Пасля вайны Міцьку была прамая дарога ў сувораўскае вучылішча, але на яго пісьмо адазвалася з дому маці. Міцька і надзею згубіў, што калі-небудзь яе знойдзе,— адазвалася. Была яна пад той бамбёжкай, калі яны разлучыліся, цяжка паранена і лячылася па шпіталях. Затым вярнулася дамоў. Якое там сувораўскае вучылішча — хутчэй да маці! Ды і не хацеў ён у сувораўскае, у пяхоту, паваяваўшы ў артылерыі.
Пажыў Міцька дома з паўгода, пачаў хадзіць у школу, і зноў спасцігла яго гора — раптоўна памерла маці. Дагнала яе бамбёжка і дома, прыкончыла. Куды дзецца Міцьку? Да цёткі. Цётка добрая, але кавалкам хлеба не-не ды папракне. А затым і зусім у дзіцячы дом здала — сіроцкі прытулак. Вельмі не спадабалася там хлопцу, былому сыну палка. На словах шкадуюць, па галоўцы гладзяць, а сэрцы халодныя, рукі чужыя. Уцёк. Злавілі — зноў уцёк, хацеў знайсці свой былы полк — няхай адпраўляюць у сувораўскае, хоць і пяхота. Абы не дзетдом, хоць там і кормяць, і апранаюць. Але зноў трапіў у дзетдом, толькі ўжо ў іншы. Збег бы і з таго, калі б не выхавацель, былы афіцэр — калека без нагі. Быў той чалавек без нагі, але з душой. I Міцька пры ім супакоіўся. Словам, доўга слухаць, а ўсё не раскажаш. Скончыў Міцька сем класаў у апошнім дзетдоме, адтуль і трапіў да нас. Сцяпан Макаравіч, той самы калека-выхавацель, сам яго прывёз у наша вучылішча.
А яны кажуць — шкеты. У якога яшчэ камандзіра ўзвода ёсць такая правая рука, як у нашага капiтана?
Гэта што датычыць баявой славы. Але і талентамі наш узвод бог не пакрыўдзіў, не абдзяліў. Узяць хаця б таго ж Гецьмана з Рэпак. Вы не глядзіце, што ён хлопец ціхі, рахманы, слова лішняга не скажа, а паслухалі б вы, як ён спявае. Праўда, спявае ён не пры ўсіх. Гэта ён толькі адзін раз асмеліўся ў страі зацягнуць: «Распрагайце, хлопцы, коней...» Але, пасля таго як камбат прыгразіў разагнаць казацкую вольніцу, больш не асмельваецца. У страі песню заводзіць адзін з дзядзькоў, той, у якога голас, нібы ў палкавой трубы. А Гецьман так не крычыць. Ён спявае ціха, шчыра, ад сэрца. Гэта, праўда, яшчэ не ўсе ва ўзводзе ведаюць, але я аднойчы падчуў.
Неяк увечары, калі па распарадку дня ў нас вольная гадзіна, выйшаў я за казарму, дзе расла старая ніцая вярба. Там была лавачка, і мне хацелася пасядзець на ей у адзіноце: чамусьці тужліва было на сэрцы. I раптам у прыцемках бачу, што хтосьці там ужо сядзіць, і чую песню:
Дзіўлюся на неба і думку гадаю:
Чаму ж я — не сокал? Чаму не лятаю?
Чаму ж ты мне, божа, ды крылаў не даў?
Я б землю пакінуў і ў неба злятаў.
Гэта быў Толік-ціхоня, і спяваў ён такім шчырым, чыстым і прачулым голасам, так ён прасіў у бога крылаў, што і мне захацелася іх мець. Гецьману, мабыць, трэба крылы, каб злятаць у Рэпкі, а я на сваіх злятаў бы ў Падлюбічы, пакружыўся б над роднай хатай белым буслам і хоць адным вокам паглядзеў, як там жывуць мае. Хоць я тут сыты, апрануты і абуты, і ўсё ў мяне ёсць, каб вучыцца, і хоць я не бог ведае на якой чужыне — усяго пятнаццаць кіламетраў да двара, а як захочацца іншы раз дамоў, дык хоць ты плач. Вось і ідзеш пад ніцую вярбу на лавачку, марыш тут пра той час, калі ўжо нас пусцяць у звальненне. А пад вярбой сёння і Гецьман у бога крылы просіць. I як! Такога ў дзядзькоў спевака няма. А яны кажуць — шкеты.
Лёву Белкіна вы ўжо крыху ведаеце. У яго таксама музычная душа, і яшчэ больш тонкая, чым у Гецьмана. I яно было б дзіўна, калі б тэта было не так: у Лёвы бацька — трубач. А яблык ад яблыні, як вядома, далека не падае. Толькі любіць ён чамусьці пераважна не нашы, а італьянскія песні. Сядзяць гэта хлопцы вечарам у ленпакоі, хто кніжку чытае, хто дамоў піша, хто гуляе ў шашкі, а Лёва стане ля акна, глядзіць на вуліцу і спявае:
Выйду к морю, выйду к морю я под вечер,
Там одну красотку встречу
С золотистыми роскошными кудрями
И с улыбкой на устах.
Спявае ён, па-мойму, хораша, як гэта можна пачуць часта і па радыё, асабліва калі пачне залівацца тонкім голасам на прыпеве:
Тири-томба, тири-томба,
Тири-томба, песни пой!
Калі Лёва спявае, ён нічога не чуе і не бачыць вакол сябе: можна падумаць, што там, за акном казармы, ужо і сапраўды Італія з морам і з красунямі ў залацістых кучарах. Лёва слухае толькі свой голас і прыкметна ім любуецца.
Калі яму знадаядуць мора і красуні, ён пачынае «выйдзі-выйдзі». Гэта, па яго словах, і не песня, а нейкая тарантэла. Што гэта такое, самі спытайце ў Лёвы. Вось ён набірае паветра поўныя грудзі і цягне бясконца:
Выйди-выйди-выйди-выйди, выйди ко мне.
Буду-буду-буду-буду, буду ждать при луне.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу