- Я даведаўся пра гэта амаль выпадкова. Справа ў тым, што ёй "даказалі", што ты... контррэвалюцыянер, што ты... дрэнна скончыш... і гэта будзе хутка.
Маўчанне, якое запанавала пасля гэтых слоў, было такім працяглым і цяжкім, што, здавалася, лепей памерці, чымсьці цярпець яго хвіліну. А яны сядзелі так хвіліну. А яны сядзелі так хвілін пяць.
Пасля Берасневіч зварухнуўся, і Паўлюк яшчэ раз спудзіўся, такім жорсткім і мёртвым быў яго твар.
- Хто?
- Хто, хто? - не зразумеў Паўлюк.
- Хто гэта ёй сказаў? - з цяжкасцю, вельмі ненатуральна спытаўся Берасневіч.
- Маркіч. Плёткі пра гэта ходзяць і на курсе. Усе ведаюць і чакаюць. Мне здаецца, гэта таксама ён пусціў. Той-сёй і адмовіўся з-за гэтага ад размоў з табою. Прабач, дружа.
- Я ведаў, - толькі і сказаў Берасневіч і лёг, накрыўшыся з галавою коўдрай.
Ён прачнуўся гадзіны ў дзве ночы пасля кароткай дрымоты, прачнуўся ад рэзкага болю ў сэрцы.
Нешта трэба было зрабіць, зрабіць неадменна, іначай абурыцца ўсё: справядлівасць, вера, нават самае жыццё. Што ж зрабіць? Забіць сябе? Зрабіць яшчэ і гэты апошні, недаравальны ўчынак? Будзе цемра. Не будзе болю. Гэта добра. Але ж не будзе і надзеі, не будзе і змагання, не будзе сонца і Алёнкі, не будзе камуны, да якой ён збіраўся дажыць. I што яна дакажа, гэта кітайская помста? Скажуць, што пасля праўдзівай крытыкі павесіўся хлюпік са слабай кішкою. У лепшым выпадку адказнасць Маркіча па суду. I, галоўнае, Маркіч будзе жыць, Маркіч будзе радавацца яго смерці, Маркіч будзе таемна выскаляцца. Не, так немагчыма. Трэба яшчэ пазмагацца.
Вось стол, на стале папера. Здаецца, ёсць і канверт. Пісаць, неадменна пісаць. Пісаць у ЦК ВЛКСМ.
Як халодна, якія мурашкі бегаюць па спіне, якія непаслухмяныя, драўляныя рукі!
Пісаць! Пісаць! Пяро бегае ў пальцах. Распавясці пра ўсё, пра ўсё. Не шкадаваць сябе, але не шкадаваць і яго.
...Усе яшчэ спалі, і золак, няпэўны, хваравіты золак восені прабіваўся ў акне, калі ліст быў гатовы. Берасневіч, спяшаючыся (яму не хацелася бачыць людзей), апрануўся, нацягнуў паліто і выйшаў. Вось ліст глуха стукнуўся аб дно паштовай скрынкі. Цяпер чакаць, чакаць. Як гэта доўга, як нясцерпна доўга! I ён накіраваўся пехатой у цэнтр горада па вузенькіх брукаваных вулічках.
Ранак быў шэры, золкі. У такі ранак добра прачнуцца і думаць пра каханую, глядзець на жоўтае лісце дрэў за акном, адчуваць, як здаровы холад крадзецца па целе. I ў такі ранак вельмі дрэнна быць аднаму.
Ліхтары яшчэ гарэлі ў жоўтых мокрых лісцях. Вугальна-чорнымі здаваліся мокрыя ствалы каштанаў; лёгкі сіняваты дымок стаяў між дрэў. Вільготнае лісце спружыніла пад нагою, запацелі шэрыя вокны. Ён ішоў, ветрык трапаў яго валасы, а ў вушах дакучліва, неадчэпна гучэў працяг той песні, якую ён чуў летам на радзіме і якую не хацеў да канца пісаць каханай, бо быў гэты працяг сумны:
А ідзі ж ты, Уладзечка, ды не аглядайся,
Ды не аглядайся, ды не аглядайся,
А ўжо ж тваю Алёначку з-пад вянца вядуць.
З-пад вянца вядуць, з-пад вянца вядуць.
А бедныя ж мае ножкі, што я адтаптаў,
Што я адтаптаў, што я адтаптаў!
А бедныя ж мае ручкі, што я абдымаў,
Што я абдымаў, што я абдымаў!
А бедныя ж мае вусны, што я цалаваў,
Што я цалаваў, што я цалаваў!
Дзе яно, тое цёплае лета? Дзе яно, чаканне шчасця? Дзе той добры, тлусты лін, што калыхаў ля берага ваду?
У вялікай аўдыторыі, дзе павінна была адбыцца агульная са "славянамі" і "раманцамі" пара, было напаўцёмна, бо пайшоў дождж і зацягнуў шыбы шэрай вадзяною плеўкай. Хмары віселі над горадам, хмары глядзелі ў вокны. Прыляпіўся да шыбы жоўты кляновы лісцік, дрыжэў, трапятаў пад ветрам. А зліва кропель паласавала шыбы, кроплі паўзлі наўкос. Чамусьці здавалася, што добрага надвор'я ўжо ніколі не будзе.
Берасневіч з'явіўся ў аўдыторыю позна і пайшоў праходам на заднюю лаўку, дзе ён зараз сядзеў. Амаль ніхто не заўважыў яго прысутнасці, і, магчыма, менавіта таму адбылося, яшчэ да атрымання адказу на ліст, тое, што адразу змяніла лёс Берасневіча.
Ён ледзь паспеў прычасаць мокрыя валасы, як пабачыў, што ў двух кроках ад яго, спіною, стаіць Маркіч. Стаяў моцна, як гаспадар, амаль што фертам. Брыдка было глядзець на гэту невымоўна нахабную, самазадаволеную спіну, на чырвоны карак.
Але, можа, Берасневіч так і прайшоў бы паўз яго, у калідор, каб не пабачыў ля яго тонкую постаць Алёнкі. Яна стаяла напаўпаварота да яго, і вочы яе былі долу. Яна таксама яго не заўважыла.
Маркіч засмяяўся з той паблажлівай пагарднасцю, якой Берасневіч не схільны быў дараваць нікому, і сказаў ёй:
Читать дальше