– Наш род належаў да гэтага герба і карыстаўся ім.
– Гэта як?
– Даўней, калі рыцары збіраліся на вайну і аб’ядноўваліся пад адной харугвай з гербам, за вайсковыя заслугі іх сем’ям мог надавацца герб. Ім яны потым карысталіся. Такім чынам многія шляхецкія сем’і займелі падобныя гербы. Наш род пайшоў ад сапраўдных рыцараў.
– Але ж!
Янка быў гэтак здзіўлены, гэтак усхваляваны, што мог бы выпусціць вуду і не заўважыць таго.
– Ашалець можна! – не мог ачомацца хлопец. – А чаму я нічога дагэтуль не ведаў?
– Папраўдзе, гэтага нават твой бацька не ведае. Я пра тое асабліва ні з кім не размаўляў.
– А чаму?
– Ну як табе патлумачыць? Не тыя часы былі, скажам так.
– У сэнсе?
– Калісьці за такое маглі і выправіць куды, у Сібір ці яшчэ што горай. Хаця твой бацька і нарадзіўся ўжо ў больш вольны час, але ўсё адно лепей было не распавядаць пра сваё паходжанне.
– А цяпер што?
– Ужо можна і не хаваць. Але каму гэта цяпер цікава?.. – сумна прамовіў дзед.
– Мне! – гарэлі вочы хлопца. – Вельмі! Гэта ж так істотна ведаць, – кім былі твае продкі. Асабліва калі гэтакія. Я дагэтуль пра рыцараў толькі ў кніжках чытаў ды фільмы пра іх глядзеў. А цяпер разумею, што ў маім родзе былі рыцары! Цікава ж!
– Шчыра кажучы, мяне вельмі цешыць, што цябе гэта так уразіла, – павесялеў дзед. – Можа, у цябе атрымаецца болей даведацца пра нашых продкаў. Я стары ўжо. А ў вас, маладых, усе магчымасці сёння на тое ёсць. І архівы, і бібліятэкі вунь якія, і гэтае, як яго…
– Сеціва? – падказаў хлопец.
– Ага, яно самае. Вось дзе рэч, кажуць, цудоўная.
– Усё, што пажадаеш, можна знайсці, – пагадзіўся Янка. – Трэба будзе ў вольны час, як вернемся, паглядзець. Магчыма, што і знайду.
– Мо што і мне потым апавядзеш.
– Абавязкова, дзеду.
– О! – раптоўна гукнуў дзед, і Янка павярнуўся ў той бок, куды глядзеў дзед. – Торкае, глянь ты, торкае!
– Ага, – адразу з імпэтам пералучыўся Янка на іншае. – Глянь ты, і сапраўды, бярэ! Ды і добра, відаць жа. Гэтак цягне, няйнакш, вялікая рыбіна.
– Так, давай, давай! – дзед шмаргануў вуду і закруціў шпульку.
Урэшце над воднай плынню паказалася і сама рыбіна, якая выскачыла на імгненне з вады, спрабуючы вызваліцца ад гачка. Яна была не з дробных. Галоўнае цяпер, каб яна не сарвалася.
– Падхватнік, Янка, хутчэй падхватнік! – крычаў дзед, падцягваючы рыбу, якая ўпарта супраціўлялася.
Хлопец кінуў сваю вуду і скокнуў па падхватнік. Дзед падвёў рыбу бліжэй да берага, а хлопец яе ўдала падхапіў. Ён ледзь выцягнуў рыбіну на бераг, ажно той падхватнік прагнуўся.
– Глядзі, глядзі! – раптоўна гукнуў дзед. – Хапай вуду, і ў цябе бярэ!
Хлопец кінуўся ратаваць сваю вуду, якую рыбіна магла сцягнуць за сабою. Янка падсякаў яе і падцягваў гэтак, як вучыў дзед. Рыба пачала весці з боку ў бок, але хлопец усё бліжэй падцягваў яе да берага. Лёска напіналася, як струна, але гэта адно падахвочвала хлопца. Яшчэ крыху намаганняў – і ягоны ўлоў на беразе.
А далей яны толькі і паспявалі, што выцягваць згаладалую рыбу, і за колькі гадзін ужо мелі болей чым зайздросны ўлоў. Такога Янка і не мог уявіць.
Нечаканая разгадка. Чароўная краіна
Дахаты нашы рыбакі вярнуліся надта шчаслівыя і з багатым уловам. Вядро, амаль поўнае рыбы, Янка ледзь перанёс праз парог і з грукатам бухнуў на падлогу. Яго перапаўняў гонар мужчыны-здабытніка, які з лішкам выканаў свой гаспадарскі абавязак карміцеля сям’і. Следам за ім ужо больш сціпла ўвайшоў дзед і ціха паставіў вуды і рэчы ў кут.
– Вось! – пахваліўся Янка. – Ледзь данеслі!
– Матка Боска! – радасна пляснула ў ладкі бабуля. – Ну вы і малайцы!
– Але ж, сапраўдныя рыбакі! Здабытнікі! Гэта ж трэба, гэтулькі рыбы налавілі! – падтрымаў сваіх родных тата і папляскаў сына па плечуку. – Ну, дай пацісну табе руку!
І той з гонарам, але ў той самы час і ўсхвалявана працягнуў яе бацьку.
– Ды што вы, – прамовіў збянтэжаны ад пахвалы хлопец. – Я ж з дзедам. Каб не ён…
– Слушна, Янка, – падтрымаў такое імкненне да справядлівасці бацька. – Славай трэба дзяліцца з тымі, хто дапамагаў яе дасягнуць. – Ну, тата, – звярнуўся ён ужо да свайго бацькі, – вы мяне ўразілі, нават перасягнулі самога сябе. Мяркую, Янка надоўга запомніць такую рыбалку!
– Толькі куды ж мне цяпер усю гэтую рыбу падзець? – прамовіла бабуля.
– Частку можам засмажыць альбо ў печы згатаваць, – прапанавала маці. – А рэшту сёння возьмем з сабой у госці. Будзе выдатны падарунак.
Читать дальше