I ён трыумфальна паглядзеў на пярэднія рады. Студэнты сядзелі збянтэжаныя, а многія, відаць, зразумелі, што ўмяшацца ў справу зараз будзе небяспечна. Таму маўчалі.
- Скажу цяпер пра тое, што я чуў ад іншых. Аднойчы, яшчэ ў мінулым годзе, Берасневіч размаўляў з адным студэнтам і абураўся, што не даюць чытаць буржуазных кніжак. Пасля гэтага назваў нашых людзей цемрашаламі і дзікунамі і абураўся нацыянальнай палітыкай.
- Цікава, скуль ты здабыў такія свежыя звесткі? - спытаў Паўлюк. Вочы яго палалі, зморшчына на лобе яшчэ больш рэзка азначылася. А Маркіч меў выгляд баксёра, які зараз удала накаўтуе праціўніка.
- Ёсць і сведак. Устань, Сяляўка.
Сяляўка ўстаў, вялікая пакута была на ягоным млявым твары. Ён глядзеў на вузкі лоб Маркіча, на тытунёвыя самазадаволеныя вочы і вагаўся, чырванеў, маўчаў.
- Чуў ты гэта цi не?! Праўда гэта цi няпраўда?!
Сяляўка ледзь выціснуў:
- Праўда, але не зусім.
- Праўда гэта ці не?!
- Праўда, але ён...
- Усё, усё ясна, - адрэзаў Маркіч. - Сяляўка мне гэта яшчэ тады сказаў. Факт засведчаны! Цікава, што ён скажа зараз?
Берасневіч падняўся, пабачыў на сабе зацікаўленыя позіркі, глянуў на выкладчыкаў. Відаць, і яны завагаліся, глядзелі на яго з чаканнем, магчыма, нават непрыязна. Ён перавёў позірк на Алёнку і жахнуўся: нават яна глядзела на яго з жахам і гідлівасцю. Ён вінавата ўсміхнуўся і паспрабаваў быў пакласці сваю далонь на яе руку, якая ляжала на стале, але яна адсунула яе.
- Не кранайся, - сказала яна. - Ілгун.
Добра, што было цёмна і ніхто не заўважыў, але Берасневіча як быццам бабухнула па галаве, і рознакаляровыя кругі закруціліся перад вачыма. Замест таго каб казаць па прадуманаму плану, ён сеў на месца.
- Я не буду гаварыць. Ён ілгун, несумленны, нядобры чалавек.
Гэты ўчынак зрабіў тое, што і частка студэнтаў абурылася. Нехта сказаў голасна:
- Што ж гэта ён, лічыць за нізкае адпавядаць нам?
Берасневіч пабачыў зларадную ўсмешку на твары Маркіча, і гэта дало яму сілы.
- Не, таварышы, я не лічу за нізкае адказваць калектыву. Паўтару толькі: ён ілгун. Вы ўсе былі сведкамі маёй размовы з таварышам Холадавым і ведаеце, у чым сутнасць справы. Я не вінаваты.
I ён коратка расказаў пра сутнасць тых сваіх учынкаў, на якія выступіў з рушэннем Маркіч. Растлумачыў пра нацыяналізм, пра абразы таварышаў і ніцшэанства, пра адносіны з Холадавым. Апавяданне было кароткім. Моцны чалавек, ён не мог абараняцца ад несправядлівасці, ужываючы хлусню і забароненыя прыёмы. Да таго ж і Алёнка...
- Н-няма чаго казаць, тактыка, - прагаварыў чырвоны Холадаў, - не прызнаваць сябе вінаватым. Нахабства нейкае.
- Не, гэта не нахабства. Калі я размаўляў, можа, занадта рэзка, дык і таварыш выкладчык мяне абразіў. I я зусім не казаў пра памылку Энгельса, я казаў, што гэта гучыць як быццам памылкова з нашага, сучаснага пункту гледжання, бо марксізм развіваецца, ён не догма. I што сказаць у адказ на беспадстаўныя словы, што я не жадаю вывучаць марксізм? Гэта так бязглузда. Як гэта я магу не жадаць трымаць у руках ключ да гісторыі грамадства? Мяне ведаюць мае сябры, яны ведаюць, як я старанна заўсёды гатуюся да семінараў, яны ведаюць, што я няблага ведаю прадмет. Таварыш Маркевіч, напрыклад, ніколі не крыўдзіўся на мяне за тое, што я хачу думаць, што я разважаю, што я ведаю творы варагоў таксама. I вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ёсць у нас яшчэ цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў, - я кажу гэта проста ў вочы, і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму - гэта яшчэ не нацыяналізм. Я кажу адверта, што люблю. I пра парадак прыёму аспірантаў я казаў, і мяне падтрымаў таварыш Грушэвіч. Адказваць на тое, і што я з пагардаю стаўлюся да людзей - непатрэбна. Няхай скажуць усе, ці быў я дрэнным сябрам, ці схаваў я апошняе, калі ў мяне нешта было? Ніхто не кіне ў мяне камень. Вы гэта зразумееце, а тыя, што наўмысна жадаюць перакруціць мае словы і ўчынкі, тых мае словы не пераканаюць.
Маркіч закруціўся, ён бачыў, што прамова Берасневіча зрабіла ўражанне, што Берасневіча сапраўды ведаюць і любяць, і таму нанёс апошні ўдар, прыгадаў тое, ад чаго толькі Берасневіч і не мог апраўдацца:
- Ты яшчэ пра шкодніцтва раскажы.
Берасневіч ведаў, што няпэўны адказ дасць Маркічу і Холадаву радасць, але не мог прыдумаць нічога. Ён маўчаў. Нельга ж было сказаць, што ён і зараз думае так. Маўчаў і зал, адчуваючы, што ўдар быў смяротным.
Читать дальше