Успомнiў позiрк Iветы, калi сам сказаў: "Прастытуткi ўсюды ёсць..."
Дэдэ агарнула страшэнная туга, такая туга, што пакiдае след на ўсё жыццё. Абы толькi Iвета стрымала сваё слова i напiсала яму. А раптам яе зноў забяруць? Немцы - як сабакi. А сабакi любяць вяртацца на тое месца, дзе хоць раз падымалi ножку. Так i гэтыя: калi пабывалi ў доме, то быць не можа, каб зноў не заявiлiся. Дэдэ закашляўся - як быццам у яго ёсць час хварэць!
* * *
"З бацькам я не пабачылася, - пiсала Iвета, - i перадач не прымаюць..."
"Бацьку перавезлi ў Парыж, у турму Фрэн, мне так i не ўдалося з iм пабачыцца", - пiсала Iвета.
"Нiякiх звестак ад бацькi няма", - пiсала яна.
* * *
Жалезныя шторы былi апушчаныя, i Дэдэ зноў мусiў iсцi ў кандытарскую да мадам Бенуа.
- Iвета ў шпiталi, - уздыхнула мадам Бенуа, - у яе перытанiт. Я ўпэўнена, што мацi не вытрывае i ўтопiцца, калi Iвета памрэ. А божа мой, якое няшчасце! Такая прыгожая дзяўчына, такая мiлая, добрая...
- Але ж яна жывая? Скажыце мне праўду!
- Ды што вы... у яе апендыцыт, ну... нейкi злаякасны апендыцыт... Мацi ўсiм кажа, што гэта апендыцыт...
- У якiм шпiталi яна ляжыць?
Не адразу загаварыла мадам Бенуа. Без нiякай на тое патрэбы яна перастаўляла з месца на месца пустыя вазы.
- Вядома, не мая гэта справа - даваць вам парады, але, месьё Дэдэ, лепш не хадзiць туды... Бедная мадам Валон, свету белага не бачыць ад гора...
- Паслухайце, мадам Бенуа, калi Iвета жывая i нават калi мёртвая, скажыце мне, дзе яна!
Мадам Бенуа разглядвала свае карункi на манжэтах, паправiла пярсцёнкi на худых маршчынiстых руках...
- Ну што ж, раз вы такi настойлiвы... Яна ў шпiталi доктара Машона.
Дэдэ куляй вылецеў з кандытарскай, прабег уздоўж крамы з апушчанымi шторамi... Немцы запрудзiлi ўсю вулiцу, кавярнi, крамы, тапталiся ля вiтрын, любуючыся дамскiмi кашулямi, станiкамi, настольнымi гадзiннiкамi, бiжутэрыяй... У касках i з аўтаматамi раз'язджалi на матацыклах, iмчалiся на шыкоўных машынах...
У гэтыя першыя вераснёўскiя днi было вельмi ветрана. У цэнтральным кiнатэатры iшоў фiльм "Вячэрнiя госцi"*. На крывых вузкiх завулках вакол сабора корпалiся мурзатыя басаногiя дзецi. Пасярод рыначнай плошчы, амаль бязлюднай у гэты час, каля самага фантана курчыўся ад болю хлопчык гадоў чатырох. Яго рвала. Побач стаялi дзецi i сумна пазiралi на пакуты малога. Адна дзяўчынка спагадлiва паклала яму на плячо руку i ўсё паўтарала: "Нiчога, Жано, пацярпi, пацярпi..." Малога рвала крывёю, але ён спрабаваў не падаваць выгляду, што яму балiць, i стараўся трымацца, як дарослы мужчына.
* "Вячэрнiя госцi" - фiльм, створаны паводле сцэнарыя Жака Прэвера. Стылiзаваны пад сярэднявечнае фаблiо, гэты паэтычны фiльм апавядае пра барацьбу Дабра са Злом, аб перамозе Кахання.
Дэдэ хутка перасек плошчу. Яго падбiтыя цвiкамi чаравiкi грукаталi, як падковы. Дыхнула смуродам ад канавы. Нейкiя чарнявыя людзi, не то цыганы, не то армяне, штосьцi абмяркоўвалi памiж сабой, энергiчна размахваючы рукамi...
Дэдэ прайшоў яшчэ з паўкiламетра. Далей горад канчаўся, i пачыналася шаша. Над уваходам вiсела шыльдачка. Там было напiсана, што тут i знаходзiцца шпiталь доктара Машона.
- Так, - сказала санiтарка, - можаце да яе зайсцi. Мадам Валон якраз пайшла трошкi адпачыць... Што вы, што вы, самая страшная небяспека ўжо ззаду...
Iвета ўсмiхнулася, калi ён зайшоў, а Дэдэ стала страшна. Усмешка не магла схаваць слёзы горкiх пакут, i ад гэтага рабiлася страшна.
- Бедненькая мая! Табе зрабiлi аперацыю? Ну як, усё нармальна?
Ён прысеў на светлую табурэтку каля белага жалезнага ложка. На акне вiселi светлыя, у гарошак фiранкi, сцены былi пафарбаваныя ў нябесна-блакiтны колер. На столiку, засланым карункавым настольнiкам, красаваўся букет кветак. Але нельга было схаваць эмалiраваных сасудаў i гэтага спецыфiчнага шпiтальнага паху.
- Нiчога страшнага не было, так сабе, - адказала Iвета i ўзняла на яго свае стомленыя вочы. Божа мой, ды гэта ж зусiм не яе вочы! I раптам яму здалося, што цяпер яна ўдвая старэйшая за яго... У яе былi вочы сталай жанчыны з усiм вопытам жаночага жыцця i жаночых бед. Ох, гэтая недасягальная Iвета...
- Табе не ўсё выразалi? - суха спытаўся Дэдэ. Гэта было не проста пытанне, а прыём следчага, пастка.
Яе як быццам i не здзiвiла гэтае пытанне... Зрэшты, хiба яе разбярэш, гэтую Iвету. Гэта магло азначаць i прызнанне, i неразуменне, а можа, гэта была хiтрасць... Дэдэ расшпiлiў скураную куртку - яму стала горача.
- Не, - адказала Iвета, - мне ўвогуле нiчога не выразалi. Дробязь... Нiчога сур'ёзнага са мной не было...
Далей распытваць пра хваробу Дэдэ не адважыўся.
Читать дальше