1 ...6 7 8 10 11 12 ...15 – Што там? – запыталася сястра.
– Пуста. Відаць, там схаваны патаемны пакой. А мо і які патаемны ход.
– Хто б мог падумаць?!
– Так.
– І што, там зусім нічога-нічога не відаць?
– Святло, падаецца, удалечыні бачу, але нічога не разгледзець. Трэба спраўдзіць.
І Янка паспрабаваў рукой абмацаць пустэчу. Але ён не здолеў утрымаць раўнавагу, стоячы на вечку куфра, і паляцеў у цемру. Мілана адразу ж ад спалоху заверашчала. Але неўзабаве ўцяміла, што трэба нешта тэрмінова рабіць, і ўскочыла на куфар. Дзяўчына перахілілася праз край люстэрка і пачала клікаць брата, беспаспяхова водзячы рукой у цемры.
– Янка, Янка! Дзе ты, братачка?
Дзяўчына была не на жарт спалоханая. У яе нават прамільгнула страшэнная думка аб страце брата. Мілана роспачна паклікала яшчэ раз:
– Янка, Ян! Дзе ты?
– Я тут, Мілана! – прыцішана пачулася недзе ў глыбіні.
– Ян? – не паверыла яна сваім вушам. – Як ты там? З табой усё добра?
– Так, ідзі сюды! Тут так прыгожа!
– Куды? Я нічога не бачу.
– Проста скачы долу. Дай веры, усё будзе добра!
– Ну добра. Глядзі, калі што.
Дзяўчыну крыху адольвалі сумневы, але голас брата гучаў так упэўнена, так пераканаўча. Яна закінула нагу, падцягнулася і… скочыла ў цемру.
Мілана апынулася на невялічкай горцы, якою плаўна з’ехала долу. Яна вылецела праз пройму і раптам пабачыла неверагодна прыгожы сонечны лужок. Дзяўчына нават не адразу асэнсавала, што трэба падняцца, нагэтулькі была шакаваная. Паволі ўздымаючыся, глядзела на ўсё шырока расплюшчанымі вачыма.
– Дзе гэта мы?
– Каб жа я ведаў.
Мілана зірнула, адкуль яны сюды трапілі. Гэта быў стары вялізны разгалісты дуб з шырокім ды глыбокім дуплом. Яно было не такім вялікім, каб у яго з лёгкасцю пралез дарослы, але дастатковае, каб прасунуўся хто іх узросту.
– Пачакай! – пачала разважаць яна. – Калі гэта патаемны ход, дык дзе ж тады дом?
– Д-дом? – прамовіў Янка і сам зразумеў, што нешта тут не зусім лагічна.
– Так! Насамрэч мы з’ехалі проста з маленькай горачкі. Пагадзіся, гэтага замала на тое, каб так далёка апынуцца ад дома і каб яго не бачыць.
– А яно ж напраўду так. А дзе ж дом? Што за цуд?
І тут увагу Міланы прыцягнула іншае.
– Глядзі! – паказала дзяўчына на брата. – А што гэта з тваімі даспехамі сталася?
– А што з імі не так? – не разумеючы, прамовіў Янка і адчуў, што даспехі ў некалькі разоў пацяжэлі. Ён узняў руку, і ад здзіўлення хлопцу ледзьве мову не заняло: цацка сталася сапраўдным жалезным мячом. Хлопец папляскаў далонямі па сабе і адчуў грукат лат.
У подзіве ён зірнуў на сястру.
– А з табой што?
– У сэнсе? – крыху перапалохалася сястра і схапілася за галаву.
– Твая дыядэма… Як яна цяпер зіхціць! Ды і адзенне змянілася…
Мілана зняла дыядэму і агледзела яе. Гэта было каштоўнае ўпрыгожванне з дыяментамі, што зырка зіхацелі. Ды і сукенка стала па-каралеўску шыкоўнай.
– Нічога не разумею, – круціла галавою Мілана. – Дома няма, мы незразумела як пераўвасобіліся. Што з намі здарылася? Што ўсё гэта значыць?
– Ды і дзе мы? Падаецца, у нашай ваколіцы ніякіх нават і блізка падобных мясцін няма. Прынамсі я такіх дакладна не бачыў.
– Чакай, – паспрабавала разважаць Мілана. – Мы трапілі сюды праз тое люстэрка.
– Ну так. Ускочылі ў яго і цяпер тут, у гэтым дзіўным месцы.
– Ну, братка, не хачу цябе палохаць, але, баюся, мы трапілі з табой у…
– Залюстрэчча… – нечакана разам прамовілі яны.
Знаёмства з чароўным каралеўствам і яго дзіўныя жыхары
Дзеці чулі пра Залюстрэчча ў казках, але трапіць у яго самім… Ці маглі яны пра такое нават марыць?
– Як такое магчыма? – ледзь дыхаючы, спытала Мілана. – Гэта ж проста неверагодна.
Тым часам на дуб, праз які яны тут з’явіліся, прыляцела сарока. Яна ўселася на сук і пачала з цікаўнасцю іх разглядаць. Дзеці зірнулі на птушку і адвярнуліся. Сарока як сарока, хоць і не так часта яны трапляюцца на вочы.
– Я ўжо і сам не ведаю, ува што цяпер верыць, – разгублена адказаў Янка. – Не, я чытаў казку «Аліса ў краіне цудаў», глядзеў з захапленнем фільм «Дзясятае каралеўства». Але патрапіць у тую краіну самому… Такое ў галаве не ўкладаецца. Ушчыкніце мяне! Можа, я сплю?
– Ушчыкніце тады і мяне.
– Цікава, што гэта за месца?
– Ну, дзіўныя людзі! – пачулася ўгары.
Яны ўзнялі галовы, але там, апрача сарокі, нікога не было. Янка і Мілана здзіўлена пераглянуліся і зноў паднялі галовы.
Читать дальше