- Увага! - раптам сказаў Янка. - Вы ведаеце, чаму Уладзік сёння не будзе спаць? Ён закахаўся! Платанічна! Неадказна!
Берасневіч, як пераважная большасць моцных і добрых людзей, злавацца не ўмеў і таму толькі ўхмыляўся.
- Так-так. Закахаўся. Яна, браткі вы мае, дачка загадчыка рынку. А Уладзь мае шатландскія густы, еў усё жыццё адну толькі аўсянку. Ну і ён, значыцца, мяркуе зрабіць на гэтым добры гешэфт. Прыходзіць да яе на кватэру: "Дзень добры, каханая, ці няма кавалачка сыру?" - "Не, кажа, няма. Ёсць, кажа, костка, радзіцель мой яе перад службаю грыз". Сеў ён і, як сабака ў будцы, грызе, а костку гэтую, вядома, лепей было б куды-небудзь забіць. Галодны! Маці нявесты з'явілася, такая дэманічная жанчына, гераіня камунальная кухні. Ён да яе: "Ці няма ў вас хоць трошкі бульбы?" Маці яму: "Які вы забаўны, Уладзік, бульба зараз па чырвонцу пудзік. Купіш - і грошай як не было". А сама думае: "Каб толькі ён сяброў сюды не стаў палкaмі вадзіць". І да яго ветліва: "Як добра, што вы прыйшлі. А то мы зусім было збіраліся тую костку сабаку аддаць".
- Вось сволач, - без злосці сказаў Берасневіч.
Кампанія падвыпіла. Берасневічу чамусьці хацелася самоты, і ён вырашыў "купіць папярос", а сам накіраваўся ў бліжэйшы парк. Глеба пад нагамі была вільготная. Стаялі чорнымі ценямі вакол яго дрэвы. Трамваі ўжо не хадзілі, і таму вакол была цішыня, такая цішыня, што звінела ў вушах. І светлыя плямы ліхтароў заблыталіся ў вільготных, бліскучых галінках дрэў, якія хацелі іх спаймаць. І ад святла галіны блішчэлі канцэнтрычнымі кругамі, блішчэлі, як блішчыць летнім ранкам роснае павуцінне дзе-небудзь у лесе, між дрэў.
Агні далёкага горада амаль усе згаслі; у нейкім вялікім будынку гарэў адзін блакітны агеньчык, і Берасневічу здавалася, што гэты агеньчык - яе агеньчык.
Ён сеў на лаву і паспрабаваў разабрацца.
Што ўсё ж такі здарылася? Ён сустрэў сёння цудоўную дзяўчыну. Ніхто дагэтуль так адразу і моцна не падабаўся яму. У яе чыстыя вочы, якімі яна ясна глядзіць на свет, цёплыя рукі, мілагучны голас, яна трымаецца з нейкай вышэйшай прастатою.
Ці ведае ён яе?
Мозг казаў "не".
Сэрца казала "ведаю да канца".
Гэта быў нейкі беспамылковы, вельмі глыбокі інстынкт, якому няма яшчэ наймення на чалавечай мове, крым двух банальных слоў: "родныя душы".
Было і ў іх усё ж нешта вернае. Як быццам рассеклі чалавека на дзве паловы і пусцілі іх гуляць асобна. Яны сумавалі, цягнуліся адна да адной. І вось нарэшце сустрэліся, адразу пазналі адна адну. І ён пацягнуўся.
Інакш чаму б так радасна было, калі яна была поруч, і чаму так сумна зараз, калі яе няма.
І гэта будзе цягнуцца. Слабы зараз агеньчык - ён адчувае - можа разгарэцца.
- Ох, любая, любая! Мілая і чыстая, як святло! - выдыхнуў ён.
З першай сустрэчы бывае вельмі рэдка, але ў яго напэўна будзе так. Не можа быць, каб гэтая радасць чагосьці не абяцала.
Было ціха, храбусцеў пад нагою няпэўны лядок, і зоры, любыя зоры, падміргвалі яму, як змоўшчыкі, якія адны ведалі яго вялікую таямніцу.
Як магчыма быць сэрцу такім шчаслівым і не разарвацца?
Ён добра прамёрз, пакуль не вырашыў ісці дамоў. Вахцёрша пусціла яго, нягледзячы на позні час, бо Берасневіч заўсёды дзяліўся са старой папяросамі.
Госці доўно пайшлі. У душным пакоі было цёмна і чуўся хроп сяброў. Берасневіч спыніўся над Паўлюком. Святло вулічнага ліхтара падала на падлогу і на твар Паўлюка вялікімі жоўтымі квадратамі. Паўлюк спаў, і такім кранаючым здаўся Берасневічу яго дзіцячы твар, што ён ледзь не расцалаваў сябра.
Як добра, як хораша было жыць!
Было святло ліхтара, але яшчэ святлейшымі былі вочы Алёнкі; былі голыя дрэвы, у якіх пачыналі хадзіць сокі, - і была Алёнка; быў вялікі свет, былі спевы, была радасць - і была Алёнка.
Што ж рабіць? Як не памерці ад такога шчасця?
Паўлюк раптам прачнуўся і сеў на ложку, гледзячы непаразумела на Берасневіча.
І тады Уладзік прысунуўся да сябра і сказаў яму:
- Паўлюк, ведаеш што? Я, здаецца, хутка вельмі закахаюся. Вельмі.
А шчасце быццам звар'яцела, яно палілося на Берасневіча дажджом. Ён захлынаўся ім, хадзіў паўсюль з такой дурнавата-шчаслівай, да вушэй, усмешкаю, што на яго азіраліся.
У той дзень, калі яны слухалі Гілельса і Алёнка сядзела паміж Жэнькам і Берасневічам, ён упершыню падумаў, што ён занадта, бессаромна шчаслівы, што гэта можа дрэнна скончыцца.
Берасневіч не разумеў музыкі, ён проста любіў яе, уяўляў сабе пад яе гукі розныя малюнкі альбо цэлыя эпічныя палотны. Так, напрыклад, Шостая сімфонія Чайкоўскага была сечай, загібеллю і адраджэннем, рэквіемам і славай жыццю.
Читать дальше