Тут яфрэйтар Макавей, а для мяне — проста Санька з лычкай, падняўся і беспярэчна загадаў:
— Сырцоў, прызначаю вас пастаянным развадзяшчым!
Дзіка, нязвыкла мне чуць гэтае самае «вас» з Санькавых вуснаў, але што ты зробіш, трэба мірыцца — службовая лесвіца, каб ей ліха. I я, навучаны ўчора Юркам, не палез у пухір, нібы аса. Буду «развадзяшчым». Калі падумаць, апалонік у руцэ — таксама ўлада, хоць за тэта лычак і не даюць. Цяпер ад мяне залежыць, каму густое сярбаць, а каму — ваду. Безумоуна, я буду справядлівым, але хто мяне пакрыўдзіць, няхай не скардзіцца. А можа, і не ўсе гушчу любяць, тады мне прамая выгада, бо я яе люблю. Нездарма мая бабуля часта гаворыць, што гушча дзяцей з хаты не разганяе.
А для пачатку, калі на абед дадуць суп, пялёсну я Саньку адной юшачкі, каб сваіх не забываў.
Мінула некалькі дзён. Усе мы ўжо збольшага пазнаёміліся і пакрыху прывыкаем да свайго новага жыцця. Калі паслухаць, як мы паміж сабой размаўляем, дык і не падумаеш, што салагі. Гаворку ад старшых курсаў мы легка перанялі. Тут, аказваецца, замест слова «спаць» модна гаварыць «кімарыць», а замест «есці» — «рубаць». Новыя хромавыя чаравікі чамусьці называюцца «шкарамі», а зношаныя, рамантаваныя — «глебадавамі», або карацей — «гэ-дэ». Хітрун, гультай, абібок — гэта «сачок». Але гэта не абавязкова абраза, бо сачок сачку — розніца. Калі ты «сачкануў» ад заняткаў ці ўцёк ад начальства, за гэта таварышы не асудзяць, а хутчэй наадварот — скажуць у захапленні: «Ну і сачок!» Гэта амаль што ухвала, маўляў, які ён смелы і знаходлівы! А вось калі ўсе свае працуюць, мыюць, напрыклад, па загаду старшыны ў казарме падлогу ці падмятаюць дарожкі на двары, а хто-небудзь пры гэтым прыкідваецца, што ў яго баліць галава або жывот, ці наогул стараецца уцячы, выдумаўшы нейкую прычыну,— вось гэта ўжо натуральны сачок. Такіх ніхто не церпіць, такому і надаваць па шыі маглі б, ды камандзіры забараняюць самасуд; пра такіх начальства патрабуе дакладваць. Але хто ж даложыць, калі гэта лічыцца апошняй нізасцю, хто захоча, каб яму прыклеілі мянушку «фіскал»?
Ёсць у нас і сакрэтны ад начальства вокліч «атас!», як і ў маракоў «палундра!». Скажам, прылёг ты на ложак у ненаkежны час і кімарыш, а тут — старшына. Таварышы абавязкова цябе папярэдзяць аб небяспецы: «Атас!» Коратка і зразумела — ратуйся, хто можа.
Звычайны шпак, мабыць, не ўсё і зразумеў бы, калі б пачуў, напрыклад, такую нашу размову:
— Табе не ціснуць гэ-дэ?
— Не, шкары ў самы акурат.
— То пойдзем іх пачысцім, а то скора рубаць.
— Ды каб хутчэй, а то хочацца кімарыць.
— А я днём не люблю, думаю сачкануць.
— Атас, Маятнік!
I размова сціхае. Падпалкоўнік страшэнна не любіць такой, як ён кажа, тарабаншчыны, за яе ён здымае з нас стружку, так што — «атас!». А наш «кэп» Захараў, пачуўшы такое, гідліва моршчыцца і замест маралі коратка гаворыць:
— Племя... мумбу-юмбу.
Але яны для нас пакуль што не аўтарытэт, да іх проста не даходзіць гэты шык і бляск. Уяуляю сабе, калі б мы з Санькам прыйшлі ў свае Падлюбічы і загаварылі гэткім чынам дома ці на танцах, вось бы там раты адкрылі. Адкуль ім пачуць такое. Сяло!
Санька. Гэта мая пакута, мой боль. Я ўжо тут да многага амаль прывык: да парадку, да раскладу, да пад'ёмаў і адбояў з іх мітуснёй і беганінай, ужо не ем, а рубаю, не сплю, а кімару. Не магу прывыкнуць толькі да аднаго, не магу змірыцца, што Санька цяпер мой непасрэдны начальнік. Мне усе здаецца, што цяпер ён не такі, як быў. Горды нейкі, ці што?
Ды і яму, відаць, са мной не мёд. Як камандзір ён павінен трымаць мяне ў строгасці, не дапускаць панібрацтва, але яно, гэта самае панібрацтва, іншы раз з яго само па сабе лезе. Як забудзе пра лычкі — свойскі хлопец. Адразу ў яго і размовы людскія:
— Гэта ж добра, Іван, што мы з табой матэматыку любім, а то не паступілі б.
А то ўздыхне і так скажа:
— А ў Міронавым садзе даўно, мабыць, грушы паспелі. Твой Глыжка цяпер аб'ядаецца.
У такія хвіліны мы сядзем побач, успомнім што-небудзь свае, што засталося па-за сценамі вучылішча, а то і заглянем у яшчэ няясную, але ружовую будучыню — крыху памарым. Ды яно і зразумела,— што ж яму цяпер сябраваць толькі з яфрэйтарамі?
I раптам яго нібы муха якая ўкусіць, зноў пачынае паказваць свой нораў. У канцы першага тыдня свайго ўладарання ён мне нават вымову ўляпіў. Я ўжо каторы вечар умудраўся класціся спаць у штанах, каб раніцай не кідацца нібы ўгарэламу на «фізуху», дык ён падгледзеў і засіпеў, як змей:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу