А Саньку не пазнаць. Спачатку, праўда, і ён разгубіўся, то бляднеў, то чырванеў, затым узяў сябе ў рукі, апрытомнеў, стаіць, нібы штык, напускае на сябе суровасці. Як жа — шышка на роўным месцы. Баюся, што цяпер да яго на казе не пад'едзеш.
Загад скончыўся словамі «генерал-маёр Сцяпанаў». Падпалкоўнік іх прачытаў, асабліва выдзеліўшы голасам, нібы пячатку паставіў, каб да ўсіх дайшло, што гэта нам не жартачкі.
А ў вачах у Санькі суровасці ўсё больш і больш. Яе прыбаўляецца па меры таго, як падпалкоўнік, прачытаўшы загад, расказвае, што значыць малодшыя камандзіры і як мы іх павінны слухацца. А слухацца мы іх павінны больш за роднага бацьку, бо ў арміі загад начальніка — закон для падначаленага. А гэта значыць: як Санька што вякне, тое — для мяне і закон, і ўжо не смей агрызацца, не смей слова насуперак сказаць. Легка гэта мне будзе, калі мы іншы раз у спрэчках даходзім і да рук? Рэдка, праўда, але было. А там хто яго ведае: можа, ён да мяне ўжо так і не будзе чапляцца, па-зямляцку?
Тут камбат нібы ўгадаў мае думкі і давай вучыць новаспеча-нае начальства, якім яно павінна быць патрабавальным і строгім. Цяпер для іх, для камандзіраў, не павінна быць ні свата, ні брата, ні друга-таварыша — усе перад імі павінны быць роўныя. За панібрацтва іх таксама па галаве не пагладзяць. Гэтым яны будуць падрываць дысцыпліну — самае святое ў арміі. А каб яе не падрываць, для гэтага трэба захоўваць субардынацыю. Я дагэтуль і слова такога не чуў мудрагелістага. Аказваецца, на думку падпалкоўніка, у жыцці наогул, а ў арміі асабліва існуе такая службовая лесвіца, што хто на ей вышэй сядзіць, той мае болей права загадваць, а хто — ніжэй, той абавязаны болей слухаць. Не слухаецца нікога толькі на самым верее, а слухаецца ўсіх на свеце — на самым нізе. У нашым вучылішчы на самым версе генерал, а на самым нізе такія, як я. А Санька, выходзіць, ужо мне на галаву сеў. Вось гэтая ўяўная лесвіца і ёсць субардынацыя. Але бабульчынымі словамі можна было б сказаць прасцей: гусь свінні — не таварыш.
Словам, агарошыў нас падпалкоўнік гэтай субардынацыяй. Гэта ж калі на яе маліцца, дык я згублю вернага таварыша, з якім жыў душа ў душу ўсё жыццё. А Саньку мне наогул шкада, бо яму ж нельга мець ні свата ні брата, хоць жыві сіратой, як горкая рабіна ў чыстым полі.
Калі строй распусцілі, пачалося вялікае свяшчэннадзейства — прышыванне лычак. Прышыць лычку на пагон — гэта табе не латку на калена пасадзіць, не гузік да каўняра кашулі прышпандорыць. Там галоўнае, каб трывала было, каб і сабака зубамі не адарваў. Карацей — справа будняя, звычайная, прывычная. А лычка — вайсковы знак адрознення камандзіра ад радавога. Яе даюць не кожнаму і не кожны дзень. Скажыце, вы многа ў сваім жыцці знасілі лычак? Вось жа і яно! Гэта толькі так здаецца, што там і працы той два разы іголкай укалоць. Можа, яно і два, але як?! Санька, амаль што без пяці хвілін кравец, які на матчынай швейнай машыне мне нават кепку пераліцаваў, і той тры разы свае лычкі прышываў і зноў адпорваў. А пра тых, хто іголкі ў руках не трымаў, і гаварыць не варта.
А лычкі той — хвосцік жоўтай шаўкавістай стужкі. Але і з ёй Санька праваждаўся з паўгадзіны. Дык гэта ж яшчэ і я парады даваў, як лепш рабіць. Аднак нашы з ім погляды цяпер не сыходзяцца: мне здаецца, што трэба бліжэй да гузіка, а яму — што бліжэй да эмблемы — дзвюх перакрыжаваных гарматак; мне здаецца, што роўна, а яму — што крывавата.
— Адчапіся!— гаркнуў раптам Санька на мяне чужым голасам.— Без дарадчыкаў абыдземся.
Не, вы бачылі? На вачах мой сябра ператвараецца ў яфрэйтара. Хацеў я паслаць яго з лычкамі разам туды, дзе Макар цялят не пасвіў, ды спахапіўся, успомніў пра субардынацыю. Я надзьмуўся і думаю, як мне з ім далей жыць, а ён на мяне — нуль увагі, накінуў на сябе гімнасцёрку і круціць галавой, разглядваючы свае плечы са знакамі адрознення. Так можна вочы пакрывіць і пазванкі на шыі вывіхнуць. Такіх розглядаў яму здалося мала — пабег у калідор, дзе вісела вялікае люстра. А там іх з лычкамі цэлы рой, ледзь адзін аднаго не адпіхваюць, быццам жаніхі ў сваты збіраюцца. Нам, ра-давым, аж смешна на іх глядзець.
Пакруціўшыся перад шклом, Санька вярнуўся да свайго ложка, зноў распрануўся і ўжо ў каторы раз пачаў перашываць нанова, дабівацца, каб лычка была, нібы прыклеена. Вось нарабілі хлопцу клопатаў з гэтым званнем!
Затое калі батарэю зноў пастроілі, ён не туліўся ўжо на левым фланзе сярод самых недарослых, а насуперак ранжыру стаў на чале свайго аддзялення, хоць быў усяго па плячо правафланговаму. Вось якое цяпер ён мае права, яго і ранжыр не датычыць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу