Ма-ру-сы-ыно сэрца-а-а!
Пасля пачаў філасофстваваць. Кажа:
- Усё на свеце паразіт. I мурашка паразіт, і пчала паразіт, і ты (да кума) паразіт.
- Я не паразіт, - абураецца кум.
- Як не паразіт?! А хто ў калгасе торбу кукурузы ўкраў, - з месца выдумляе гаспадар.
- У нас кукурузу не садзяць.
- Ну ўсё адно паразіт. Бо ў сумленных людзей чуб на галаве, а ў цябе плеш.
Кум раптам зусім лагічна і паслядоўна заяўляе:
- А я сала ем.
- Ну вось бачыш, - радуецца гаспадар, - дзе ж гэта ты бачыў, каб сумленныя людзі сала елі. Яны хлеб з лебядой ядуць. А ты кажаш, не паразіт.
Школа даволі занядбаная, і энергічны чалавек можа многае зрабіць. Мы, напрыклад, ужо вырашылі справу з ботамі для дзяцей-сірот, папоўнілі бібліятэку. Я дапрасіўся ў раёне свідравальнага станка, і абяцаюць такарны. Словам, працую. Працаваць мне трэба, сябры мае, вельмі многа. I я буду працаваць. I яшчэ скажу: я буду змагацца. Я даб'юся свайго, я зраблюся яшчэ вучоным.
Пішыце мне, сябры дарагія.
Ваш Уладзіслаў
30 лістапада 1952 г.
Уладзік, любы мой сябра!
Пішу табе пра вялікую радасць: прыехаў нарэшце Маркевіч, худы, але здаровы. І тут адразу кранулася твая справа. Касмач атрымаў вялізнага прачухана за тое, што не звярнуў дастатковай увагі на ліст ЦК. Маркевіч вельмі шкадуе, што ты паехаў, але думае, што іначай нельга было. Ён кажа, што ты малайчына. Я не пісаў табе, бо мне было цяжка бачыць, як Маркіч трыумфуе, як ён збіраецца стаць аспірантам, як сур'ёзна збіраецца помсціць тваім сябрам і табе. Зараз гэтаму канец. Былі яшчэ адны зборы, і на іх хлопцы так паўсталі супраць Маркіча, што люба было. Усім было сорамна перад табою (між іншым, па твайму жаданню я ніколі і нікому не сказаў, дзе ты. I не скажу. Ніхто не ведае нічога - даю табе ў гэтым слова гонару).
Выступаў і Сяляўка. Зусім іншы стаў хлопец, цвёрды, самастойны. Паўлоўскі, парторг (памятаеш, ён сядзеў на тых зборах і ўвесь час маўчаў), зацікавіўся гэтай справай і да прыезду Маркевіча добра ў ёй разабраўся. Ёсць такія чэрці, маўчаць-маўчаць, а пасля...
Справа атрымала характар скандалу. Пра цябе, праўда, не ўспаміналі, шмат хто баяўся (усё ж ты, з іх пункту гледжання, перагнуў палку), але ўсе зразумелі, што твая справа была штуршком. Нічога, браце, міне некалькі год - гэты жах будзе ў мінулым і ніхто не папікне цябе. Ва універсітэце выявіўся такі клубок гора-важакоў, чынуш і бюракратаў, што зараз сорамна студэнтам адзін аднаму ў вочы глядзець. Як мы толькі не маглі пабачыць! Зараз большасць з іх павыганялі, застаўся ў нас Паўлоўскі, Касмач (з добрым прачуханам), яшчэ некалькі чалавек. Камсоргам курса зараз я. Янка - прафорг. У бюро новыя хлопцы, між іншым, Чудзікаў і Сяляўка.
Я ўсё ж думаю: чаму ёсць у нас гэтыя "ідэальныя" сухары-пурытане, чынушы, іншым разам яўныя нягоднікі накшталт Маркіча? Думаю, што гэта адрыў ад рабочага асяроддзя, ад народа. Эх, такіх бы малойчыкаў на рабочыя зборы, на завод - там бы з іх зрабілі такое, што па нітцы хадзілі б. А мы ўжо занадта інтэлігентныя сталі.
Але якое шчасце рабіць разам з усімі (не пад гора-кіраўніцтвам аднаго "правадыра курсавога маштабу") наш універсітэт лепшым, сапраўдным! Цяжка, але і добра.
Маркіч за некалькі дзён да збораў паспрабаваў высветліць адносіны з намі і з адной вядомай табе асобай, але атрымаў такі паварот, што яшчэ і зараз баіцца дыхаць. На зборах Паўлоўскі сказаў пра Маркіча:
- Такія, як вы, яшчэ больш шкодныя, чым адвертыя ворагі. Толькі што за шчэлепы вас не возьмеш, бо вы склізкія, як ваш язык.
Да збораў Маркіч сустрэўся адзін на адзін у калідоры з Маркевічам, працягнуў яму руку, і, мы выпадкова чулі, Маркевіч сказаў:
- Няўжо вы сур'ёзна думаеце, што пасля такой подласці вам нехта пацісне руку?
Калі ж зборы пачалі віраваць, гэты ціхі Аркадзь Чудзікаў сказаў:
- Пакуль мы трымаем сувязь з унiверсiтэтам - такога чалавека ў аспiрантуры не будзе.
I ўсе падтрымалі яго.
Маркіч больш не камсорг. Дорага яму каштавала твая справа. Перамога, браце! I ўсё ж трэба нешта новае, каб маркічаў больш не было. На гэтым усё. Янка перадае прывітанне. Цалуем і віншуем цябе.
Паўлюк, Янка.
Р. S. Чаму ты ніколі не пытаеш пра дзяўчат-аднакурсніц?
1 ліпеня 1953 г.
Дарагі Уладзік!
Вось і скончылася наша Alma mater, скончылася шчасце, скончылася і бяда. I разам з намі па праву скончыў універсітэт і ты. Малайчына, ты абараніў дыплом і здаў зкзамены лепш за ўсіх, як мне сказаў Маркевіч. Я толькі не ведаю, чаму ты не пайшоў у аспірантуру? Можа, таму, што на табе ўсё яшчэ вісіць той цень? Магчыма, і так, але ўсё гэта міне, мой дружа. Ты бачыш, жыццё робіцца зусім светлым, і мы нарэшце пабачым сонца без плям. Я ведаю, праўда і жаданне лепшага сваёй краіне - заўсёды мацнейшыя за маркічаўшчыну. А наша справа такая, што пражыла трыццаць шэсць год і будзе жыць вечна.
Читать дальше