– Табе не падабаюцца тонкія шыі? – прамармытала старая, усміхаючыся. – Няхай жа ў цябе ніякай не будзе, няхай галава расце з плячэй, каб не ўпасці з маленькага тулава!
– Не балбачыце абы-што малому, – нарэшце сказала шаўчыха, незадаволеная працяглымі мацаннем, аглядам і абнюхваннем. – Калі вы штосьці хочаце купіць, то рабіце гэта хутчэй, вы ж распужаеце мне ўсіх пакупнікоў.
– Добра, няхай будзе, як ты кажаш, – усклікнула старая, злосна зірнуўшы. – Я куплю ў цябе гэтыя шэсць качаноў; але ў мяне кій, я не магу нічога несці. Дазволь свайму сынку данесці мае тавары дадому, я аддзячу.
Хлопчык не хацеў ісці з ёй і плакаў, бо агідная жанчына выклікала ў яго жах, але маці строга загадала яму, бо яна лічыла за грэх узваліць на слабую жанчыну ўвесь гэты цяжар; амаль у слязах ён выканаў, што было загадана, сабраў качаны і пайшоў за старой жанчынай праз рынак.
Яна рухалася марудна – амаль тры чвэрці гадзіны прайшло, пакуль яна дайшла да аддаленай часткі горада і нарэшце спынілася перад маленькай пахіленай хацінкай. Яна выцягнула з кішэні стары заржавелы кручок, спрытна ўставіла яго ў маленькую адтулінку ў дзвярах, і раптам тыя з шумам расчыніліся. Як жа здзівіўся малы Якаб, калі ўвайшоў! Усярэдзіне хата была шыкоўна абстаўленая. Столь і сцены былі мармуровыя, мэбля – з найцудоўнейшага эбенавага дрэва, [5] Эбенавае дрэва – дрэвы пэўнай пароды, якія маюць цёмна-зялёны альбо чорны колер.
інкруставанага золатам і адшліфаванымі камянямі, а падлога была са шкла і такая гладкая, што хлопчык некалькі разоў паслізнуўся і ўпаў. А старая дастала з кішэні срэбную дудачку і засвістала на ёй мелодыю, якая разнеслася па ўсім доме. Тады адразу па лесвіцы спусціліся некалькі марскіх свінак; Якабу ж здалося вельмі дзіўным, што яны ішлі на задніх лапках, на якіх замест абутку былі арэхавыя шкарлупіны, самі ж яны былі апранутыя ў чалавечую вопратку, нават у капелюшах самай новай моды.
– Куды вы падзелі мае пантофлі, [6] Пантофлі – хатнія туфлі.
паганы зброд? – закрычала старая і пачала біць па іх палкай, так, што яны з віскатам падскоквалі. – Колькі мне яшчэ стаяць так?
Яны хутка з падскокам пабеглі ўверх па лесвіцы і вярнуліся з парай шкарлупін какосавага арэха, падбітых скурай, якія яны спрытна абулі ёй на ногі.
Цяпер яна не кульгала і не спатыкалася. Яна адкінула кульбу і з вялікай хуткасцю каўзанулася па шкляной падлозе, пацягнуўшы за руку малога Якаба. Нарэшце яна спынілася ў адным пакоі, які, упрыгожаны ўсялякімі аздобамі, быў вельмі падобны да кухні, хаця сталы з чырвонага дрэва і канапы, абвешаныя багатымі дыванамі, больш пасавалі да шыкоўнай гасцёўні.
– Сядай, сынок, – сказала старая даволі прыязна, усаджваючы яго ў кут канапы і паставіўшы перад ім стол так, каб ён не мог выкараскацца. – Сядай, цяжка табе было, чалавечыя галовы не такія лёгкія, не такія лёгкія.
– Спадарыня, што за дзівосы вы кажаце? – усклікнуў хлапчук. – Я і праўда замарыўся, але ж нёс качаны: вы купілі іх у маёй маці.
– Памыляешся, – засмяялася жанчына, падняла накрыўку кошыка і выцягнула чалавечую галаву, ухапіўшы яе за чупрыну. Малы ад страху ледзь не страціў прытомнасць. Ён не мог зразумець, як гэта здарылася, і ўвесь час думаў пра сваю маці: калі хто-небудзь даведаецца пра гэтыя чалавечыя галовы, думаў ён сам сабе, то напэўна ж абвінавацяць маці.
– Трэба ж табе аддзячыць як-небудзь за тое, што ты такі паслухмяны, – прабурчэла старая. – Пачакай хвілінку, я прыгатую табе супчык, які ты запомніш на ўсё жыццё.
Пасля гэтых слоў яна зноў свіснула. Спачатку з’явілася шмат марскіх свінак у чалавечай вопратцы. На іх былі павязаныя кухарскія фартухі, а за паясамі былі апалонікі і вялікія кухонныя нажы. Потым прыскакала мноства вавёрак; на іх былі шырокія турэцкія шаравары, яны ішлі на задніх лапках, а на галовах мелі зялёныя шапачкі з аксаміту. Гэта, відаць, былі кухцікі, [7] Кухцік – хлопчык, які дапамагае кухару на кухні.
таму што яны з вялікай хуткасцю лазілі ўверх і ўніз па сценах, прыносілі зверху патэльні і міскі, яйкі і масла, прыправы і муку і падавалі гэта ўсё да пліты, за якой там старая ў сваім абутку ўвесь час каталася туды-сюды, і хлопчык зразумеў, што ёй вельмі хацелася прыгатаваць яму што-небудзь смачнае. Цяпер агонь, патрэскваючы, шугануў вышэй, цяпер на патэльні закурылася і закіпела, па пакоі паплыў прыемны пах, старая ж бегала туды-сюды, а вавёрачкі і марскія свінкі – за ёй. І калі яна прабягала міма пліты, яна, даўганосая, зазірала ў гаршчок. Нарэшце ўсё забулькатала і зашыпела, з гаршка ўзнялася пара, пена выбегла на агонь. Тады яна зняла гаршчок, наліла адтуль у срэбны спод і паставіла перад Якабам.
Читать дальше