Нечакана мне прыйшла ў галаву адна думка. Калі Шчур адпусціў селяніна, я сказаў калегу, што як на мой розум, дык Бэрка Станогі ніколі не вяртаецца з Саветаў адзін, а заўсёды ідзе разам з селянінам і бабай, якія ідуць першымі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў ад сябе, а за імі зводдаль прастуе Бэрка. Прыгадаў яму бабу, якую затрымалі непадалёку ад свірна Карабіновіча. Шчур, нічога не кажучы, пабег дарогай, якой папярэдне прайшоў селянін. Праз квадру гадзіны вярнуўся і прамовіў:
— Маеш рацыю: ззаду ішла баба, а далей нехта ў ботах; аб’ягорылі нас».
Каб даць пробу фактуры прывёў нейкі з фрагментаў. Чытаў гэтую кніжку са штабной картай у руках.
Паступова Пясецкі застаецца адзін. Калегаў перастралялі, або яны разышліся. Шчур, напрыклад, падаўся ў свет, у далёкі Растоў; гэта быў даваенны растоўскі злодзей. Што гнала яго туды? Сам бы не адказаў. Нейкая невылечная настальгія кіруе паводзінамі тых людзей.
Правёўшы сябра, Пясецкі вяртаецца з таго боку граніцы.
«Воўк ірвануў з месца і праз некалькі скокаў вылецеў на паласу. Спяшаючыся, я падаўся за ім. Перад маімі вачыма паказалася шырокая адкрытая прастора пагранічнай паласы, узятая з двух бакоў, нібы ў раму, сценамі леса. Воўк імчаў да драцянай засекі. Уляцеў у разрыў, зроблены мною мінулай ноччу, і знік у лесе на другім баку паласы. Недзе мае вельмі пільную справу… Перабег за ім пагранічную паласу і апынуўся ў лесе. Затым накіраваўся на захад».
Цяпер, самотны нібы воўк, ірве ды кусае людзей. Нарэшце падлавіў Бэрку Станогу і адбірае ў яго 7400 даляраў. Ужо і сам не ведае, колькі грошай мае на мялінах. Але яны не цешаць: заўсёдная невылечная хандра раздзірае яго. Ідзе развітацца з магілай, месцам, дзе калісьці калегі знайшлі яго, абамлелага, без сіл, па ўцёках з савецкіх турмаў. Тут з’яўлялася здань, сам некалькі разоў бачыў белы цень. I зараз ёсць цень. Гэта дачка расейскага афіцэра, забітага на тым месцы над час пераходу мяжы. Развітваюцца.
«На паўночным захадзе ззяе неверагодна прыгожая Вялікая Мядзведзіца. Яе атулілі лёгкія пушыстыя снежна-белыя аблокі. Гэта быў канец майго трэцяга залатога сезона. Гэта была гадавіна смерці Сашкі Вэбліна — некаранаванага караля граніцы. Гэта была мая апошняя ноч на памежжы…»
Так закончыўся гэты тоўсты рукапіс, густа пазначаны сінімі штэмпелямі турэмнай цэнзуры.
Выдавецтва адпісала, просячы падрабязнасцяў. Адказ прыйшоў праз доўгі тэрмін (турэмная цэнзура). Аўтар паведамляў:
«Маё пакаранне скончыцца 30 верасня 1941 г. Акружным судом г. Вільні я быў засуджаны да пакарання смерцю, літасціва замененай Прэзідэнтам на 15 гадоў. Згодна закону, па адбыццю двух трэціх пакарання я быў бы пераведзены пад умоўны тэрмін, аднак не маю магчымасці пераканаць, што не вазьмуся зноў на пражыццё зарабляць зброяй».
Пераходзячы да спраў свайго рукапісу, ён пісаў:
«Пішу, бо пісаць павінен. Гэта ёсць мая арганічная патрэба, неадольнае і непераможнае жаданне. Навала ўспамінаў часам палохае мяне, якія ( выкрэслена цэнзурай ) на паперу бы ( выкрэслена цэнзурай ). Развальвае гэта мой розум. А ў той жа час здаровы сэнс падказвае пісаць павольна, цярпліва, спланавана, удасканальваць стыль, пазнаваць мову, пашыраць навуку. Як гэта цяжка без неабходных кніг, у неадпаведных умовах. Як прыкра раскладваць працу на месяцы, гады, калі хочацца яе зрабіць адразу… каб мець супакой.
Мне вельмі прыкра, што моўнае адзенне аповесці такое благое. Пасля года працы над авалоданнем мовы гэта добра разумею. Упэўнены, такія памылкі, якія дапускаю, выглядаюць дзікімі і камічнымі. Пазбаўлюся іх у наступных раманах… Мне шмат перашкаджае знаёмства з расейскай мовай і тое, што дагэтуль не сутыкаўся з людзьмі, якія правільна размаўляюць па-польску, паколькі я больш дзесяці гадоў знаходжуся ў асяроддзі людзей, якія прыслугоўваюцца дзівоснымі дыялектамі, або ўжываюць гратэскавую трасянку з некалькіх моў. Дагэтуль адзіным маім правадніком і настаўнікам былі „Wiadomości Literackie“, якія я, па маёй просьбе, атрымліваю ад пана рэдактара, з сакавіка 1935 г. задарма. З іх чэрпаю веды, вучуся мове і нават баюся падзякаваць любімай газеце за тое, што недзе там за бартом жыцця ёсць чалавек, які сам, нічога не даючы, карыстаецца працай, талентам і арганізацыяй шматлікіх людзей, што стаяць ля варштата культуры. Яны былі маёй радасцю, маім святлом, і з іх я найбольш скарыстаў… Мару пра тое, каб у будучым падзякаваць ім.
…Пісаць сур'ёзна я пачаў з сакавіка 1934 г., аднак усе дачасныя спробы лічу толькі ўступам да грунтоўнай літаратурнай працы… Нядаўна меў магчымасць прачытаць выдатную прадмову Яна Парандоўскага да „Школы сэрца“ Густава Флабэра. Зрабіла на мяне агромістае ўражанне. Памятаю з яе цэлыя абзацы. Гэта будзе для мяне… школай працы. Што праўда, не патраплю пісаць павольна, бо тэма заўсёды спальвае мяне, але гэта будуць тыя лейцы, якімі як-небудзь затрымаю непатрэбны і шкодны разгон.
Читать дальше