- Вазьмi;- не пагадзiўся Ленц. - Лiшняя не будзе.
Ён, iдучы побач з цягнiком, якi рухаўся, кiнуў мне бутэльку.
- Да пабачэння, Пат! - крыкнуў ён. - Калi мы тут прагарым, то ўсе разам прыедзем да вас. Ота будзе лыжнiкам, я - настаўнiкам танцаў, а Робi пiянiстам. Разам з вамi мы ўтворым трупу i пойдзем ад гатэля да гатэля.
Цягнiк набраў хуткасць. Готфрыд адстаў. Пат высунулася з акна, махаючы рукой, пакуль вакзал не знiк за паваротам. Потым павярнулася да мяне. Яна была вельмi бледная, у яе вачах блiснулi слёзы. Я абняў яе.
- Хадзем, - сказаў я. - Вып'ем кроплю. Ты трымалася цудоўна.
- Але на душы ў мяне зусiм не цудоўна, - адказала яна, спрабуючы ўсмiхнуцца.
- Як i ў мяне, - сказаў я. - Вось таму мы i вып'ем.
Я адкаркаваў бутэльку i налiў ёй шкляначку каньяку.
- Добра? - спытаў я.
Яна кiўнула i прыхiлiлася да майго пляча.
- Ах, мiлы, што толькi будзе?
- Не трэба плакаць, - сказаў я. - Я так ганаруся, што ты не заплакала, нiводнага разу за дзень.
- Я i не плачу, - адказала яна i заматала галавой, а слёзы кацiлiся па яе вузкiм твары.
- Давай, выпi яшчэ крыху, -гаварыў я, трымаючы яе ў абдымках. - Трэба перажыць толькi першы момант, потым будзе лягчэй.
Яна кiўнула.
- Так, Робi. I ты не турбуйся. Зараз усё пройдзе, i стане лягчэй, толькi ты не глядзi на мяне. Пакiнь на некалькi хвiлiн мяне адну, i я спраўлюся з сабой.
- Але чаму? Увесь дзень ты трымалася так мужна... Цяпер ты можаш паплакаць, колькi табе захочацца.
- Я трымалася зусiм не мужна. Ты толькi не заўважыў.
- Магчыма, - сказаў я. - Але ў тым i ёсць мужнасць.
Яна паспрабавала ўсмiхнуцца.
- У чым мужнасць, Робi?
- У тым, што не здаешся. - Я пагладзiў яе па валасах. - Пакуль не здаешся, ты - над лёсам.
- У мяне гэта не мужнасць, мiлы, - прамармытала яна. - Гэта проста страх. Нiкчэмны страх перад вялiкiм, апошнiм страхам.
- Гэта самая вялiкая мужнасць, Пат.
Яна прыхiлiлася да мяне.
- Ах, Робi, ты зусiм не ведаеш, што такое страх.
- Ведаю, - сказаў я.
Дзверы адчынiлiся. Праваднiк папрасiў бiлеты. Я падаў.
- Бiлет у спальны вагон - для дамы? - спытаў ён.
Я кiўнуў.
- Тады вам трэба перайсцi ў спальны, - сказаў ён Пат. - У iншыя вагоны бiлет не годны.
- Добра.
- А сабаку трэба здаць у багажны вагон, - заявiў ён. - Там - купэ для сабакi.
- Выдатна, - сказаў я. - А дзе спальны вагон?
- Справа - трэцi. Багажны - самы першы.
Ён пайшоў. У яго на грудзях матляўся маленькi лiхтарык. Быццам ён iшоў па шахце.
- Трэба перабiрацца, Пат, - сказаў я. - Бiлi я перапраўлю да цябе кантрабандай. У багажным яму няма чаго рабiць.
Сабе я не купiў бiлета ў спальны вагон. Мне нiчога не значыла праседзець ноч у куточку купэ. Ды i дзешавей так.
Юп ужо занёс чамаданы Пат у спальны вагон. Маленькае зграбнае купэ было аздоблена чырвоным дрэвам.
У Пат было нiжняе месца. Я спытаў праваднiка, цi занята верхняе.
- Будзе занята, - сказаў ён. - Ад Франкфурта.
- У колькi мы будзем у Франкфурце?
- А палове трэцяй.
Я даў яму "гасцiнца", i ён вярнуўся ў свой куток.
- Праз паўгадзiны мы з сабакам зноў будзем у цябе, - сказаў я Пат.
- Але ж нельга, праваднiк застаецца ў вагоне.
- Можна. Не замыкай дзверы.
Я пайшоў назад мiма праваднiка. Ён зiрнуў на мяне. На наступнай станцыi мы з сабакам выйшлi i на пероне мiма спальнага вагона перайшлi ў наступны. Тут я пачакаў, пакуль праваднiк выйшаў, каб паразмаўляць з машынiстам. Потым я зноў падняўся, прайшоў праз вагон да купэ Пат. Нiхто мяне не ўбачыў.
У белым мяккiм халаце яна выглядала вельмi прыгожа. Яе вочы гарэлi.
- Я ўжо зусiм супакоiлася, Робi, - сказала яна.
- Добра. Але цi не прылегчы табе? Тут вельмi цесна. Тады я прысяду каля цябе.
- Добра, але... - Яна павагалася i паказала на верхняе месца. - Калi раптам адчыняцца дзверы i перад намi з'явiцца прадстаўнiца Саюза выратавання паўшых дзяўчат?
- Да Франкфурта яшчэ далёка, - сказаў я. - Я буду напагатове. Я не засну.
Перад самым Франкфуртам я перайшоў у сваё купэ. Я сеў у куток каля акна i паспрабаваў заснуць. Але ў Франкфурце ў купэ з'явiўся чалавек з вусамi, як у цюленя. Ён адразу штосьцi дастаў з чамадана i пачаў есцi. Ён еў так старанна, што я не мог заснуць. Сiлкаванне працягвалася амаль гадзiну. Потым цюлень выцер вусы, улёгся i пачаў канцэрт, якога я не чуў ад роду. Гэта быў не проста храп, гэта былi ўздыхi з падвываннем, якiя перарывалiся раптоўнымi стогнамi i працяглым булькатаннем. Я не мог ва ўсiм гэтым вызначыць нiякай сiстэмы, так усё было разнастайна. На шчасце, а палове шостай чалавек выйшаў.
Калi я прачнуўся, за акном усё было бялюткае. Снег падаў буйнымi шматамi. Купэ патанула ў нерэальным паўзмроку. Мы ўжо ехалi памiж гор. Было каля дзевяцi гадзiн. Я пацягнуўся i пайшоў мыцца i галiцца. Вярнуўшыся, я ўбачыў у купэ Пат. Выгляд у яе быў свежы.
Читать дальше