Праз паўгадзiнкi пайшлi астатнiя. Толькi Лiлi засталася сядзець. Твар яе закамянеў. Я яшчэ крыху пабарабанiў на пiянiна, потым з'еў бутэрброд i таксама пайшоў. Было цяжка доўга заставацца сам-насам з Лiлi. Я павольна iшоў па мокрых цёмных вулiцах. Каля могiлак выстраiўся атрад Армii выратавання. У суправаджэннi труб i трамбонаў яны спявалi пра нябесны Ерусалiм. Я спынiўся. Раптам з'явiлася пачуццё, што мне не вытрываць аднаму, без Пат. Я ўтаропiўся на бляклыя магiльныя плiты. Я сказаў сабе, што год назад я быў куды больш адзiнокi, што ў той час я быў увогуле незнаёмы з Пат. А цяпер яна была, хоць i не са мной. Але нiчога не дапамагала - настрой мой раптам зусiм сапсаваўся. Я адчуў сябе бездапаможным. Нарэшце я вярнуўся ў свой пакой, каб паглядзець, цi няма ад яе пiсьма. Гэта не мела сэнсу, бо пiсьма не магло быць i не было, але я ўсё роўна падняўся ў пакой.
Выходзячы, я каля дзвярэй сустрэў Арлова. Пад яго расшпiленым палiто быў бачны смокiнг. Ён адпраўляўся ў гатэль на працу, ён там танцаваў. Я спытаў яго, цi не чуў ён што пра фраў Хасэ.
- Не, - сказаў ён. - Яна яшчэ не вярталася. I ў палiцыю не заявiлася. Было б лепш, каб яна ўжо не вярнулася.
Мы разам iшлi па вулiцы. На рагу стаяла грузавая машына з мяшкамi i вугалем. Шафёр падняў капот i корпаўся ў маторы. Потым ён уладкаваўся на сваё сядзенне. Калi мы праходзiлi каля машыны, ён завёў матор i даў газ на халастых абаротах. Арлоў уздрыгнуў. Я зiрнуў на яго. Ён збялеў.
- Вам нездаровiцца? - спытаў я.
Ён усмiхнуўся збялелымi вуснамi i пахiтаў галавой.
- Не... але я часам пужаюся, калi нечакана чую такi гук. Калi ў Расеi расстрэльвалi майго бацьку, на вулiцы таксама завялi матор грузавiка, каб заглушыць выстралы. Але мы iх усё роўна чулi.
Ён зноў усмiхнуўся, быццам просячы прабачэння.
- З мацi доўга не важдалiся. Яе расстралялi раненька ў падвале. Нам з братам ноччу ўдалося ўцячы. I былi яшчэ каштоўнасцi. Але мой брат замёрз па дарозе.
- За што расстралялi вашых бацькоў? - спытаў я.
- Мой бацька да вайны камандаваў казацкiм палком, якi ўдзельнiчаў у падаўленнi паўстання. Ён ведаў, што яго чакае. Ён лiчыў гэта, так бы мовiць, у парадку рэчаў. Мая мацi так не лiчыла.
- А вы?
Ён зрабiў змораны адмоўны жэст.
- З таго часу так шмат было ўсяго.
- У тым-та i справа, - сказаў я. - Было больш, чым месцiцца ў галаве.
Мы падышлi да гатэля, дзе ён працаваў. З "б'юiка" ў гэты час выйшла дама i з радасным воклiчам кiнулася да яго. Гэта была даволi поўная элегантная бландзiнка гадоў сарака.
Па яе прывялым бяздумным твары было вiдаць, што яна не зведала нi турбот, нi гора.
- Прабачце, - сказаў Арлоў, амаль не глянуўшы ў мой бок, - справы...
Ён пакланiўся бландзiнцы i пацалаваў ёй руку.
У бары былi Валянцiн, Кёстэр i Фердынанд Граў. Ленц прыйшоў крыху пазней. Я сеў за iх столiк i заказаў паўбутэлькi рому. Я ўсё яшчэ адчуваў сябе вельмi дрэнна.
Фердынанд - шырокi, масiўны - сядзеў у кутку. У яго былi запалыя шчокi i ясныя блакiтныя вочы. Ён ужо выпiў.
- Ну, малыш Робi, - сказаў ён i ляпнуў мяне па плячы. - Што з табой здарылася?
- Нiчога, Фердынанд, - адказаў я. - I гэта дрэнна.
Хвiлiнку ён узiраўся ў мяне.
- Нiчога? - сказаў ён потым. - Нiчога? Гэта шмат! Нiчога - гэта люстэрка, праз якое пазнаеш свет.
- Брава! - крыкнуў Ленц. - Надзвычай арыгiнальна, Фердынанд!
- Супакойся, Готфрыд, - Фердынанд павярнуўся да яго магутнай галавой. Такiя рамантыкi, як ты, - толькi патэтычныя конiкi, што скачуць па краi жыцця. Яны разумеюць яго няправiльна, i ўсё для iх сенсацыя. Што ты ведаеш пра НIЧОГА, ты - легкавагавая iстота?
- Ведаю тое-сёе. I гэтага дастаткова, каб любiць сваю вагу, - заявiў Ленц. - Прыстойныя людзi паважаюць НIЧОГА, Фердынанд. Яны не корпаюцца ў iм, як краты.
Граў утаропiўся ў яго.
- Будзь здароў, - сказаў Готфрыд.
- Будзь здароў, - адказаў Фердынанд. - Будзь здароў, корак.
Яны выпiлi да дна.
- Хацеў бы я быць коркам, - сказаў я i таксама выпiў сваю чарку. - Каб,што нi зробiш, усё атрымлiвалася як трэба. Хоць бы нядоўга.
- Здрада! - Фердынанд так гоцнуўся на крэсле, што яно затрашчала. - Хочаш стаць дэзерцiрам? Здрадзiць нашаму братэрству?
- Не, - адказаў я. - Я не хачу здраджваць. Але мне хочацца, каб у нас нiчога не крышылася.
Фердынанд нахiлiўся да мяне. Яго вялiзны дзiкаваты твар перасмыкнуўся.
- Ты - член аднаго ордэна, брат, ордэна няўдалых, няўмелых, з iх бязмэтнымi жаданнямi, з iх сумам, што не прыносiць карысцi, з каханнем без будучынi, з адчаем, што не мае сэнсу. - Ён усмiхнуўся. - Ты - з таго братэрства, члены якога лепш загiнуць, чым зробяць кар'еру, лепш прайграюць жыццё, пусцяць яго на вецер, згубяць, чым забрудзяць альбо забудуць недасягальны вобраз - той вобраз, брат, якi яны носяць у сэрцы, якi непагасна гарыць у гадзiнах, днях i начах, дзе нiчога няма, акрамя аднаго: голага жыцця i голай смерцi.
Читать дальше