Цяпер я амаль нікому не пішу, нейкі жаль, боль і злосць усе разам мяне замучаць… Зноў трагедыя, зноў правакацыя. Тое, што пачало гестапа ў 1941 г., прадаўжаецца сяння, толькі другімі рукамі… Найболей агідна, што ўсё гэта робіцца сведама, брудна. Не хачу тут больш жыць, не магу дыхаць болей гэтым паветрам няпраўды і правакацыі! Мусіць, падобнае можна тварыць толькі над беларусамі… Якая агіда…
Не буду Вам пісаць, у чым справа, гэта будзе знаць Лёня, датычыць той газеты з Магадану, той справы. Як усё лжыва, як усё хітра, як подла… Толькі цяпер я поўнасцю зразумела, дзе я жыву… Не, мне нічога не грозіць, але я не магу змірыцца з махлярствам, і не зміруся… Прычынай, безумоўна, кніжка… Трэба ж нейк яе апаганіць.
Так трымацца, так змагацца з усім нямецкім усю вайну, так ратавацца ад Ермачэнкі, ад усіх яму падобных правакатараў, так горда і высока несці ў сэрцы шляхамі ўсіх цярпенняў сваю Беларусь, і бачыць і чуць такую агіду – гэта я ўжо не вытрываю. Толькі пытаюся сябе: дзе я? што за “гестапа” зноў навокал? Скуль столькі ілжы? Прыеду – дык усё раскажу. Галоўнае, што ўсё гэта ўплывае на ўсіх пражанаў і на Забэйду, якога не хочуць сюды пускаць, і яны ўсе ні ў чым не вінаватыя. Проста страх!
Пісаў Ластаўка вялікага ліста. Хварэў. Пісала П. Мядзёлка яшчэ большага ліста. Нарэшце, здаецца, яна мяне зразумела…
Вось сяджу, пішу і плачу, як бабёр… Не ведаю, калі прыедуць дзеці. Вельмі шкадую М. Танка, якому дзеля гэтых паклёпнікаў “мыюць” за мяне голаў… Найболей абурае тое, што так тэндэнцыйна, так неразумна, недальназорна топчацца праўда… Вось чаго не пераношу, з чым ніколі не згаджуся, каб пасеклі мяне на кускі, гэта з падобнымі метадамі насілля! І так, што будзе далей, не ведаю! Альбо памру, альбо мяне пасадзяць зноў, бо некаму выдзеру вочы!
Вось такі мой сянняшні ліст… Усё гэта даведалася 8 чэрвеня ад А.Н. Карпюка.
Цалую Вас і прашу прабачэння, калі хутка не напішу.
Ларыса Геніюш.
Аляксею Пяткевічу
Зэльва, 3 ліпеня 1968 г.
Дарагія сябры!
Прашу прабачэння за спознены адказ. Я з пэўных прычын нікому гэты час не пісала. Я ніколі не спадзявалася такой трудной барацьбы супраць мяне ў Менску. Дырыгент гэтага хору ўсюды і заўсягды – адзін…
Цяпер крыху хварэю, прастыла. А.Н. Карпюк выклікаў мяне і ўсё мне расказаў. На жаль, у дабразычлівасць яго мне чамусці не верыцца. Няясны ён для мяне чалавек, няшчыры, з фокусамі. Пачаў, што, можа, мы і сапраўды ў вайну былі нямецкай арыентацыі і г.д. Як успомню цяпер, дык мяне трасе з абурэння. Як можна так не верыць людзям? Тыя, якія працавалі з немцамі, паўцякалі з імі, весела жывуць і працуюць сяння. А тут ужо душу атруцілі “дзеячы”, дзеці якіх не ведаюць роднай мовы! Якія знаюць толькі падазронасць і ўзаемную грызню.
З Быкавым мы пагутарылі зусім іначай – талкова, спакойна. А то я тэлефаную яму (Карпюку. – М.С.), а ён кажа мне, што Максім Танк – мой гаспадар. Проста несуразныя гутаркі ў чалавека. Вось і скасіла мяне гэта ўсё. Думаю, што прыйду ў сябе.
Падалі просьбу аб чэшскім грамадзянстве, бо падобныя выступленні Еўдакіі Лось і іншых, пад палачкай мудрага дырыгента, будуць тут трываць вечна. Якая дэструкцыя, якая дзікасць!
Аляксей Міхайлавіч, гэтага ліста перасылаю цераз Івана Шлыка – сваяка майго мужа. Хоча ён паступіць у Педінстытут. Каді ласка, парайце яму, паяснеце, дапамажэце крыху, калі гэта магчыма. У мерах магчымага, безумоўна. Хлапец ён не сапсаваны, крыху піша. Урэшце, Вам гэта будзе відней.
Карпюку аб маіх словах гаварыць не трэба. Яму гэта не паможа. Сапсуе толькі беларускія адносіны, а нас так мала… Маю вялікую надзею выехаць. Нялёгка мне гэта, замоцна кахаю свой Край, але на гэты раз кіруюся розумам, інтарэсамі майго мужа і цэлай нашай змучанай жыццём сям’і. Мне так крыўдна за ўсё, так крыўдна, што я фізічна не магу болей гэта ўсё пераносіць…
Там чалавек мае крыллі, адчувае свабоду, чалавечнасць, радасць з таго, што жыве. Пакуль была там дэмакрацыя, было там цудоўна, а яна цяпер будзе там зноў. Мы доўга жылі на Захадзе, і таму нам так немагчыма душна. Тут, пры найлепшым, можа быць толькі сытасць, але свабода – там!
Дык ласкава паручаю Вам нашага Івана. Шчыра цалую Вашых мілых дам, а Вас сардэчна вітаю.
Ваша Ларыса Геніюш .
P.S. Прашу прабачэння за такі невясёлы ліст, але не магу аб іншым Вам сяння пісаць. Вы занадта мне блізкія і дарагія людзі.
Аляксею Пяткевічу
Зэльва, 6 жніўня 1968 г.
Дарагі Аляксей Міхайлавіч!
Читать дальше