— Стукнуўся каленам аб падлогу, — сказаў ён. — Шланг выкінуў мяне на шафу і я адразу ж зваліўся з яе.
Я бачыў, што Арцём расцірае калена, і кінуўся да яго, аднак паспеў заўважыць, што на дысплеі яшчэ свеціцца зялёная іскрынка — ледзь заўважны след ад шланга.
— Мы не сталі вас чакаць, — пачаў тлумачыць Алік. — Ужо трэба было выцягваць Арцёма, і я ўставіў дыск у CD-ROM. І ўсё паўтарылася, як і ў мінулы раз...
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але ў гэты момант пачуўся даволі гучны трэск, быццам штосьці надламалася ў камп'ютэры, і ў тое ж імгненне на дысплеі з'явілася постаць зялёнага Дрэйка. Мне здалося, што яго позірк працяў мяне, а вочы, што нагадвалі дзве масліны, свяціліся такой глыбінёй, быццам яны ўвабралі ў сябе ўсю неабсяжнасць Сусвету. І зараз жа пачуўся яго голас. Дрэйк прамовіў выключна пяць слоў на сваёй пурнаскай мове і знік з экрана. Камп'ютэр сам па сабе адключыўся.
— Вы бачылі! Бачылі? — закрычала Натка. — Гэта быў зялёны Дрэйк?! Ага‑а?! Дрэйк?
— Штосьці, напэўна, здарылася з дыскам! — затрывожыўся Алік.
Я падбег да камп'ютэра, выцягнуў дыск з CD-ROMa, пакруціў яго ў руках, потым зноў уставіў і ўключыў камп'ютэр...
— Што вы робіце?! — Арцём ужо стаяў каля мяне. — Зараз замільгаюць кадры і з дысплея вытыркнецца зялёны шланг!
Але кадры не замільгалі і ніякага зялёнага шланга не з'явілася. Затое зноў у камп'ютэры штосьці суха трэснула, пасля чаго на экране вымалевалася постаць зялёнага Дрэйка. Ён прамовіў усё тыя ж пяць слоў на сваёй, невядомай нам мове...
Я стаяў бы аглушаны. Што ўсё гэта можа значыць? І адказ быў толькі адзін: перамясціцца ў іншую прастору з вяртаннем назад можна было толькі два разы. Відаць, пра гэта і паведамляў зялёны Дрэйк, але каму?! Падлеткі стаялі як зачараваныя, пазіралі на камп'ютэр, быццам чакалі яшчэ нечага, а я выказаў уголас свае думкі:
— Вось яна і разгадка, чаму Дрэйк і яго сыны не скарысталі магчымасць перамясціцца ў іншае месца. У Дрэйка было два сына, але ў сыноў былі жонкі і дзеці. А абласакар, як гэта ўсё назваў зялёны Дрэйк, быў разлічаны толькі на дваіх.
— І атрымалася, што пашчасціла Арцёму, — быццам падвяла рысу пад усім, што здарылася, Натка. — Ён не толькі перамясціўся ў мінулае, да нашых прашчураў, але яшчэ і перадаў туды насенне лёну.
Арцём зірнуў на мяне, і ў яго позірку была нейкая вінаватасць, маўляў, прымусіў вас хвалявацца! І тут жа ён сказаў, быццам апраўдваўся:
— Калі б я гэтага не зрабіў, магчыма, цяпер у нас на Беларусі і не рос бы лён.
І з ім нельга было не пагадзіцца.
Доктар Савіч яшчэ доўга запэўніваў мяне, што ў яго было надта вялікае жаданне перанесціся ў мінулае, але што зробіш... І ўсё ж, калі я прыязджаю да яго на сядзібу, я заўжды бяру з сабою дыск, каб разам з доктарам па мажлівасці сесці да камп'ютэра... І як толькі на дысплеі з'яўляецца постаць зялёнага Дрэйка, мне пачынае ўяўляцца блакітнае мора квітнеючага лёну. І як шкада, што дзесьці там, на Шэрай Непрыветлівасці, сам Дрэйк, безумоўна ж, нават не здагадваецца, што міжволі з яго дапамогай мы можам бачыць гэты цуд — лён цвіце! І нават вырабляць з яго тканіну.
Прыгоды бульбінкі Адрэты.
Палёт на Цэнтаўру
Адна з сямі планет зоркавай сістэмы Цэнтаўра была названа намі Цэнтаўрай...
З нататніка астранаўта.
Ужо тры тыдні мы ляцелі да Пояса жыцця. Гэтак яшчэ ў старажытнасці зямляне назвалі арбіту ў зоркавай сістэме Цэнтаўра, на якой знаходзіліся тыя сем планет, дзе, безумоўна, было жыццё. Ва ўсякім выпадку, магло быць. Пра гэта сведчылі шматлікія доследы. Туды нават пасылаліся касмічныя экспедыцыі. Але вярталіся на Зямлю яны ні з чым. Планеты хаваліся ў аблоках невядомага паходжання, дзе было зразумела адно: яны своеасаблівы абарончы шчыт. Як толькі караблі падляталі да іх, усе сістэмы кіравання пераставалі працаваць, а астранаўты пачыналі страчваць прытомнасць. Жыццё на караблях паралізавалася. І нічога іншага не заставалася, як вяртацца назад на Зямлю.
Гэтую частку Сусвету нярэдка параўноўвалі з зямным Бермудскім трохкутнікам, але назву арбіты не мянялі. Разумелі, што зрабіць такі абарончы шчыт вакол сваіх планет маглі толькі надзвычай разумныя істоты. На Зямлі з цягам часу яго пачалі называць непраходным Морам Аблокаў. І вось сенсацыя! З беспілотнага лятальнага апарата, які быў пасланы да сістэмы Цэнтаўра, атрымалі здымкі, на якіх праглядвалася адна з тых сямі планет, і вакол яе не заўважалася ніякіх аблокаў. Шлях да планеты быў адкрыты. Тады мы, беларусы, і рызыкнулі адправіцца да яе — у адно са сваіх самых працяглых падарожжаў...
Читать дальше