- Мой бацька быў дзяржаўны злачынец, подлы чалавек. Я буду даваць тлумачэнні каму трэба з гэтай прычыны. Я зрабіў дрэнна, каюся. Але ж і ён назваў шкодніцтвам тое, што мы любім. Таму я яшчэ раз кажу, яго трэба выключыць.
Але як толькі ён вымавіў слова "выключыць", зборы, быццам абуджаныя, залютавалі:
- Ганьба!!!
- Нам не верыш, скрываеш - і такога патрабуеш.
- Досыць! Накамандаваўся!
- Самага шчырага хлопца...
- Маркіча замест яго выключыць!
- Ну-ну, ты глупства не плявузгай таксама. Усё ж і Берасневіч вінен.
- Трохі заганарыўся.
- Заганарыўся? Лабідуда ты. Дай бог кожнаму так заганарыцца.
- Не абаронім яго, дык Маркіч і нас заўтра выключыць, адзін у камсамоле застанецца... Сам п'ю, сам гуляю, сам кірую, сам выконваю.
Маркіч здзівіўся не на жарты. Зборы як падмянілі. Ён прывык, што апошнія год ці два яны маўчалі мёртвым маўчаннем, удавалася рабіць усё, што жадаў. I вось раптам. I ўсё гэты Янка.
Ён не разумеў, што яго дробязнае, прыдзірлівае, ханжацкае абыходжанне з сябрамі астабрыдла ім, што Янка зрабіў толькі першы ўдар ломам, а далей вада пайшла сама. I вада зрабіла тое, што не мог зрабіць Янка. Мікола Касмач, які быў, нягледзячы на дабрыню, вялікім дыпламатам, доўгі час прыслухоўваўся да крыкаў і пасля, відаць, зразумеў, што Маркіч сваёй прапановы не правядзе, спыніў іх і сказаў з дакорам:
- Цьху! Ну й загнуў ты, таварыш Маркіч. "Выключыць". Ты кажы, ды ведай меру.
I, відаць, прыпамятаў ранейшыя добрыя адносіны да Берасневіча, сказаў:
- Выключаць яго нельга. Калі такіх выключаць, дык хто ў камсамоле застанецца. I з універсітэта -таксама. Скончыць - працай у школе дакажа, хто ён. I я не думаю, каб ён працаваў горш за цябе.
- А павучыць трошкі варта. Я, напрыклад, прапаную даць Берасневічу строгую вымову... з папярэджаннем.
- За што? - голасна спытаў Янка. - За паклёп ілгуна?
- Перастрахоўшчык ты! А раптам усё ж у Берасневіча ў кішэнях гаўбіцы, а пад партаю полк узброеных нягоднікаў "Камплот вызвалення студэнтаў ад хлеба", - буркнуў Жэнька.
Але іх не падтрымалі. Зборы, давольныя тым, што Берасневіч застанецца ва універсітэце і ў камсамоле, на гэты раз не спрачаліся. За вымову прагаласавалі большасцю ў тры галасы.
- Такім у аспірантуры не месца! - паспрабавала крыкнуць Марыя Капасевіч, але гэта была ўжо зусім бязглуздая, злосная выхадка, і яе папрасілі змоўкнуць, хоць многія сапраўды думалі, што аспірантуры Берасневічу цяпер не бачыць як сваіх вушэй.
- Можа, Берасневіч хоча што-небудзь сказаць? - спытаў дэкан. Берасневіч устаў бледны, як крэйда, ад крыўды.
- Вы нядобра зрабілі, таварышы. Радуецеся, што мяне не выключылі? Лепей бы сапраўды выключылі, мне было б лягчэй. Гэта ж паклёп. I вы мне псуяце будучае і адносіны з людзьмі.
- Завёў панiхiду, заплакаў, - заўважыў Маркiч.
Сэрца ў Берасневіча сапраўды плакала, але сказаў ён апошняе слова цвёрда:
- Я не крыўджуся. Але вы пашкадуеце ў душы, што далi волю несумленнаму чалавеку...
Звон па графіне.
- ... які зрабіў мне такое з прычын, пра якія я не магу сказаць, але якія я зразумеў. Я ведаю і веру - такія людзі не вечныя ў маім камсамоле, маім, чуеце, маім, што б ні было. I калі гэтых кар'ерыстаў і ханжоў выкінуць з яго - узрадуецца сэрца ва ўсіх добрых камсамольцаў. Так будзе, бо нельга спекуляваць на такіх словах, як "камуна", "камсамол", а такіх, хто ўсё ж спекулюе, такіх не будуць проста выдзіраць з поля (як гэта істота сёння хацела зрабіць са мною), ім проста будуць адсякаць хвост па самую галаву. Я не забуду толькі аднаго: вы сёння маўчалі, некаторыя проста не спрачаліся, хоць ведалі - робіцца несправядлівасць. Вы дрэнна зрабілі, хлопцы, мне сорамна за вас.
Зборы скончыліся хутка і непрыкметна. Сапраўды, многім стала сорамна. Адчувалі, што зрабілі нешта несумленнае. Уладзіслаў паспрабаваў знайсці Алёнку, але яе не было, пайшла дадому. Янка загаварыў з ім - ён адказваў машынальна. Сяляўка падышоў да яго з прабачэннямі - Берасневіч паглядзеў на яго і сказаў:
- Нічога, нічога, хлопча. Ты добры сябра. Толькі рабіся цвёрдым. Сёння яны ледзь не зацягнулі цябе на ўчынак, якога ты мог бы саромецца ўсё жыццё.
I пайшоў у запаветную алею, думаючы, што, можа, Алёнка чакае яго. Але Алёнкі не было і там.
Першае жоўтае лісце каштанаў пачынала аблятаць на алею.
У першы дзень пасля збораў Алёнка яшчэ размаўляла з ім, хоць і была вельмі стрыманай, але пасля пачалося нешта дзіўнае і зусім не зразумелае. На месцы спатканняў яе ўжо не было разы тры, з лекцый яна знікала так нячутна, што нельга было ўгледзець.
Читать дальше