Мы тут як на тым востраве Іф…– на востраве Іф у Міжземным моры (паблізу Марселя) была турма для асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў.
Hitlerjugend (ням.) — фашысцкая моладзевая арганізацыя ў Нямеччыне (1926–1945).
Фірлінгер Здэнек (1921–1976) — чэхаславацкі дыпламат i палітык, падчас Другой сусветнай вайны памочнiк прэзiдэнта Чэхаславакii Э. Бэнэша. Лiдэр чэшскай сацыял-дэмакратычнай партыi, далучыў яе да КПЧ, супрацоўнiчаў з саветамi.
Гусоўскі Мікола (1470–80-я — пасля 1533) — беларускі паэт-гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай школы.
Джугашвілі — сапраўднае прозвішча І. Сталіна.
Jaskinia (польск.) — пячора.
Сазава — рака ў Чэхіі, прыток Влтавы.
Шпiндлерув Млын — курортны горад у Судэтах, горным масiве на мяжы Чэхіі, Польшчы і Нямеччыны.
Тата загінуў у гродзенскай турме...– бацька паэткі Антон Міклашэвіч быў асуджаны на пяць гадоў лагеру і вывезены на ўсход Расіі.
Ціса Ёзаф (1887–1947) — славацкi каталiцкi святар i палiтычны дзеяч, прэзiдэнт Славакii (1939–1945), абвешчанай пры падтрымцы А. Гiтлера; пасля вайны асуджаны да пакарання смерцю.
Далі нам чэшскае грамадзянства...– Янка і Ларыса Геніюшы атрымалі чэшскае грамадзянства 27 ліпеня 1947 г.
Аляхновіч Францішак (1883–1944) — тэатральны дзеяч, драматург, аўтар кнігі «У капцюрох ГПУ» (1937). У 1942–1944 гг. рэдагаваў тыднёвік «Беларускі голас». Забіты невядомымі на ўласнай кватэры ў Вільні.
BefelistBefel (ням.) — загад ёсць загад.
Зорын Валяр’ян (1902–?) — савецкi дыпламат, амбасадар у Чэхаславакii (1945–1947).
Валянціна Геніюш (сапр. Зелянко) — жонка Ю. Геніюша.
Баграціён Пётр Іванавіч (1765–1812) — расійскі генерал ад інфантэрыі. Удзельнік задушэння паўстання Т. Касцюшкі і штурма Варшавы (1794). У 1812 г. камандаваў 2-й Заходняй арміяй, штаб-кватэра якой пэўны час знаходзілася ў Ваўкавыску, дзе існуе ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна.
Мы ў Вімперку... — у старажытным гарадку Вімперк у паўднёва-заходняй Чэхіі Геніюшы жылі па адрасе: вул. Бэнэша, 161.
Гегенна ( геена ) — пекла.
Прахаціцы — старажытны горад на паўднёвым захадзе Чэхіі.
Готвальд Клемент (1896–1953) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Чэхаславакіі, з 1945 г. старшыня Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі Чэхаславакіі, з 1948 г. прэзідэнт Чэхаславацкай Рэспублікі.
Бадлер Шарль (1821–1867) — французскі паэт.
Ён пазбаўляе нас чэшскага грамадзянства…– чэхаславацкага грамадзянства Л. і І. Геніюшы былі пазбаўленыя 1 красавіка 1948 г. МУС Чэхаславакіі.
Keep smiling (англ.) — давайце ўсміхацца.
Teufel (ням.) — чорт.
Made in USSR (англ.) — зроблена ў СССР.
Такрошні — леташні.
Vertrauensstellung (ням.) — адказная пасада.
Берыя Лаўрэнцій Паўлавіч (1899–1953) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, адзін з галоўных арганізатараў і кіраўнікоў палітычных рэпрэсій у СССР у 1930–1950-я гг.
Палітаванне (польск. politowanie ) — спачуванне, жаль .
Чэрчыль Уінстан Леанард Спенсер (1874–1965) — ангельскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1940–1945 і 1951–1954 гг.
ІТЛ ( исправительно-трудовой лагерь ) — выпраўленча-працоўны лагер.
Шуман Роберт (1810–1856) — нямецкі кампазітар.
Armia Krajowa — польская падпольная ваенная арганізацыя, якая дзейнічала падчас Другой сусветнай вайны на акупаванай тэрыторыі і падпарадкоўвалася польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лондане (1939–1945).
ОЛП — асобны (особый) лагер палітычных.
Майданек — канцэнтрацыйны лагер, створаны фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны ў прадмесці Любліна (Польшча).
Überkultiviert (ням.) — звышкультурны.
Segregować (польск.) — сартаваць.
Читать дальше