У камеры сядзела некалькі немак, пераважна, здаецца, у падазрэнні шпіянажу. Па-нямецку я крыху гутарыла. Я раздзяліла з імі часць прадуктаў, якія былі ў мяне, пачала знаёміцца. Час закрыў мне ўжо іх аблічча, але выразна памятаю з іх адну — была гэта нейкая артыстка й прафесіянальная шпіёнка Элё Вінклер. Была гэта даволі прыгожая бестыя, пазбаўленая ўсякай маралі й этыкі. Немкі адразу далі мне зразумець, што гэта шпіёнка, і ў савецкай камеры рэкамендуючы асцярожнасць. Усе мы, як быдла, валяліся на падлозе ў каросце й брудзе, і толькі яна адна мела ложак і пярыну, дзе найчасцей валялася голая альбо выкручвалася перад шкляным вокам у дзвярох, раздражаючы сваёю нагатою салдат-канваіраў. Яна ўсё расказвала пра сваю любоў да савецкай улады й Сталіна й пра свайго мужа, прафесіянальнага шпіёна, які сядзеў недзе побач. Гэта была агідная нейкая садыстка. Заўважыўшы аднойчы, што я малюся, пачала праследаваць мяне жудаснымі выкрыкамі, нейкімі «малітвамі» да чорта. Лётала па камеры й выла: «Тойфэль [178] Teufel (ням.) — чорт.
, тойфэль» — і часта нагадвала ашалелую. У нашую камеру заглядалі надзірацелі й часам клікалі на працу. Я заўсёды старалася вырвацца хоць на пару гадзінаў, каб глытануць паветра й нешта даведацца пра мужа ды ў меру магчымасці памагчы яму хоць нечым. На другі дзень нашага прабывання ў падзямеллі мяне павялі да начальства. Нейкі ваенны, відно, высокага чыну, сустрэў мяне словамі: «Вот и вы в наших руках». — «Велькай радасці з гэтага мець не будзеце», — адказала я яму прадумана й паважна. Спытаўся ў мяне яшчэ, што я думаю пра Готвальда, які ўжо быў на месцы Бэнэша прэзідэнтам Чэхаславакіі. Я не хацела высказвацца аб ім і толькі прыкмеціла коратка, што цяжка быць прэзідэнтам у цяні Бэнэша. На пытанне аб кампартыі чэшскай сказала, што яна лічная колькасна, але якасна нічога не вартая. Ваенны гутарыў са мною даволі памяркоўна, і я наважылася папытаць яго, што з нашымі чамаданамі, якія ў нас забралі й няма іх. Праз некалькі дзён чамаданы знекуль прывезлі надзіва ў парадку. Казалі, што ў гэтай вязніцы быў цэнтр МГБ на ўсю сярэднюю Еўропу. Тут і судзілі людзей пераважна на 10, 15, а часцей на 25 гадоў. Нас нечаму не судзілі, гэтую прыемнасць пакінулі Менску.
Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагедыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сціхалі гучэць да раніцы. Савецкія следавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праязджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэннях. Месяцамі без мыцця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.
На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была нялёгкай, пераважна нешта мыць пасля рамонту ці бялення, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зняволенай абслугай гэтай патайной вязніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зверх свае працы. Быў там у абслузе й зняволены малады лекар. Ён звярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скроз слёзы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё здзіўленне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасць, што памагчы зняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінет, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.
Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакарання, якое ў параўнанні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР» [179] Made in USSR (англ.) — зроблена ў СССР.
, г.зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, дзе акрамя цяжкай працы й зверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават смелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсці на ўсе подласці толькі дзеля захавання жыцця. Толькі адна Ліза не ведала меры свае нянавісці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.
Читать дальше