Уладзімір Караткевіч
У снягах драмае вясна
Зявязку гэтай маленькай і даволі сумнай гісторыі трэба шукаць у тых снягах, што даўно сплылі весняй вадою ў раку, а потым, з ракою, у сіняе мора. Выпадалі і потым снягі, - і яны сплывалі вадой. Былі пасля гэтага сінія марозныя ночы, шмат разоў пускаліся ў скокі аўсянікі над летняй ракой - але ў сэрцы тых, хто перажыў гэта, жыве яшчэ ўспамін.
Карацей кажучы, пачалося гэта ў канцы лютага тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят другога года ў вялікім горадзе, дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала гарластая і хударлявая, дасціпная і яхідная парода людзей, якіх завуць студэнтамі.
Быў канец лютага, але небывала ранняя прыйшла ў той год вясна: гарадскі асфальт быў сухі і цёплы, той-сёй хадзіў ужо ў адным пінжаку і на тратуарах дзеці гулялі ў "класы".
За горадам яшчэ ляжалі снягі і былі праталіны, што пахнулі зямлёю, але тут здавалася, што зіма сканала, што вось-вось заквітнеюць чаромха і бэз, што ўсе глядзяць на цябе закаханымі вачымі.
Уладзіславу Берасневічу, чалавеку легкадумнаму і, па маладосці год, трошкі самаўпэўненаму, таксама здавалася, што свет і жыццё існуюць толькі для яго. Было яму дваццаць два гады, вучыўся ён на чацвёртым курсе універсітэта, ніколі яшчэ не кахаў па-сапраўднаму, быў моцны, глытаў кнігі, жыў амаль толькі на адну стыпендыю і лічыў, што пераважная большасць дзяўчат глядзіць на яго з прыхільнасцю.
Таму ён крочыў вуліцай як гаспадар, мімаволі ўсміхаўся і паскараў крок, як толькі бачыў наперадзе маладога прадстаўніка прыгожай паловы роду чалавечага.
І, пытаюся я ў вас, хто не рабіў бы таго ж самага на яго месцы?
Што яшчэ магчыма было сказаць пра яго? Нічога. Звычайны хлопец, звычайны нос, звычайныя вусны. Хіба што толькі вочы былі надзвычайныя, сінія-сінія, з доўгімі вейкамі, вельмі вялікія і задуменныя (абакраў нейкую дзяўчыну). Ды яшчэ ў постаці, зграбнай і стройнай, было шмат той маладой, прыгожай сілы, што здаецца некаторым лепшай за грацыю. А валасы здаваліся самому Берасневічу не падыходзячымі для хлопца: вельмі ўжо мяккія, вельмі залацістыя.
Аднак і з гэтым можна было мірыцца, абы было за плячыма кароткае і яснае жыццё, бацька, стары камуніст-пенсіянер, маці, клапатлівая і падобная на квактуху жанчына, універсітэт, вясна і, галоўнае, усё жыццё ў будучым: праца на вакацыі, невядомыя, але вялікія ўчынкі пасля універсітэта, тая адзіная, якую ён абавязкова стрэне ў жыцці.
Сёння, калі ён выходзіў з інтэрната, яго сябра, Паўлюк, сказаў:
- Ранняя вясна. Значыцца, абавязкова будуць марцавы санеты.
- Ты пра што гэта? - не зразумеў Берасневіч.
- Калі пасля такой ранняй вясны зноў ідуць снягі, гэта ў нас, у Страшыне, завецца "марцавымі санетамі".
Берасневіч не зразумеў гатага сумна-сімвалічнага папярэджання (яму здавалася, што раз вясна і шчасце, дык гэта назаўсёды) і сказаў толькі:
- Прыгожая назва.
- Тым больш прыгожая, - сказаў Паўлюк, - што яе далі сакавіцкім снягам тыя, што ніколі не чулі такога слова, як "санет".
- Не, братка, - усміхнуўся Берасневіч, - няхай нават снягі, усё адно - вясна, усё адно нічога сумнага ў жыцці не будзе і ўсё будзе вельмі-вельмі добра. За што мне дрэннае? Эх, дай я цябе пацалую.
- Ну-у, мазунчык, - сказаў Паўлюк, але ўсё ж абняў яго.
… Куды ж ісці? Можна ў кіно, дык няма грошай. Вечар заняты разам з сябрам, Жэнькам Ядлінскім. А можа, проста пасядзець недзе з гадзіну і пасля папрамаваць да Жэнькі на кватэру? Там можна будзе і паабедаць.
І невядома як занеслі Берасневіча ногі на цвінтар старой царквы, што амаль над самай ракою.
Тут быў зацішак і можна было сесці на камень ля старога, дрэнна атынкаванага мура і глядзець на Зарэчча, дзе яшчэ ляжалі снягі і лёд на межытоках узняўся і пасінеў.
Стрэлкамі лезла паміж камянёў зялёная трава, вільготны, пругкі вецер часам штурхаў у твар, сука лізала ля вартоўні тоўстага, як качулка, шчанюка.
І чамусьці Берасневічу стала сумна і нейкая вясенняя знямога ахапіла сэрца, і захацелася ці то пайсці кудысьці далёка, ці то яшчэ што. І быццам чакала чагосьці сэрца, і быццам жадала кудысьці. Больш бы гора, больш бы радасці, толькі б не гэты непакой, не гэтая знямога. Што было ў жыцці, ці бачыў ён тое, вялікае, пра што марыць чалавек? Аднойчы толькі падмануў сам сябе, пераканаў у тым, што кахае. Можа, не дано? Не, нешта павінна адбыцца, хутчэй за ўсё нядобрае, бурлівае, неспакойнае.
Читать дальше