Купала, ты з цемры нас вёў да святла,
над доляй народнаю плакаў.
Я сяння табе пакланіцца прыйшла,
схіліць сваю голаў з падзякай.
Шляхамі тваімі ў нялёгкім жыцці
я змалку прывыкла дастойна ісці
і ўсё ж не заплачу з табою.
Купала каханы – я з бою!
Калі памёр Я. Купала, я захварэла ў Празе Чэшскай. Адчула ягоную смерць на адлегласці. Ягоныя кніжкі ляжалі пры мне. Так бывае ў маім жыцці.
Валечка, як гадуецца наш хлопчык? Чаму мала есць, чаму застаецца яму малачко? Як ён цяпер спіць? Не прывучайце вельмі да рук! Крыху паплача і сціхне, лежачы на бачку. Самі ешце ягады і вітаміны, і праз маміна малачко Яначка іх атрымае.
Ах, гэты Семашкевіч… Грэх адыходзіць не ў пару… Няхай лёгкаю яму будзе зямелька родная. Калі дастану хоць крыху кніжак, дык вышлю Вам. Здаецца, не будзе іх у Зэльве.
Пішэце мне хоць славечка. Хачу трохі акрэпнуць. Як смакаваў Вам глыток чабаровай настойкі? Прывітанні дарагім сябрам. Нельга забываць пра мяне.
Усіх траіх Вас цалую. Ваша Ларыса Геніюш .
Максіму Танку
Зэльва, 2 жніўня 1982 г.
Шчыра паважаны і дарагі Максім Танк!
Пасылаю Вам сваю маленькую кніжачку і ўсё, што ў ёй. Няхай гэта будзе маею гутаркай з Вамі. Часта думаю пра Вас, але нічога пра Вас не ведаю. Хацелася б пачуць Вашае жывое слова. Не пісала Вам, бо не адказалі Вы на мой ліст, і яшчэ таму не пісала, што зноў мне тут да жудасці, да агіды бывае дрэнна. Гэта на месцы, у Зэльве. Толькі што быў сусед лекар, каб баранілася крыху, бо ля маіх кветак ставяць сметнік, і ўсё пацячэ ў мой двор, які ляжыць ніжэй. “Развели цветы, а людям жить негде”, — такое і радобнае толькі і чую.
Не хочацца мне адыходзіць са сваёй хаты. Жыць засталося няшмат. Давялі да адчаю. Цяпер лечаць сэрца. Крыху лепей. Другі год не бачу сына і ўнукаў, а яны сюды аж рвуцца, бо і дапамагчы трэба хворай бабусі, і адведаць дзедаву магілку. Усё нейк сумна, і Вы мне даруйце, што нічым Вас не пацешыла.
Як маецеся Вы? Як Любоў Андрэеўна, дзеці і ўнукі? Тыя цукеркі былі найлепшымі, якія толькі хто мне падараваў! Дзякуй Вам не за іх, але што Вы пра мяне ўспомнілі. Калі гляджу тут навокал, дык хочацца... часам уцякаць, але так нельга нам, салаўям беларускай дубровы.
Дзякуй Вам за ўсё, Максім Танк.
Ваша Ларыса Геніюш .
Аляксею Пяткевічу
Зэльва, 11 жніўня 1982 г.
Даражэнькія!
Увесь час – думкамі з Вамі. Вялікае Вам дзякуй за мілы, дарагі візіт, за той сяброўства і цеплыню, якую я адчула ад Вас. Дзякуй за кніжкі. Дануся не ўзяла за іх грошай. Разлічымся з Вамі пры першай нагодзе.
Усцешыў мяне, але болей узварушыў Ваш артыкул у “Гродненской правде” пра маю кніжку. Дзякуй Вам, што зразумелі мяне. Там сказана мала, але на болей не хапіла мне сілаў, мусіць, і таленту…
Бачыце, побач з сянняшнімі дасягненнямі ў галіне індустрыі і тэхнікі становяцца вельмі актуальнымі і глыбінна-культурныя якасці таго ці іншага народу. І для будучыні гэта, бадай, галоўнае. Мне так хацелася хоць крыху паказаць тыя якасці нашага народу, за якія ніколі і нідзе не ўстыдно. Гэта і працавітасць, і скромнасць, і чалавечнасць. Як у той паэмцы: “У нашага роду законы сваі, адважныя, строгія ўсе мы. Забіў бы цябе я ў адкрытым баі, ляжачага ж біць не смею…” Гэта факт! Усе пішуць пра гераізм, і гэта важна. Адно другому не перашкаджае. Але як жа хораша перамагчы сябе і не запляміць свайго сумлення.
Калі мы былі ў Чэхах, дык з колькасці беларусаў, якія там жылі, не было ніводнага нячэснага чалавека! Гэта – паводле даных з паліцыі. Тое самае казаў мне М. Нікан, які жыве ў Аўстраліі: і там дрэннага элементу сярод беларусаў – няма. Трэба, мусіць, добра прыгледзецца да іншых народаў, каб усебакова і належна ацаніць свой. Вось і захацелася мне сэрцам падкрэсліць чалавечыя, вартыя, высокаякасныя рысы свайго народу.
Якое шчасце, што мы не гультаі! Для беларуса кусочак зямлі – як прыладдзе для столяра, кувалда для каваля, кніжка для прафесара. Я заўважыла, што нашым людзям патрэбная гэтая беспасярэдняя гутарка са сваею зямлёю. І я люблю зямлю. Пры дотыку чалавечых рук яна творыць цуды! А я так люблю ўсё творчае. Вы крыху перахвалілі мяне…
Пасля Вашага ад’езду назаўтра было мне дрэнна. Адныя неслі кветкі, пераважна ружы, а другія… Аб гэтым усім – пры сустрэчы. Былі лекары, нават адна харошая лекарка з Гродна. Агледзела мяне, пакінула лекі. Прыязджала сюды да сваёй маці.
Як Вам заехалася? Ці вытрымала калясо? Як чуюцца нашы мілыя дамы, Марынка і дарагі малы Аляксей? Хораша, міла прайшла перадача, якую тут рыхтаваў Юрка Голуб. Мяне гэта ўзварушыла. Кветак у мяне – яшчэ ўсё поўна. Учора пад вечар Анна Іванаўна прынесла цудоўныя гладыёлусы. Сяння раніцай атрымала ружы. Заўчора – два букеты таксама. Я ўдзячная добрым людзям. Горай тое, што нельга выклікаць сваіх з Польшчы.
Читать дальше