Мы ішлі палямі і лугамі. Ногі слізгаліся на мокрай траве, абсоўваліся з вузкіх узмежкаў, засмоктваліся ў балоце. Крочылі лясамі, прадзіраліся праз кустоўе. Абміналі ўсялякія перашкоды. Мы маглі адно здагадвацца, усё ведаў толькі Трафіда. Часам здавалася, што ідзём бязмэтна, што збіваемся з напрамку, блукаем… Нядаўна, нібыта, узбіраліся па стромістым адхоне пагорка, на вяршыне якога расла бяроза, што бялела ў цемры. Зараз зноў ускараскваемся па гліністай глебе, і зноў… бяроза. Меў жаданне звярнуць на тое ўвагу Юзіка, аднак рабіць гэта мне не выпадала.
Крадзёмся паўз вёску. Адрозніваю ў цемры шэрыя абрысы будынкаў. Пералазім праз плот. Ідзём па нейкай дарозе. Час ад часу ў некалькіх дзесятках метраў ад нас вынырваюць са змроку агеньчыкі ў вокнах хацін. Стараюся не глядзець туды, бо пасля змрок гусцее і цяжэй сачыць за постаццю Трафіды.
Хоць ветру няма, нечакана паблізу пачынаюць захлынацца ад брэху сабакі — пачулі нас. Мы пайшлі хутчэй. Ступаем на палявую, гліністую сцежку. Яна нібы засмоктвае ступні ног. Намагаючыся, робім кожны крок. У мяне ўзнікае жаданне, нахіліўшыся, падтрымліваць халявы ботаў, якія пры кожным чарговым кроку злазяць з ног. Злосна ўядаючы, за намі пагнаўся нейкі сабака. Думаю: «Добра, што я не іду ззаду». Праз хвіліну чую сабачае скавытанне. Усё ж перапала яму камянём.
Зноў ныраем у цемру. Пнёмся па бездаражы. Цягнемся некуды ў таямнічую далячынь. Раптам я заўважыў, што згубіў дарогу… што не бачу перад сабой Трафідавай ношкі. Пайшоў хутчэй наперад — нікога. Бяру ўлева — нікога. У права — нікога. Ззаду толькі чую злосны голас Лорда: «Чаго круцішся?» Хацеў ужо паклікаць Юзіка, але адчуў, як нехта бярэ мяне за руку.
— Што з табой? — запытаўся Трафіда.
— Цёмна… Згубіў цябе…
— Зараз будзе лепш, — адказвае Юзік і ідзе наперад.
Цяпер ісці выгодна. Увесь час бачу перад сабой выразную белую пляму. Яна сваім трапятаннем нагадвае мне лунаючых у небе галубоў. Гэта Трафіда, каб было мне лягчэй за ім назіраць, заткнуў за каўнер курткі канец белай насоўкі. Зараз нічога больш не бачу навокал, толькі тая белая пляма віруе ў паветры. To шыбуе недзе ў змрочную далячынь, то зноў трапеча перад вачыма.
Алкаголь перастаў дзейнічаць на мяне. Штораз адчуваю большую стомленасць. Адначасова ахоплівае санлівасць. Падцягваю ўгару рамяні ношкі і, нахіліўшыся, усё валакуся наперад за плывучай у бясконцую ноч белай плямай хустачкі на Трафідавай шыі. Заплятаюцца ногі, заносіць управа і ўлева, але іду… хутчэй сілай волі, чым сілай цягліц.
Пасля сямі гадзін дарогі ад часу пераходу граніцы мы знаходзімся каля хутара Бамбіны. Гэта быў «пункт», з якога перакідваўся тавар у Менск.
Па чарзе пералазім праз паркан і пракрадаемся ў бок гумна. Я засланяю далонямі твар ад удараў галінак садовых дрэў. Зноў пералезлі праз паркан і ўперліся ў сцяну. Пачуў Трафідаў голас:
— Лорд, схадзі паглядзі, як там у гумне… Жвава!
Перамытнік, прайшоўшы каля нас, знікае за рагом будыніны.
Хутка даляцела ціхае парыпванне павольна адсунутай завалы. Калі праз некалькі хвілін Лорд вярнуўся, кінуў нам коратка:
— Хадзем!
У стадоле было цёпла. Пахла сенам. У цемры бліскалі захіленыя рукамі праменні святла ад ліхтарыкаў.
Чую голас Трафіды:
— Ношкі скідайце сюды… у кучу!.. Адным духам, хлопцы!
З уздыхам прыемнай палёгкі я скінуў з плячэй невыносны цяжар. Падышоў да Трафіды і вымавіў:
— Юзік, мне вельмі хочацца спаць!
— Залазь на шасток і кімар.
Трафіда паказаў на драбіну, па якой я ўзлез на гару. Сцягнуўшы з ног боты, накрыўся курткай і, як у цёплую ванну, праваліўся ў моцны сон.
Прачнуўся я позна. У гумне панаваў паўзмрок. Некалькі перамытнікаў сядзела недалёка ад мяне. Паціху размаўлялі. Я пачаў прыслухоўвацца. Ванька Бальшавік апавядаў нейкую эратычную гісторыю. Гэта была яго ўлюбёная тэма. Звычайна расказваў альбо пра Думенку і яго пераемніка — Будзёнага (ён сам некалі служыў у кавалерыі Будзёнага), альбо пра жанчын. Яго слухалі: Фэлік Маруда — моцны і крыху сагнуты, з расплюшчаным спераду носам мужчына сталага ўзросту; Юлік Вар’ят — малады перамытнік з надзвычай буйнай фантазіяй (адсюль — вар’ят), і Салавей — малы, шчуплы, заўсёды ўсмешлівы хлопец; ён прыгожа спявае, бо валодае выдатным голасам.
Аблізваючы сасмяглыя вусны, Ванька расказвае:
— Баба, скажу вам, была як адлітая з бетону! Нідзе не ўшчыкнеш. Дасі пстрычку па… — як звон гудзіць! Пацярэ нагамі — іскры лятуць! Э-лек-трыч-насць!
Читать дальше