Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязніцу, дзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з восьтра зарысованай нянавісцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, не ведаю, з якіх меркаванняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісць была маёй нянавісцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасля трох дзён прабывання там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла майго мужа — быў худы да немагчымасці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесьь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. І вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынеслі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амерыцы. Яна, як і Евангелле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасля нашага вяселля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынеслі мне тую Біблію яшчэ ў вязніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз слёзы тую Біблію і ўсё думала, ці не выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амерыканцы й ці не разнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амерыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.
Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і не ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усё ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азвярэла, але кніжку, як я пасля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.
Нас размяшчалі на грузавых машынах і ўсё стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сімпатычны грэк, стаяў, бедны, у чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.
Павезлі нас за Вену, дзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзьячы на цягнік, як іронію дасягненняў людскасці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзці. Паабдзіралі мы і адзенне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсё. Для нас, еўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзьячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх [180] Такрошні — леташні.
кансерваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь не рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чэкістых, паджарых, з хітрымі, свідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і здзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязлі «да мядзведзяў». Ад’язджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдскі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця самое ў шырокім без літасным свеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’язджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана не так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганні, каб маральна й фізічна знішчыць няшчаснага хлопца.
Читать дальше