Зрабіўшы гімнастыку, Мільчанка схаваўся ў будачцы, сабака стаў каля дзвярэй, а потым лёг проста на снег.
Чакаць яму давялося нядоўга,— паднавагодні мароз перабіраўся за дваццатую рыску ніжэй нуля. Мільчанка прачыніў дзверцы ў будачцы, сабака загарадзіў дарогу і паказаў іклы. Давялося ляпнуць і зачыняцца. Чалавек з-за дзвярэй начаў лаяць сабаку, тупаў нагамі і высоўваў руку з папружкай. Гэта было не ў страх,— Дзік гыркаў і не рушыўся з месца. Хочаш не хочаш, чакай выручкі.
Лявон пабачыў, справа паварочваецца не ў лепшым кірунку. Зняць варту каля дзвярэй будачкі самому не ўдалося, Дзік не паслухаў. Хлопец пастукаў нам:
— Дзік хутка чалавека замарозіць.
Гэта было недалёка ад праўды: Мільчанка выскачыў рабіць зарадку ў маечцы і пінжаку наапашкі. За гэты час, відаць, добра-такі змёрз, бо крычаў на ўвесь двор.
Перапрасіўшы ўгневанага суседа, я ўзяўся прабіраць сабаку:
— Што ж ты нарабіў? Хто вінаваты, а каго лаюць. Думаеш, мне прыемна слухаць?
Дзік ляжаў на падлозе, але не ўздыхаў і не плюшчыў вачэй, як рабіў пад час ушчування за напалоханых курэй ці здратаваную граду ў агародзе. Не выключана, што ён лавіў у голасе ўшчувальніка ўсмешку з усяе гэтай прыгоды. Тон вымовы давялося замяніць на больш крыўдны:
— I навошта нам такі сабака, што людзей трымае на марозе? Не трэба нам такога сабакі. Аддамо яго цыгану.
Учуўшы апошняе слова, сабака ўстаў і паклаў галаву Гаспадыні на калені: «Скажы хоць ты яму,— Дзік выглядаў вельмі няшчасным і нібыта прасіў: — Ну, чаму ён гаворыць абы-што? »
Я зразумеў гэту бязгучную просьбу і тым не менш працягваў. Не для сабакі, а больш для прысутных дзяцей — Іны і Лявона:
— Забяру ў цыгана жарабя. Хай тут пасвіцца, будзе ржаць хорашанька. I не будзе гаўкаць без толку.
Тут усе заўсміхаліся, толькі Дзік не падбадзёрыўся. У мой бок не глядзеў. Ад Гаспадыні не адыходзіў, нібыта ўсё звяртаўся з той самай нямою просьбай: «Няўжо вы ўсе нічога не разумееце? Я ні ў чым не вінаваты, за што на мяне сварацца? На добры лад, таму нахабніку трэба было і калошы пашматаць».
Потым мы здаўмеліся, чаму сабака засмуціўся: у сваім ушчуванні я ўжыў адно слова. Вельмі непрыемнае яму.
Гэта была чыстая праўда: аднойчы над сабакам навісла пагроза быць аддадзеным за жарабя.
Нагуляўшыся за горадам, мы прыселі на беразе рэчкі. Дзік прарабляў улюбёныя нумары: даставаў з вады пакалкі, ускокваў на штабель прасмоленых шпалаў, па просьбе прыносіў бліжэй адстаўленыя знарок чаравікі.
За гэтым з цікавасцю наглядаў асмуглы чалавек з чорнаю кучараваю галавою. Ён пасвіў на лугавіне буланую кабылу, поруч выбрыкваў, задзіраючы ножкі, стрыгунок. Жарабятка было спаснае, чырвонай масці, хвост і грыўка — чорныя, а на лабэціне свяціла белая плямка, зорачка. Надакучыўшы бягою, ён спыніўся і выставіў да нас мызачку, варушачы замыленымі губамі, як робяць жарабяты, просячы дазволу на знаёмства ў старэйшых коней.
Я папрасіў у гаспадара дазволу пагладзіць малое.
— Гладзь колькі ўлезе. А хочаш, можна і назусім аддаць.
— Як гэта? — я не мог схаваць здзіўлення.
— А так: я табе гэтага каня, а ты мне — сабаку.
— Жарабя-то добрае, дзякуй. Але ў нас з ім,— я паказаў на сабаку,— старая дружба.
— Я прыдачы дам,— падахвоціўся цыган.— Кажы, колькі?
Паўтарыць адмову давялося больш катэгарычна. Мы памкнуліся пайсці, але кучаравы не адступаўся:
— Бяры наверх сто! Мала? Дзвесце... Дзік нібыта адчуваў, што гаворка тычыцца яго, туліўся да нагі і неадрыўна глядзеў на настырнага мяняльшчыка. А той уваходзіў у азарт, набаўляў цану.
Я адыходзіў, падражніваючыся з сабакам:
— Вось бачыш! Цяпер пільнуйся: як што якое, аддам цябе цыгану і без жарабяці... Чуеш?
Услед за намі даляцела пагроза:
— Так што, лічы, сабакі ў цябе ўжо няма. Мой будзе, і не агледзішся.
Гэтая грозьба не сказаць каб палохала, спрабуй залыгай гэткага здараўца. Аднак нельга было і пакідаць сказанае зусім без увагі.
Каля ракі, на нашым беразе зачапілася на стойбіска некалькі фурманак, а неўзаметку атаўбаваўся цэлы цыганскі табар. Неймаверна хутка пякліся хацінкі. Хутчэй буданчыкі. Злепленыя амаль з нічога: кардон, бакавіны скрынак, кавалкі ржавай бляхі,— вось і сцены. А заместа дзвярэй — посцілкі, за вокнамі таксама затрымкі не было — аскабалкі патрушчанага шкла знойдзеш не шукаючы.
Пасярод паселішча хрумсталі кошанку даволі гладкія коні, сноўдаліся сабакі з паўсыхаўшымі жыватамі, даспеўвалі сваё кароткае жыццё певуны.
Читать дальше