншыя цары і каралі. Цар быў і майстрам, і артылерыйстам, ды яшчэ якім — не роўня нам, бамбардзірам!
Капітан расказвае нам усё гэта з такім захапленнем, так хваліць цара, быццам той яму блізкая радня, а мы аж раты паразяўлялі. Ён проста знішчае нас рознымі цікавымі падрабязнасцямі і лічбамі. Яму ўсё вядома: колькі было забітых, параненых і палонных, колькі спатрэбілася рускім вазоў для трафейнай зброі і амуніцыі, нават колькі часу на разгром варожай арміі — дзве гадзіны і трыццаць мінут. Тут капітан паглядзеў нават на свой гадзіннік, быццам правяраючы сябе, ці правільна ён сказаў, ці не памыліўся на некалькі секунд. I калі ён паклаў мел і пачаў выціраць губы, рукі і лоб, вымаючы з розных кішэняў розныя для гэтага хустачкі, мы ўжо не звярталі на такое дзівацтва ўвагі, як быццам так і трэба. Мы былі яшчэ там, пад Палтавай, у парахавым дыме пятроўскіх гармат. Каштан нас пакарыў, разграміў і ўзяў у палон, як Пётр Першы шведаў.
Цяпер для нас Педант — жалезны аўтарытэт, і многія непрыкметна пачалі пераймаць яго замашкі і манеры. Першы Санька разжыўся ў каптэнармуса абрэзкам шынялёвага сукна і пачаў насіць яго ў задняй кішэні штаноў замест аксаміткі. Цяпер і ён счышчае пылінкі са сваіх чаравікаў гэтым сукном і мне яго дае, калі папрашу. Толік Гецьман зноў жа ў каптэнармуса выпрасіў шматок белага паркалю, быццам на падкаўнерыкі, і цяпер мае дзве насоўкі. Тады да старшыны Хамутова паткнуліся былі і іншыя, але той раптам заўпарціўся, нікому больш нічога не даў, сказаўшы, што дзяржава нам — не дойная карова.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу