- Дзякую, сястра.
Сястра выйшла. Работнiк яшчэ стаяў каля дзвярэй. Я даў яму "гасцiнца". Ён пайшоў таксама. У пакоi стала раптам вельмi цiха. Пат глядзела ў акно. Яе галава ў бляску святла здавалася чорнай.
- Ты замарылася? - спытаў я.
Яна павярнулася.
- Не.
- У цябе змораны выгляд, - сказаў я.
- У мяне iншая змора, Робi. Але на адпачынак у мяне яшчэ хопiць часу.
- Ты хочаш пераапрануцца? - спытаў я. - Цi спусцiмся спачатку на гадзiнку ўнiз? Мне здаецца, будзе лепш, калi мы яшчэ спусцiмся.
- Добра, - сказала яна. - Так будзе лепш.
На бясшумным лiфце мы з'ехалi ўнiз i селi за маленькi столiк у холе. Праз хвiлiнку да нас падышла Хэльга Гутман з сябрамi. Яны селi за наш столiк. Хэльга была ўзбуджаная i крыху ненатуральна вясёлая, але я быў рады, што яна была з намi i што ў Пат ужо з'явiлася некалькi знаёмых. Заўсёды цяжка перажыць першы дзень.
XXII
Праз тыдзень я вярнуўся. Ад вакзала пайшоў адразу ў майстэрню. Калi я прыйшоў, ужо сцямнела, яшчэ iшоў дождж, i мне здавалася, што мiнуў год, як я адвёз Пат. Кёстэр i Ленц сядзелi ў канторы.
- Ты прыйшоў у самы час, - сказаў Готфрыд.
- А што здарылася? - спытаў я.
- Дай яму аддыхнуць з дарогi, - сказаў Кёстэр.
Я сеў.
- Як справы ў Пат? - спытаў Ота.
- Добра. Наколькi можа быць добра. Але скажыце мне, што тут здарылася.
Гаворка пайшла пра машыну, якую мы забралi пасля аварыi. Мы яе адрамантавалi i вярнулi тыднi два назад. I вось Кёстэр учора пайшоў па плату. Але гаспадар машыны за гэты час збанкрутаваў. Машына прадаецца з аўкцыёну, разам з усёй маёмасцю.
- Нiчога страшнага, - сказаў я. - Мы маем справу толькi са страхавой кампанiяй.
- I мы так думалi, - суха заявiў Ота. - Але машына не застрахавана.
- Д'ябал! Няўжо праўда, Ота?
Кёстэр кiўнуў.
- Толькi сёння даведаўся.
- А мы цацкалiся з гэтым братам, як сёстры мiласэрнасцi, i яшчэ пабiлiся за гэтую ламачыну, - прабурчаў Ленц. - А чатыры тысячы марак вылецелi на вецер!
- Хто б мог прадбачыць! - сказаў я.
Ленц засмяяўся.
- Якая дурасць!
- Што ж будзем рабiць, Ота? - спытаў я.
- Я заявiў пратэст распарадчыку аўкцыёну. Але баюся, што карысцi з гэтага будзе не шмат, - сказаў Готфрыд. - Фiнансавае ўпраўленне i так злуецца на нас за падаткi.
- Магчыма, - згадзiўся Кёстэр.
Ленц падняўся.
- Раўнавага i добрая вытрымка ў цяжкiх сiтуацыях упрыгожваюць салдата.
Ён падышоў да шафы i ўзяў бутэльку каньяку.
- Выпiўшы такога каньяку, мы можам праявiць нават гераiзм, - сказаў я. Калi не памыляюся, гэта апошняя бутэлька добрага каньяку.
- Гераiзм, хлапец, - запярэчыў Ленц, - патрэбны толькi ў цяжкiя часiны. А мы жывём у часы адчаю. Тут адзiна прыстойныя паводзiны - гумар. - Ён выпiў сваю чарку. - Добра. А цяпер я сядлаю нашага старога Расiнанта, каб зарабiць якую дробязь.
Ён пайшоў праз змрочны двор i выехаў на таксi. Мы з Кёстэрам яшчэ крыху пасядзелi.
- Не шанцуе, Ота, - сказаў я. - Нам заклята нё шанцуе ў апошнi час.
- Я прывык не задумвацца больш, чым трэба, - адказаў Кёстэр. - I гэтага хапае. Як там - у санаторыi?
- Каб не хвароба, то там - рай. Снег i сонца.
Ён падняў галаву.
- Снег i сонца. Гучыць крыху нязвыкла, праўда?
- Праўда. Вельмi нязвыкла. Там усё нязвыкла.
Ён зiрнуў на мяне.
- Што робiш сёння ўвечары?
Я пацiснуў плячыма.
- Трэба спачатку занесцi чамадан дадому.
- Мне на гадзiну трэба адлучыцца. Ты потым прыйдзеш у бар?
- Абавязкова, - сказаў я. - Што мне яшчэ рабiць?
Я забраў на вакзале чамадан i занёс яго дамоў. Я адчынiў дзверы цiха: у мяне не было жадання размаўляць нi з кiм.
Мне ўдалося прашмыгнуць, не трапiўшы ў лапы фраў Залеўскi. Хвiлiнку я пасядзеў у сваiм пакоi. На стале ляжалi пiсьмы i газеты. У канвертах былi толькi праспекты. Мне нiхто не пiсаў. "Цяпер мне будуць пiсаць", - падумаў я.
Неўзабаве я ўстаў, умыўся, пераапрануўся. Чамадан я не распакоўваў. Я вырашыў пакiнуць сабе нейкi занятак пасля вяртання. Я не пайшоў у пакой Пат, хоць i ведаў, што там нiхто не жыве. Я цiхенька пракраўся праз калiдор i, выбраўшыся на вулiцу, з палёгкай уздыхнуў.
Я накiраваўся ў кавярню "Iнтэрнацыяналь" перакусiць. Афiцыянт Алоiс вiтаў мяне на парозе.
- Зноў да нас?
- Да вас, - сказаў я. - Урэшце, заўжды вяртаешся на старое месца.
Роза i астатнiя дзяўчаты сядзелi вакол вялiкага стала. Сабралiся амаль усе. Гэта быў час памiж першым i другiм выхадам.
- Бог мой, Роберт, - сказала Роза. - Рэдкi госць.
- Не пытайся ў мяне нi пра што, - сказаў я. - Галоўнае, што я вярнуўся.
- Не зразумела. Цяпер будзеш прыходзiць часцей?
- Магчыма.
- Не бяры блiзка да сэрца, - сказала яна, зiрнуўшы мне ў твар. - Усё праходзiць.
Читать дальше