- Iвета!
Паглядзеўшы, як весела яна нацiскае на педалi i як здалёк усмiхаецца на ўвесь рот, мюжна было падумаць, што адчувае яна сябе проста цудоўна! Аднак калi яна пад'ехала блiжэй i злезла з ровара, у Дэдэ заныла сэрца. Божа! Як жа яна змянiлася! Пад вачыма чорныя кругi, рукi сiнiя, доўгiя ногi яшчэ больш выцягнулiся, спаднiца ледзьве трымаецца на шпiльцы... Але асаблiва перамянiўся выраз твару: знаёмыя рысы нiбы закамянелi...
- Пойдзем у парк, - сказаў Дэдэ i далiкатна, нiбы датыкаючыся да найдаражэйшай крохкай вазы, узяў яе пад руку.
Моўчкi спускалiся яны па лесвiцы: гэта была iх завядзёнка - пасля сустрэчы памаўчаць i пачынаць гаворку толькi тады, калi сыдзеш з апошняй прыступкi. Як лёгка i прыемна тут дыхалася! У той майскi дзень парк выглядаў так прыгожа, што нават яны, як быццам i звыклыя да гэтага хараства, адчулi сябе як у зачараваным царстве. Моўчкi дайшлi яны да стаўка. Тут, як i год назад, стаялi два крэслы, на якiх, здавалася, толькi што сядзела нябачная парачка. У парку не было нi душы... Ох, банальная, якая банальная гiсторыя!..
- Цябе бiлi, Iвета?
- Ды што ты, не! - Iвета глядзела на Дэдэ са сваёй заварожлiвай усмешкай.
- А як гэта ўсё здарылася? За што вас?.. I што будзе з бацькам?
- Нехта напiсаў данос... Нямецкi афiцэр гаварыў мне, што яны заўсёды так робяць: раз ёсць сiгнал - чалавека арыштоўваюць, а потым ужо высвятляюць. Калi нiчога такога не знаходзяць, чалавека вызваляюць. I бацьку, вядома, адпусцяць.
Усё гэта яна сказала такiм мiлым, спакойным тонам, нiбы расказвала пра штосьцi звычайнае i прыемнае.
- А ў чым жа шукаюць бацькаву вiну?
- Не ведаю... Адно мне толькi ясна, што нiякай крамолы ён не зрабiў...
- Ты ўпэўнена? Шкада...
- Шкада? Ты што, хочаш, каб бацьку там i трымалi? - разгневалася Iвета.
- Бедненькая мая... Табе было балюча, скажы...
- Не, - адказала Iвета i паглядзела яму проста ў твар сваiмi спакутаванымi вачыма. - Маладых яны не катуюць... З маладымi i больш-менш прыгожанькiмi яны ласкавыя, ветлiвыя... Аж залiшне ласкавыя, - i яна паблажлiва ўсмiхнулася.
- Залiшне ласкавыя, каб быць прыстойнымi. Ды што гэта я? Пра якую прыстойнасць тут можна... Паслухай, а мацi? Яна ж не маладая!
- Маму яны бiлi.
Дэдэ адвёў вочы ўбок.
- Кажуць, так ужо збiлi, што аж не можа сесцi, - раўнадушна прамовiў Дэдэ.
- Ну, гэта ўжо выдумкi! Людзi самi не ведаюць, што плятуць. Ну, бiлi, вядома, па твары... Ты ж ведаеш маму... Не, каб памаўчаць ды спакойна гаварыць... Яна ж крычала, закатвала сцэны, сама задавала немцам пытаннi, а на iхнiя адказваць не хацела.
Дэдэ апусцiў галаву:
- А з бацькам што?
- Не ведаю. Падобна на тое, што з мужчынамi яны вельмi жорсткiя... Зрэшты, хутка я пабачуся з бацькам... Адзiн афiцэр абяцаў дапамагчы... Занясу перадачу... Ён жа, бедалага, не можа есцi хлеба... Як з'есць, дык адразу прыступ. Трэба будзе сабраць сухароў ды занесцi...
Качкi вылезлi на бераг i, валюхаючыся, па-качынаму, шпацыравалi па траве. Сярод iх вылучалася адна асаблiва гаваркая i рухавая качачка. Iвета глянула на яе i, успомнiўшы вядомы мульцiк пра качара Дональда, весела рассмяялася... Якая ж яна малайчына, гэтая мiлая, слаўная дзяўчынка...
- Iвета, а як было з табой? Як цябе дапытвалi?
- Ды так... глупства... Лейтэнант усё скардзiўся...
- Ах, лейтэнант нават? I малады?
- Малады i да таго ж бландзiн. Такi самы бялявы, як я смуглая. I ведаеш, такi ўжо чысценькi, такi акуратненькi, ну проста дзiва было глядзець на такога дагледжанага чалавека. Мы ж усе пакутавалi ў страшэннай гразi. Увогуле, я табе скажу, нямецкiя афiцэры ўсе такiя ладныя, стройныя, высокiя. Дык вось гэты лейтэнант усё скардзiўся, што ў нас жанчыны не вельмi згаворлiвыя, не хочуць нiдзе бываць з немцамi. Перад тым як прыехаць сюды, ён служыў у Парыжы i кажа, што парыжанкi куды лагаднейшыя...
- Прастытуткi ўсюды ёсць, - прамармытаў Дэдэ.
Iвета з цiкавасцю сачыла за рухавай качачкай, якая цяпер ужо горда плыла па люстраной роўнядзi, сарамлiва хаваючы пад вадой свае няўклюдныя лапкi.
- Я пайду, - сказала Iвета. - Мацi адна ў пасцелi. Плача, бедная, i плача. Як нi ўгаворвалi, як нi супакойвалi, а яна лье i лье слёзы.
- Я, бадай, праводзiць цябе не буду. Ты ж усё роўна на ровары, - неяк нерашуча сказаў Дэдэ i акiнуў яе разумеючым мужчынскiм позiркам...
Ён доўга глядзеў ёй услед... Загадкавая натура гэтая Iвета... Нiколi да канца яе не зразумееш, пра што яна думае, чаго хоча ад жыцця, да чаго iмкнецца?.. Доўга сядзеў Дэдэ, прыгнечаны нейкай беспрычыннай тугой, якая была не пад сiлу нават яму, мужчыну. А парк, гэты страчаны рай, рассцiлаў перад iм свой атлас, аксамiт, муар, свае шырокiя габелены, дзе з-за дрэў выглядваюць бiблейскiя ланi, грацыёзныя, наiўныя, прыгожыя i загадкавыя... Калi побач была Iвета, парк пераставаў быць паркам, ён нiбы рабiўся проста шлейфам яе сукенкi... "З маладымi i больш-менш прыгожанькiмi яны ласкавыя, ветлiвыя... Аж залiшне ласкавыя..." Дэдэ ўявiў сабе камеру. Ён добра ведаў, што такое камера. Уявiў сабе пакой, дзе вядуцца допыты, i афiцэра, высокага лейтэнанта-бландзiна.
Читать дальше