– Ашалець! – не ўтрымала эмоцый Мілана. – У жыцці не бачыла анічога прыгажэй. Што гэта за камень, цікава?
– Каб я ведаў! Я сам нічога падобнага не бачыў.
– А што яшчэ нам наш прапрадзед перадаў? – дзяўчына зірнула на іншыя падарункі, якія ў параўнанні з кулончыкам зусім не ўражвалі. – Можаш пакінуць сабе, – пажартавала яна. – А я вазьму толькі яго, – любавалася дзяўчына ўпрыгожваннем. – А можна я яго надзену? Так карціць!
– Калі ласка. Хто табе забараняе? Пэўна ж, ён табе быў прызначаны.
– Выдатна! – усцешылася яна. – Дзякуй!
– Ды няма за што. Тут вунь і люстэрка ёсць. Можаш адразу і паглядзецца.
Мілана апусціла вечка куфра і, нядоўга думаючы, надзела на сябе матузок з кулончыкам.
– Цуд! Мне так пасуе! Праўда?
– Так, безумоўна. Асабліва з тваёй дыядэмай – ну проста каралеўна!
– Дзякуй!
І яна зрабіла невялікі рэверанс, нібыта і сапраўды была каралеўнай.
– А што ты будзеш рабіць са сваімі падарункамі? – без асаблівай цікаўнасці запытала Мілана.
– Я не ведаю, навошта яны наагул. З кулончыкам зразумела, яго хоць можна надзець. А тут што і да чаго, паспрабуй здагадайся.
– Проста так ён бы іх не пакінуў, – тут ужо і Мілана задумалася. – Дай зірну.
Янка працягнуў сястры падкоўку і крыжык. Дзяўчына пачала разглядаць іх.
– Цікава. На першы погляд, нічога такога ў іх няма.
Мілана зноў зірнула на сябе ў люстэрка, прызадумалася і раптам заўважыла старадаўні герб, па-майстэрску выразаны на верхняй частцы асады.
– Слухай, – зацікаўлена запыталася яна ў брата, – а гэта што?
– Наш родавы герб.
– Родавы герб? У нас быў свой герб?
– Некалі. Даўно, – адказаў Янка і ўважліва паглядзеў на выяву.
– Так, зачэпка ў ім! – узрадаваўся хлопец. – Як жа я адразу не здагадаўся?! Слухай, ты проста геній.
– Ты пра што? – не зусім разумела сястра.
– Дай сюды, – папрасіў ён назад свае падарункі. – Зірні на герб. Бачыш?
– Герб як герб… Аёй! – выгукнула яна, урэшце нешта таксама заўважыўшы. – На ім не стае крыжа і падковы. Але калі іх адламалі, чаму назад не прымацавалі? Навошта іх зламанымі трэ было захоўваць? Ды яшчэ нам перадаваць?
– Вось гэта мы і высветлім.
І хлопец, трымаючы свае падарункі ў руцэ, узлез на вечка куфра. Найперш ён прымерыў крыж, які дакладна запоўніў выемку. Значыцца, менавіта там ён быў даўней. Янка замацаваў яго трывала.
– Надаецца! – задаволена прамовіў ён.
І адразу ж па каморы праляцеў лёгкі ветрык. Зусім кволы, але ў зацішнай каморы яго можна было адчуць.
– Скразняк? – выказаў здагадку Янка. – Табе не падалося?
– Так. Я нешта таксама адчула.
– Дзіўна. Скуль ветру тут узяцца? Добра, не будзем зважаць на дробязі.
Янка ўзяў падкоўку і старанна прымацаваў яе. І так моцна прыціснуў далонню, што крыж неверагодным чынам нібыта выехаў з рамы.
– Што за глупствы? Я ж яго надзейна замацаваў!..
Янка крыху абурана ўзяўся за крыжык. Але той ужо не вымаўся. Ён нібыта вісеў на нейкім цвіку ці на шрубе.
– Не зразумеў, – прамовіў Янка. – Як гэта так?
Ён пацягнуў крыж мацней і заўважыў, што той круціцца. Янка, не ўсведамляючы, да чаго гэтая цікаўнасць можа прывесці, пачаў паварочваць крыж.
І тут люстэрка непрыемна ляснула. Наступным імгненнем уся яго паверхня ўкрылася танюткім павуціннем расколінак. Янка і Мілана не на жарт злякаліся, што зараз яно разляціцца па ўсім пакоі дробнымі аскепкамі, крануўшы і іх. Абое ў спалоху затулілі твары рукамі і адвярнуліся.
Але аскепкі не разляцеліся, а проста з шамаценнем і звонам абсыпаліся долу. І было б зразумелым, каб шкло абрынулася аскепкамі на куфар і падлогу. Але ж яно знікла некуды ў асаду, што было вельмі дзівосна.
Янка і Мілана павярнуліся, зірнулі на зніклае люстэрка і, нічога не разумеючы, пераглянуліся міжсобку.
– А дзе?.. – разгублена запыталася Мілана. – Шкло… Ці хоць бы аскепкі.
Янка пацепнуў плячыма. Ён паглядзеў на пустую асаду, а потым моцна-моцна заплюшчыў вочы і паматляў галавой, нібыта пабачыў нешта такое, чаму вочы не давалі веры.
– Што за…
Потым хлопец падняў руку і паспрабаваў дакрануцца да таго месца, дзе яшчэ колькі хвілін таму было люстэрка. Там дакладна мусіла нешта ж быць – ці сцяна, ці дыхта. Хоць нешта. Але замест таго яго рука проста трапіла ў нейкую пустэчу.
– Што за… – ізноў паўтарыў ён, не ведаючы нават, што і думаць.
Мілана стаяла з разяўленым ротам. Яна таксама адмаўлялася верыць сваім вачам. Янка тым часам выцягнуў руку з пустэчы, затым ізноў апусціў яе туды, сам сябе правяраючы.
Читать дальше