– Вось, тата, – звярнуўся ён урачыста да свайго бацькі, – табе! Як і абяцаў. Лаві шмат вялікіх!
– Вой! – узрадаваўся такому падарунку стары. – Якая шыкоўная! Ну, дзякуй, сынку, дагадзіў старому! Ай, добрая вуда! – ён памахаў ёю, нібы ўяўляючы, як будзе яе закідваць.
– Прыемна, што табе даспадобы. Доўга абіраў найлепшую.
– Дзякуй, дзякуй. Дарагі падарунак.
Урэшце з-за машыны выйшлі Янка з Міланай. У дзяўчыны на галаве ззяла незвычайна прыгожая дыядэма. Ды сама Мілана свяцілася ад шчасця і гонару не меней за ўпрыгожанне. А побач з ёй стаяў юны рыцар у шыкоўна пафарбаваных даспехах.
Бабуля так і пляснула ў далоні ад замілавання. Але дзед… Усе пачулі, як ён упусціў вуду, і ад нечаканасці яны нават скалануліся, зірнулі на старога. Ён, здаецца, нават спалатнеў без дай прычыны і знерухомеў.
– Бацька, ты чаго? – першы запытаўся тата. – Ты з твару зблажэў, нібы здань пабачыў.
– Я-я… – ледзь прамовіў той. – Не, нічога, – паспрабаваў ён адвесці ўвагу ад сябе.
Тут і бабця зірнула на яго.
– Ты ў парадку? Можа, што з сэрцам?
– Ды не, – супакоіў ён сваю жонку. – Усё добра. Проста спякотна нешта сёння, хадземце ў хату.
Усе здзіўлена зірнулі на неба. Так, неба было пагодным, ясным, але наўрад ці можна было назваць сённяшняе надвор’е спякотным. Досыць цёплым – так, але не болей за тое. Аднак усе, хоць і бачылі, што дзеду ніякавата, паслухалі яго.
– Усё, не хвалюйцеся, са мною ўсё добра, кажу я вам, – супакоіў яшчэ раз усіх дзед. – Пэўна, стаміліся з дарогі? Зараз бабуля вам гарбаты запарыць.
– Так, сапраўды, – пагадзілася тая. – Будзеце піць?
– Ды не кепска было б, – не адмовілася маці. – Доўга ехалі, дзецям варта пад’есці.
– Вось і выдатна, адразу стаўляю імбрычак. У мяне ёсць найсмачнейшае малінавае сочыва. Хатняе, сама варыла, – пахвалілася бабця. – Любіце такое?
– Любім! Любім! – весела закрычалі Янка і Мілана. – Асабліва тваё, бабуля.
– Вось і выдатна, – расчулілася яна. – Я і бліноў да вашага прыезду напякла.
Бабуля скіравала на кухню, а дзед з вудай рушыў у камору. Дзеці ў ёй ніколі не былі, ды і не звярталі на гэты пакойчык аніякай увагі. Але чамусьці менавіта цяпер гэтая камора зацікавіла Янку. Ён праводзіў дзеда вачыма да самых дзвярэй. А калі той адамкнуў іх і зайшоў унутр, хлопец ажно выцягнуў шыю.
Дзед паставіў вуду і хутка вярнуўся. Яго позірк на імгненне сустрэўся з зацікаўленым позіркам унука. Стары толькі сціпла ўсміхнуўся, замкнуў дзверы і пайшоў да стала. Праходзячы каля Янкі, ён правёў рукой па яго галаве і паляпаў па плячы.
– Вой, добрая ж у вас гарбата! – пахваліла маці сваю свякроўку. – Ды з гэткімі смачнымі блінамі! М-м-м, – пахітала яна галавой, атрымліваючы асалоду. – Тое, што трэба з дарогі.
– На здароўе. Пазней вам нечага больш уежнага насмажу, можа, бульбы з салам і яйкамі ці з грыбамі.
– У мяне ўжо слінкі пацяклі, – сказаў тата. – Як уявіш водар тваёй смажанкі, дык адразу апетыт разгараецца.
– Гэта вам не ў вашым горадзе! Харчуецеся немаведама чым. Вунь як схуднелі. Ну нічога, я тут за вас вазьмуся, неўзабаве ў мяне да людзей станеце падобныя! – жартавала бабуля.
Усе пад’елі, падзякавалі бабулі за смачны пачастунак і сталі раскладваць свае рэчы па пакоях.
Янка, праходзячы паўз камору, паглядзеў уважліва на дзверы, нібы імкнуўся знайсці хоць нейкую шчыліну. Што ж такое ў ёй? Чаму дзед яе гэтак старанна замкнуў?
– Слухай, Мілана, – ціха звярнуўся да сястры. – А ты хоць раз бачыла, што там?
– Дзе?
– У каморы.
– Не, – матлянула яна галавой. – Ды і навошта? Напэўна, рознае халусце. Што там можа быць цікавага?
– Але чаму тады дзед заўжды яе замыкае?
– Мо яму там і ёсць што каштоўнае, але мне ўсё адно.
– Ат, – махнуў рукой Янка, разумеючы, што яе гэта не цікавіць.
Рыбалка. Таямнічы падарунак. Аповед пра продкаў
Наступнага дня дзед з Янкам вырашылі парыбачыць. Дзеду карцела выпрабаваць новую вуду, і ён пабудзіў унука.
– Ну што, рыбак, не перадумаў? – жартам запытаўся дзядуля.
– Не, мы ж дамовіліся.
– Слушна. Ранкам рыба сама лепей бярэцца, прынамсі ў нас. Так што ўставай, хутка снедай і хадзем.
– А Мілану не будзем будзіць?
– Ды не, хай спіць. Прагне сёння з сяброўкамі сустрэцца, даўно не бачыліся.
– Ага, пахваліцца, – усміхнуўся Янка.
– Мо і так. Чаму б і не пахваліцца, як ёсць чым? Яна ў вас ужо як каралеўна. Ды яшчэ з гэтай каронай!..
Читать дальше