Сапраўды, нешта неверагоднае ў сваёй нечаканасцi. На першы погляд прымiтыўны, а, можа нават, i вульгарны акт. Дароднае дамскае цела, лянiва выцягнутае на накрытай белай прастынёю сафе. У калырыстыцы дамiнуе чырвоны фон сцяны. Вульгарна? У мяне змяшаныя пачуццi. Карцiна, вядома, выклiкае эмоцыi. Гэта шокавае сутыкненне славянскай шчырадушнасцi i спакою з жахлiва разбуханым ў сваёй чырванi фонам навакольнага свету.
Яна мела рацыю. Гэтая карцiна не дае прайсцi мiма. Адразу вярнула мяне да кнiгi Ерафеева "Русская красавица", напiсанай у канцы васьмiдзесятых. Папулярная на захадзе як экзэмплiфiкацыя маральна-побытовых пераменаў альбо выварочванне ўжо iснуючай каляровасцi грамадскага жыцця, насуперак прынятаму альбо афiцыйнаму перакананню, што "у нас секса нет".
XVI
твой зрок
гэта не толькi вочы затоенага звера
гэта ўсё цела
адзетае ў кармазын
альбо на крывава-чырвоным фоне
адцятым ад белiзны сцяны
тваё цела
гэта не толькi пажадлiвасць занураная ў звярыным упiваннi
незразумелы нам агонь
што палiць i нiшчыць
надзiць i балiць
ёсць з намi блiзка як скура
i дае радасць дотыку
твае клубы
у кармазынавай тканiне
якую скiдаю прагнучы хутчэй цяпла
чысцiнi i асалоды
спакойна
лежачы на сафе глядзiш
i бачу як звяргаеш тыранiю
тлумiш бунты
альбо пачынаеш рэвалюцыi
вызваляеш новыя гукi
падбiраеш паэтам словы
усе глядзяць з подзiвам
на цуд якi за тваiм дакрананнем
пераменiць кавалак звычайнай матэрыi
у цяжарнасць i новае жыццё
гэта адзiн позiрк
у кармазынавым свячэннi
ад якога кожны шалее
увесь час цябе адкрываем
у месяцавай поўнi
у хцiва ўцягненым дыме папяросы
у ашаламленнi вясною
у краявiдзе гор пасля дажджу
увесь час адкрываем
пульсуючую кармазынавую
прастору
XVII
Я вярталася дамоў. Было ўжо досыць позна. Галава поўная сённяшнiх уражанняў i вобразаў - суцэльная галата. I гэта не абавязкова цялесная, эратычная. Адкрылася нешта такое, што падказвае мне iнакш глянуць на эратычныя матывы ў жывапiсе. Голасць, якую чалавек бачыць перад сабою, калi яго закранае самота i неабсяг матэрыяльнага свету. Вобраз жанчыны, намаляванай Дзмiтрыем, увёў у мяне адчуванне важкасцi смутку i скрухi ў гэтых людзях. Ад прымiтыўнай прывязанасцi да iншаземца з Iталii, што лiчыцца прастытуцыяй, аж да складанай гульнi з асяроддзем, якая палягае на прывычным стэрэатыпе прызвычаек. Вырафiнаваная гульня ўяўнасцi, якая прыводзiць да ўтойвання пачуццяў, эмоцый, да ўдавання... У кiтайскай i японскай культурах гэта даведзена да дасканаласцi. Усмешка там - нiякая не ўсмешка. За паклонам не канечне павiнна быць пашана. А тут у постсавецкай краiне на ўскраiне заходняй цывiлiзацыi гэта толькi нязначна датычыцца чагосьцi, што ляжыць на памежжы Азii i Эўропы. Парафраз, матыў, далёкае пазвякванне азiяцкiх эталонаў. Акты Джыота цi Рубенса абапiраюцца на генiй адкрыцця, агалення. Яны - акт захаплення прыгажосцю i гармонiяй прыроды. У сучасным мастацтве цела i эротыка - гэта форма апiсання. Але ж таксама i агалення. Мастацтва малявання цела цi выяўлення эратычных перажыванняў у заходняй культуры - гэта, аднак жа, адкрыванне чалавека, рэфлексiя над ягонай душой. Тут, убачыўшы акт, я мела ўражанне, што Дзмiтрый пазасланяў усё. Закрыў. I толькi дасведчаныя, уведзеныя ў таямнiцу, такiя, як Яна, умеюць паразумецца ў вузкiм коле знаўцаў. Як у секце, тайным таварыстве цi ложы. Абое яны прадставiлi мне сёння фрагмент гэтага закрытага свету. Але толькi дзеля таго, каб я з пыхай не ставiлася да iх плыткай i прымiтыўнай эстэтыкi. Каб не заносiлася, не задавалася, каб не фiгуравалася сваёй вышэйшасцю. Паказалi мне рубчык таямнiцы толькi дзеля таго, каб я ўсвядомiла патрэбу цi хоць бы магчымасць гаварыць гэтай мовай, навучылася распазнаваць яе гучанне, адрознiваць граматыку i лад. Каб я ведала, што ёсць фразеалогiя, якая грунтуецца на iншай логiцы, дзе дэсыгнат, тое, што азначаецца, закрывае знак, а знак адкрывае толькi ўмоўную частку пазначанага.
Месяц у тую ноч глядзеўся, як пабляклы, надгрызены альбо пагамтаны лiмон.
Праходжу паўз платы аднасямейных дамоў. Старыя драўляныя халупы. Даваенная вясковая рэчаiснасць, праглынутая молахам ненажэрна прагнага камунiзму.
Марк з восенi ў адным такiм дамку зняў два пакоi. Я адмовiлася ад сваёй кватэры ў цэнтры. Часам шкадую, але гэтая вёска вялiкага горада тасама мае сваю панаду. Ранiшняе кудахтанне курэй, сковыт кундаляў, мiтуслiвыя кабеты, па якiх пазнаеш, што гэта не вёска-музей у цэнтры Менска, а яшчэ жывы куточак архаiчнай мiнуўшчыны i зышласцi старасвецця.
Читать дальше