Пасля фіззарадкі па дарозе ў казарму мы зноў сумелі з Санькам перакінуцца слоўцам-другім. Гэта ўжо наконт Юркі. Калі яго не часова, а назаўжды паставілі намі камандаваць, то будзе нам з Санькам не служба, а маліна. Усё ж як ні кажы, а свой чалавек: на адной вуліцы выраслі, на адны пагулянкі хадзілі. Няважна, што мы танцавалі толькі «Сербіянку», а ён і ў вальсе круціўся ў які хочаш бок. I тут ужо як ні круці, а будзе нам палёгка.
I нашы светлыя надзеі збыліся ў той жа дзень. Намнога загадзя да абеду батарэю ўжо каторы раз пастроілі зноў. Прайшла чутка, што нас падзеляць на ўзводы і тады, апрача падпалкоўніка, над намі будзе яшчэ процьма новага начальства. Мы с Санькам сталі побач, каб трапіць у адзін узвод. Думалася, што нас так і дзяліць будуць, як стаім — адсюль і дасюль.
Падпалкоўнік Асташэўскі з'явіўся ў казарму на дзяльбу не адзін, а ў акружэнні цэлай світы афіцэрства. 3 ім былі два маёры і два капітаны. Пасля каманды «вольна» падпалкоўнік абвясціў, што гэта будуць нашы камандзіры ўзводаў, і папрасіў іх любіць і шанаваць. Яны нас будуць непасрэдна выхоўваць, яны нас выведуць у людзі. Затым нас перастроілі па ранжыру. Цывільны чалавек, зразумела, не ведае, што гэта за штука, дык я скажу. Ранжыр — гэта калі на чале строю стаяць дылды вышынёй з каланчу, а ў хвасце — заморкі кату пад пяту; а потым, калі ад макушкі каланчы працягнуць уяўны шнур да макушкі апошняга недаростка, дык усе галовы ў страі павінны быць, нібы пад лінейку. Вось тады строй будзе строем, а не як плот з няроўнымі аполкамі. Доўга нас перастройвалі, каб дабіцца ранжыру, бо шнура ж на самой справе не было, а ўсё на вока. Нас з Санькам перастаўлялі разоў пяць: то паміж намі трапяцца высокія, то нізкія. У выніку мы апынуліся адзін ад аднаго чорт ведае дзе. Відаць, ляснулі нашы надзеі быць у адным узводзе.
Нарэшце начальства ў ахвоту наранжырылася. Падпалкоўнік не адзін раз крытычна агледзеў строй з абодвух канцоў, ці па-нашаму, па-вайсковаму — флангаў — і не знайшоў, да чаго прычапіцца. Калі чыя галава крыху і псавала прамую лінію, дык уразаць жа не будзеш. Вось толькі цяпер маёры і капітаны адлічылі кожны сабе па парадку, не выбіраючы, па дваццаць пяць чалавек і пачалі іх запісваць у свае блакноты.
Мы з Санькам трапілі ўсё ж да аднаго камандзіра: розніца ў вышыні ў нас аказалася не такой і вялікай — я вышэйшы за сябра ўсяго на галаву. Вось толькі з камандзірам узвода нам крыху не пашанцавала. У іншых узводах камандзіры — глядзець люба, усе з сябе афіцэры — нічога не скажаш, асабліва ў першым узводзе, дзе сабраліся хлопцы гвардзейскага росту. У іх і маёр высокі, статны, чорныя валасы — хваляй, і голас грамавіты. А наш капітан Захараў, як ён нам толькі што назваўся, і лысаваты, і рабаваты, і ў акулярах, губы тоўстыя, нібы каржы. Але клопат такі — нам з ім не цалавацца, абы не вельмі строгі быў. Выклікаючы па прозвішчу, ён да кожнага з нас пільна прыглядаўся праз шкельцы акуляраў і то ўздыхне, то моршчыцца. Нечым мы яму не падабаемся, і хутчэй за ўсё — сваім ростам. Дасталася капітану адна драбяза згодна таму самаму ранжыру. Мабыць, глядзіць і думае: ну, шкеты!
Калі афіцэры справіліся з перапіскай і пераклічкай, я думаў, што ўжо больш цікавага і нечаканага нічога не будзе. Камбат ёсць, камандзіры ўзводаў ёсць — начальства па вушы, толькі слухайся. Але тут яно толькі і пачало проста на вачах множыцца. Афіцэры сталі ў строй кожны на чале свайго ўзвода, а падпалкоўнік як грымне каманду «смірна», аж шыбы ў казарме зазвінелі.
— Слухай загад!
Загад быў начальніка вучылішча. Мабыць, таму падпалкоўнік чытаў яго так гучна, падкрэсліваючы кожнае слова, каб не праляцела міма нашых вушэй, сам стаяў, нібы статуя, не ківаўся і не хістаўся. Загад жа генеральскі, і разам з загадам тут як бы прысутнічаў і сам генерал. У мяне, прынамсі было такое адчуванне. Вось і дажыўся я нарэшце да таго, што стаю ў сапраўдным страі, а не з падлюбскімі хлапчукамі на поплаве, які зарос дзядоўнікам і крапівой; і чытаюць мне загад сапраўднага генерала, а не выдуманага намі, самазванага Чапаева ў асобе Санькі. Тут забудзеш, што трэба і дыхаць.
А з загаду так і сыплюцца пасады і званні: выхаванца выпуск-нога курса Калдобу назначыць старшыной батарэі і прысвоіць яму званне — старшына; выхаванца Пятачэнку назначыць памочнікам камандзіра ўзвода і прысвоіць яму званне — сяржант. Новаспечанае начальства выходзіць са строю, каб усе яго бачылі, і стаіць, нібы аршын праглынуўшы. Аж не верыцца, што мінуту назад гэта былі звычайныя смяротныя, як і ўсе мы, а цяпер яны маюць над намі ўладу, дадзеную ім самім генералам. Ды колькі іх! Я падлічыў, што дванаццаць. Але самае дзіўнае не ў гэтым. Самае нечаканае і дзіўнае ў тым, што перад строем стаіць і Санька Макавей — камандзір аддзялення, а па званню — яфрэйтар. Для мяне гэта — нібы гром з яснага неба. Калі і як ён паспеў выслужыцца? Розніца ж паміж маёй і яго выслугай усяго тры дні — на столькі пазней мяне прынялі ў вучылішча з-за той праклятай двойкі, і ён ужо — на табе — яфрэйтар. Я чалавек не зайздрослівы, не кар'ерыст, а тут крыўдна.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу