Джонатан Свіфт
Падарожжы Гулівера
Трохмачтавы брыг «Антылопа» адплываў у Паўднёвы акіян.
На карме брыга стаяў карабельны доктар Гулівер і глядзеў у падзорную трубу на прыстань. Там засталіся яго жонка і двое дзяцей: сын Джоні і дачка Бэці.
Не першы раз адплываў Гулівер у мора. Ён любіў падарожжы. Яшчэ ў школе ён траціў амаль усе грошы, што прысылаў яму бацька, на марскія карты і кнігі аб чужых краінах. Ён старанна вывучаў геаграфію і матэматыку, бо гэтыя навукі болей за ўсё патрэбны былі мараку.
Бацька аддаў Гулівера вучыцца да славутага ў той час лонданскага доктара. Гулівер правучыўся ў яго некалькі гадоў, але ўвесь час не пакідаў думаць пра мора.
Доктарская навука прыгадзілася: скончыўшы вучобу, ён паступіў карабельным доктарам на судна «Ластаўка» і плаваў на ім тры з паловай гады. А пасля, пражыўшы два гады ў Лондане, зрабіў некалькі падарожжаў ва Ўсходнюю і Заходнюю Індыю.
У час плавання Гулівер ніколі не сумаваў: чытаў кнігі, якія браў з дому, а сышоўшы на бераг, прыглядаўся, як жывуць іншыя народы, вывучаў іх мову і звычаі і падрабязна запісваў свае дарожныя ўражанні.
І гэтым разам, выпраўляючыся ў мора, Гулівер узяў з сабой тоўстую запісную кніжку.
На першай старонцы гэтай кніжкі было напісана:
«4 траўня 1699 года мы зняліся з якара ў Брыстолі».
Шмат тыдняў і месяцаў плыла «Антылопа» па Паўднёвым моры.
Дзьмулі добрыя вятры.
Падарожжа праходзіла ўдала.
Але аднойчы, калі пераходзілі ва Ўсходнюю Індыю, карабель трапіў у страшэнную буру. Вецер і хвалі пагналі яго немаведама куды.
Дванаццаць матросаў памерла ад ператамлення і голаду. Астатнія ледзь перастаўлялі ногі. Карабель шпурляла з боку ў бок, як арэхавую шкарлупіну.
Адной цёмнай бурнай ноччу вецер панёс «Антылопу» на вострую скалу. Матросы заўважылі гэта вельмі позна. Карабель наляцеў на яе і разбіўся ўшчэнт.
Толькі Гуліверу і пяці матросам пашчаслівіла выратавацца ў шлюпцы.
Доўга насіліся яны па моры, зусім выбіліся з сілы. А хвалі ўздымаліся ўсё большыя і большыя, і адна з іх падкінула і перакуліла шлюпку.
Гулівер апынуўся ў вадзе з галавой.
Калі ён вынырнуў, навокал нікога не было. Усе яго спадарожнікі загінулі.
Гулівер паплыў куды вочы глядзяць — туды, куды гнаў вецер і прыліў. Раз-пораз спрабаваў ён намацаць дно, але дна ўсё не было. А плысці далей ён ужо не мог: мокрае адзенне і цяжкія, разбухлыя чаравікі цягнулі ўніз. Ён захлёбваўся і задыхаўся.
І раптам яго ногі дакрануліся да зямлі.
Гэта была водмель. Гулівер асцярожна ступіў па пясчаным дне крок-другі — і паволі пайшоў наперад.
Ісці станавілася ўсё лягчэй і лягчэй. Спачатку вада даставала яму да плячэй, потым да пояса, потым толькі да каленяў. Ён ужо думаў, што бераг зусім блізка, але дно ў гэтым месцы было вельмі пакатае, і Гуліверу яшчэ доўга давялося брысці па калена ў вадзе.
Нарэшце вада і пясок засталіся ззаду.
Гулівер выйшаў на лужок, парослы мяккай і вельмі маленькай травой, прылёг на зямлю, падклаў пад шчаку далонь і моцна заснуў.
Калі Гулівер прачнуўся, было ўжо зусім відна. Ён ляжаў на спіне, і сонца свяціла яму проста ў твар.
Ён хацеў працерці вочы, але не змог узняць руку; хацеў сесці, але не змог паварушыцца.
Тонкія вяровачкі аблытвалі ўсяго яго ад галавы да каленяў; рукі і ногі былі моцна спавіты вяровачнай сеткай; вяровачкі абкручвалі кожны палец. Нават доўгія густыя валасы Гулівера былі туга накручаны на маленькія колікі, убітыя ў зямлю, і пераплецены вяровачкамі.
Гулівер быў падобны на вялікую рыбіну, якая трапіла ў сетку.
«Напэўна, я яшчэ сплю», — падумаў ён.
Але тут нешта жывое хуценька ўзлезла яму на нагу, прапаўзло па грудзях і спынілася ля падбародка.
Гулівер паспрабаваў зірнуць туды.
Што за дзіва! Амаль ля самага носа ў яго стаіць чалавечак — малюсенькі, алё самы сапраўдны чалавечак! У руках у яго — лук і страла, за спіною — калчан. А сам — вяршкі са тры росту.
Услед за гэтым на Гулівера ўзлезлі яшчэ дзесяткі чатыры такіх жа маленькіх стралкоў. Ад здзіўлення Гулівер крыкнуў. Чалавечкі замітусіліся і кінуліся хто куды. Яны беглі, спатыкаліся, падалі, падхопліваліся і адзін за другім саскоквалі на зямлю.
Некалькі хвілін да Гулівера ніхто не падыходзіў. Толькі ля вуха ў яго ўвесь час чуўся нейкі шум, быццам там сакаталі конікі.
Але неўзабаве чалавечкі зноў расхрабрыліся і зноў пачалі караскацца ўгору па яго нагах, руках і плячах, а самы смелы з іх падкраўся нават да Гуліверавага твару, пакратаў кап'ём яго падбародак і тоненькім чыстым галаском пракрычаў:
Читать дальше