На сінюткі васілёк
сеў бялюткі матылёк.
— Васілёчак, васілёчак, —
цябе кліча матылёчак...
...І давядзецца мо’ калі
адведаць бацькавы вуглы,
прыйду і не пазнаю хаты
і клеці зь ліпаю, хлява...
_________
Як ласку матчыну, у думках калышу
ўспаміны сьветлыя на зло спакусе...
Пра што-ж я раскажу табе, калі
пра ўсё ўжо сказана, толькі ня мной...
Хіба, пра тое, што баліць,
што вырвана
з-пад рук,
з-пад ног —
вайной?..
_________
Ля сініх вазёраў спаткаліся мы,
і ўпоруч ісьці давялося.
На кожнай вярсьце наравіла размыць
залою шляхі нашы восень.
Свайго хацеў броду кірунак знайсьці,
а ты мяне вабіў і клікаў
схіліцца над грудамі сьвежай касьці
пасьля перамогі вялікай...
І я ўпяршыню ’шчэ пачуў ад цябе
пра клясы і ўсякія масьці,
што нейкія клясы ў ліхой барацьбе
крывёй здабылі сабе шчасьце...
Цішыню парушылі вятры,
гул матораў і асада места.
Ля парогу на асінавым кастры
я знайшоў нярадасную вестку:
«Выбачайце... і самой шкада,
што чаўны спыніліся на мелі...
Штосьці ’шчэ я думала згадаць,
але неяк думкі анямелі»...
_________
Гаварыла і «так» і «але».
Словы смольна ўеліся ў памяць.
Час прайшоў, а на ліпкай смале
засталася пажоўклая пляма.
Я сьціраў яе колькі разоў —
ня сьціраецца, як ні сьцірай ты...
Я ведаю, ты не са мной, —
другому дзьверы адчыняеш, мусіць.
І ліпень гліцаю лясной
нам сьцежак росных не патрусіць...
Месяц ліпень, і места Глыбокае...
Ля вазёраў журыліся клёны.
Усьміхалася сінявокае
раньне полыску хваль зялёных;
трапяткое яно і чысьцюткае,
нібы сочыва струн крынічных,
напаўнялася рознымі чуткамі...
Ня спляміцца і не заліпне
у памяці месяц ліпень...
Ня тое, што ў снох красуе,
у сэрцы сваім нясу я,
а сьвежую рану разлому
нясу на пацеху злому...
Вечарэла, стомлены, ля ганку
слухаў, як зьвіняць і пахнуць мёдам ліпы.
Смуглатварая, танклявая цыганка
моцным поглядам вачэй сваіх прыліпла:
— Сінявокі, журышся?.. Карысьці
з гэтага, павер мне, аніякай.
Бацька мой, расказваюць, калісьці
слухаў музыку пчаліную і плакаў.
Доўга млела кроў яго у жылах,
і журбою выцьвіла-б дазваньня,
калі-б сэрца не прываражыла
хмелівам п’янкім цыганскае каханьне.
Стомлены цяжкімі думамі, ля ганку
слухаў, як зьвіняць і пахнуць мёдам ліпы.
Маладжавая прыгожая цыганка
моцным поглядам вачэй сваіх прыліпла.
— Чарнавокі, журышся? Карысьці
з гэтага, павер мне, аніякай...
Бацька мой, расказвалі, калісьці
слухаў музыку пчаліную і плакаў.
— Кінь, красуня, на чырвонага валета.
Рукі белыя твае пазалачу я,
калі сэрца неспакойнае адразу
з вуснаў мудрасьць слоў тваіх адчуе.
Не хвалюся храбрасьцю вялікай —
да маны жыцьцё не прывучыла..
З-пад стэпаў-пустак прытаўкліся
жаўтагрывістыя хмары...
Ляглі на сінім неба твары —
над ліпкай цьвільлю трупнай тлі,
тугой, тхнівом пярхотнай гары,
брынялым сочывам ральлі,
няспорам, сном зялёнай сьпелі —
і ўвачавідкі скамянелі...
У даўкім вобмегу зямлі
на’т камяні і тыя млелі;
чаўны спыняліся на мелі,
і хвалі сінія гулі
ад гневу, хрыплі і нямелі,
чарнелі, быццам-бы вуглі,
ды, грозна коцячыся ў далі,
жуду маўклівую гайдалі...
Вятры з заходняй стараны
сьпіраліся з наплывам чэрні.
А мы ад раньня да вячэрні
ўсе чыста — дочкі і сыны —
маліліся, каб тыя церні,
вянкі разбойнай сатаны,
рукамі прышлае напасьці
на цемя сатане пакласьці...
Нарадзіліся марудна і дасьпелі
думкі тыя... Сталася... Карай,
несьмяротны пакараны край —
пакланіўся сын Вэнэцуэлі.
Вер на слова: вымавіць ня сьмелі
вусны слова цяжкага «бывай».
Пакідаў цябе, мой родны край,
як чаўны спыніліся на мелі...
Адцьвілі сады і адшумелі
і прыцьмеў у сэрцы сіні май.
Нават песьні раптам анямелі,
адплываючы ў нязнаны край...
Заставацца — небясьпечна,
а пайсьці — бліжэй да згіну.
Сьмерць жыўцом хутае плечы,
уціскае ў дамавіну...
Выскаляецца ад млосьці,
кіем стукае у дзьверы...
Беларус з крыві і косьці
не дае прыблудзе веры...
Читать дальше