– Якія госці? – крыху здзівіўся Янка, і не таму, што было шкада з кімсьці падзяліцца, а таму, што нечаканымі былі навіны пра выправу на госці адразу па прыездзе.
– Цётка твая нас усіх сёння да сябе паклікала, даўно не бачыліся.
– Вой, матуля, я сёння так стаміўся і не выспаўся… Можна я ўдома застануся?
– Яна ўсіх паклікала, – крыху разгубілася маці.
– А з іншага боку, мо няхай ён дома застанецца? – падтрымаў сына бацька. – Мяркуй сама: іншыя дзеці нават прыблізна яго ўзросту туды дакладна не прыйдуць. Што ён там рабіцьме? Будзе сядзець і глядзець на нас, слухаючы сумныя дарослыя разважанні?
– Во! – далучылася да размовы і Мілана. – А можна тады і я ўдома застануся? Што я там адна буду рабіць? Я лепей сябровак сваіх адведаю, даўно не бачыліся. Мяне ўжо суседка Марыська клікала да сябе, Янку таксама.
– Мяне? – здзівіўся Янка.
– Не, цябе запрашаў ейны брат, твой прыяцель, – патлумачыла Мілана. – Я сказала, што ў цябе ёсць рыцарскія даспехі, а яна пра гэта апавяла брату, той вельмі хацеў іх пабачыць.
– Але ж! Я толькі ўчора заявіўся, а ўжо аднавяскоўцы ведаюць з чым.
Усе адразу ж засмяяліся з такой серыі навін.
– А што? – як нічога ніякага працягнула Мілана. – Я ёй пахвалілася сваёй дыядэмай і тваімі даспехамі. Ёй з братам дужа цікава на іх паглядзець. Пэўна, яны такога яшчэ ніколі не бачылі.
– Добра, вазьму з сабой.
– Можа, так для вас будзе лепей, – пагадзілася маці.
– Анягож! – падтрымаў тата. – Ім з сябрамі будзе куды весялей, чым з намі.
– А вы? – звярнулася мама да свёкра. – З намі пойдзеце? Не стаміліся?
– Я? Вядома ж, пайду. Мне ж рыбалка не ў цяжар была. Мне ж гэта хутчэй за звыклую забаўку.
– Ды і я таксама не тое што стаміўся, – быццам стаў апраўдвацца Янка, – проста не выспаўся, прачнуўся ж рана…
– Ніхто ж нічога не кажа, – супакоіў яго дзед. – Гэта мне, старому, ужо з рання не спіцца. А вам, вядома, проста неабходна высыпацца.
Дарослыя пераапрануліся і сабраліся выходзіць з дому. Але ўжо ў апошні момант дзед заўважыў, што вуды ён так і не прыбраў у камору.
– Во дзе ёлупень стары! – пакпіў ён сам з сябе. – Зусім вылецела з галавы.
– Ай, бацька, – звярнуўся да яго тата Янкі, – прыйдзем – прыбярэш. Выходзім.
– Не-не-не! – заўпарціўся дзед. – Рэчы заўжды мусяць быць на сваіх месцах. Пагатоў новая вуда, дарагая такая! А ты кажаш, каб яе вось так кінуў? Ды мне ж супакою не будзе, увесь час у гасцях буду думаць, як яна там.
– Добра. Толькі хутчэй, калі ласка. А то нас, пэўна, ужо чакаюць.
– Я зараз, хуценька.
Дзед падхапіў кінутыя рэчы і пашыбаваў з імі да каморы. Ён адамкнуў дзверы, усё паставіў, выйшаў і зачыніў дзверы. А затым падняў руку, каб замкнуць іх, мяркуючы, што ключ у замочнай шчыліне, і на імгненне знерухомеў, спрабуючы нешта ўспомніць.
– Дзіўна, – прамармытаў ён.
Ключа ў дзвярах не было. Стары пачаў аглядаць свае кішэні, але і там было пуста.
– Нічога не разумею, – прамовіў ён.
– Што такое? – запыталася жонка.
– Ды ключ, дакладна ж памятаю, што пакінуў яго ў дзвярах. Падаецца ж, не вымаў. Ці не? Мо ў каморы паклаў дзе? – выказаў ён здагадку і зноў пачаў шукаць.
– Ды хадзем ужо, проста прычыні дзверы. Што можа здарыцца з тваёй каморай за паўдня?
Але дзед нічога не адказваў, яго цяпер болей хвалявала пытанне, куды ён падзеў ключ.
– Ай, тата, і сапраўды, – карцела ўжо выйсці і бацьку Янкі, – проста прычыні дзверы. Дзеці ўдома, калі што – затэлефануюць. Нам жа тут недалёка ісці, гэта ж не ў суседняю вёску ці яшчэ куды.
– Ну добра, добра, – без асаблівай радасці змушана пагадзіўся дзядуля.
Ён проста прычыніў дзверы, яшчэ колькі секунд памуляўся каля іх, не маючы ахвоты пакідаць дзверы незамкнёнымі, а потым рашуча махнуў рукой і ўрэшце скіраваў з усімі да выйсця. Не ведаў ён тады, да чаго гэта ўсё можа прывесці. Хоць недзе там, у глыбіні, нешта тачыла яго. Ну, значыцца, лёс такі. Што наканавана…
Янка не бачыў усяго гэтага. Яго змарыла пасля ранняй рыбалкі і перакусу, і ён ужо амаль без сіл паваліўся на ложак. А Мілане, хоць тая і бачыла ўсё, гэта было не надта цікава.
Дарослыя ўрэшце сышлі, і дзеці засталіся адны ў доме. Янка пасапваў, а сястрычка тым часам пайшла збірацца на госці да сяброўкі. Яна ведала, што там будзе прысутнічаць і сябра яе брата, таму жадала выглядаць як мае быць. Дзяўчына пачала перабіраць адзенне, каб абраць, які строй болей пасуе да дыядэмы. Пакуль яна ўпрыгожвалася, Янка паспеў крыху адпачыць. Устаў ён поўны сіл. Цяпер можна хоць на госці, хоць на пошукі прыгод. А як вядома, хто шукае прыгодаў, той заўжды іх знойдзе. Ці яны яго…
Читать дальше