— Яго няма ў мяне. Я не ўзяў яго. Ён у Арцёма.
— Ты ненармальны! — Савіч схапіўся за галаву. — Ды яму цаны няма. Чалавецтва адразу ўступіць у новую эру! Зараз жа едзем... — І доктар раптам асекся. — Не-е, што гэта я? Ты паедзеш адзін. Возьмеш маю машыну, каб туды і адразу назад. А я... Я не магу пакінуць Мыквіка аднаго. Ён можа наш такі раптоўны ад'езд вытлумачыць па-свойму.
— Ага-а, раззлуецца... І ў яго зноў з'явіцца тое жахлівае аблічча!
— Не да месца жартуеш, Сымон, — у голасе доктара ўжо не было ранейшай узбуджанасці. — Збірайся. Праз некалькі хвілін я падганю да ганка машыну, — і доктар Савіч пакінуў мяне аднаго ў гасцёўні.
«І чаго ён так расхваляваўся? — думаў я. — Што можа здарыцца з дыскам? Арцём пасля ўсяго, што з ім адбылося, можа, яшчэ дасюль прыходзіць у сябе альбо адсыпаецца, як гэта бывае пасля моцнага стрэсу». Я надзіва быў спакойны ў тую хвіліну, але, як паказалі далейшыя падзеі, мне трэба было трывожыцца.
Ужо хвілін дваццаць я стаяў ля дзвярэй Арцёмавай кватэры і раз-пораз націскаў на кнопку званка. Міжволі пачаў нервавацца: быў бы Арцём дома, ужо даўно адчыніў бы. Можа, з Алікам паехалі на касмадром за Раўбічы?! Яны любілі распытваць астранаўтаў, якія вярталіся з далёкіх падарожжаў, і тыя ахвотна расказвалі ім пра свае палёты. «Не, на касмадром наўрад ці яны паехалі, — думаў я, — у маршрутным раскладзе на сёння няма прызямлення. А раптам? Раптам падлеткі ўзялі дыск і пайшлі да каго-небудзь з сяброў, каб прадэманстраваць, якім дзівам яны валодаюць?» Ад гэтай думкі стала горача. Я яшчэ раз націснуў на кнопку званка, і тут дзверы адчыніліся. Я пабачыў перад сабою Натку. Яна відавочна стушавалася, адвяла позірк, быццам знячэўку яе заспелі за чымсьці непрыглядным.
— А-а? Гэта вы? Арцём і казаў, што можаце заехаць.
— А дзе ён сам?
Замест адказу дзяўчынка запрасіла мяне прайсці ў кватэру, дзе ў Арцёмавым пакоі я пабачыў Аліка. Ён стаяў ля акварыума і карміў залатых рыбак. На маё прывітанне адказаў, не паднімаючы вачэй, і выгляд у яго быў збянтэжаны.
— Ну, дык дзе ж Арцём? — я павярнуўся да Наты, якая паспела ўжо сесці на канапу і штосьці засяроджана адкалупвала пальцам з маленькай скураной падушачкі, што ляжала на канапе.
— Вы, напэўна, прыйшлі, каб забраць дыск, — нарэшце сказала дзяўчынка, але позірку не падняла. — Давядзецца пачакаць. Вы сядайце, — і, зірнуўшы на Аліка, дадала: — Арцём сёння раніцай купіў насенне лёну. Здаецца, ажно цэлы кілаграм.
І я пра ўсё здагадаўся: Арцём — зноў у той пячоры, у мінулым. Ён вырашыў скарыстаць дыск, цяпер ужо наўмысна, каб перадаць насенне лёну Лянку. Які адчайны ўчынак! А раптам штосьці не спрацуе? Гэты дыск — вынаходніцтва чужога незямнога розуму і толькі той, чужы незямны розум, усё ведае пра яго. Тут не проста рызыка, гэта — небяспека!
— Ды вы не хвалюйцеся, — Ната быццам прачытала мае думкі. — Усё было, як і ў мінулы раз: тая ж пячора, тыя ж самыя людзі ў шкурах. У нас дамоўленасць з Арцёмам. Ён ужо з паўгадзіны там. Праз гадзіну нам трэба ўстаўляць дыск у CD‑ROM.
— А?.. А?.. А?.. — у маёй галаве круцілася шмат пытанняў. — А вы не падумалі пра тое, што абласакар, ну... тэлепартацыя можа быць абмежаванай. Скажам, туды і назад, а потым — толькі туды!
Алік перастаў карміць рыбак. Я бачыў, што ён захваляваўся, але голасам гэтага не паказаў:
— Мы пра гэта не падумалі, і вы не думайце. Арцёму і SMSку не трэба пасылаць. Ён узяў з сабою крэйду, каб дакладна пазначыць тое месца, куды апусціцца.
— А яшчэ ліхтарык [15] Некалькі гадоў таму назад археолагі пры раскопках адной са стаянак першабытных людзей сярод рэчаў хатняга ўжытку знайшлі выключна незразумелую рэч, якая чымсьці нагадвала сучасны ліхтарык. Тая рэч засталася загадкай. А раптам гэта і на самай справе быў ліхтарык, які Арцём падарыў Лянку?!
узяў, — бадзёра дадала да Алікавых слоў Натка, але на яе твары чыталася трывога. — Ліхтарык ён хоча падарыць Лянку. А калі раптам там здарыцца штосьці небяспечнае, ён яшчэ і газавы балончык з сабою прыхапіў. Будзе бараніцца.
«Ага-а, у стагоддзе, дзе яшчэ не скінулі шкуры, з газавым балончыкам, — думаў я. — Што заўгодна там можа адбыцца!» І я сеў побач з Наткай. Алік таксама падышоў да нас, апусціўся ў крэсла, што стаяла побач з канапай, і сказаў:
— Гэта была Арцёмава ідэя: з будучыні перадаць насенне ў мінулае. І ён гэта зробіць, калі цяпер лён называецца імем таго, каму Арцём хоча перадаць насенне. Таго ж хлопца ў шкуры з доўгімі валасамі звалі Лянок.
Читать дальше