- Ну вядома, я ж сказала гэта.
- I, значыцца, ты ручаешся, што ён не здатны на подласць, што ён нічога не скрывае ад нас, што ён увесь як на далоні перад намі?
- Н-ну, в-вядома, - закруцілася Капасевіч, адчуваючы, што гатуецца нешта нечаканае.
- I гэта добра, - сказаў з ледзяным спакоем Галавень. - Я, між іншым, таксама, як вы ведаеце, член партыі, член партыі ўжо чатыры гады (маю, значыць, роўна ў чатыры разы большую школу партыйнай вывучкі, ніж ты, Марыя), але тут мы прытрымліваемся, на жаль, розных пунктаў гледжання з таварыш Капасевіч. Я лічу, што ручацца партыйным сумленнем за чалавека, якога дрэнна ведаеш, гэта трошкі, я б сказаў, дзіўна і наўрад ці сумяшчальна з прабываннем у радах партыі. Н-да. Ёсць іншыя прадстаўнікі камсамольскіх важакоў. Яны працуюць, адбудоўваюць шахты, вучацца, а не займаюцца плёткамі на зборах. Што ж, нам не пашанцавала, мы трапілі ў месца, дзе такіх выявілася мала. Прыкра, але гэта не значыць, што не ў нашых сілах змяніць становішча.
Ён зноў змоўкнуў, і гэта паўза была таксама мёртвай. Хмары так згусціліся, што ўсе з нецярпеннем чакалі ўдару перуна. А Янка зноў загаварыў усё з тою ж павольнасцю, частымі паўзамі і паважнай грунтоўнасцю:
- Я даўно меў падставу чакаць гэтых збораў, ведаючы некаторыя асаблівасці адносін паміж студэнтамі Берасневічам і Маркічам. Праўдзівей кажучы, адносін Маркіча да Берасневіча. Ведаючы гэта, я схільны быў прадбачыць найгоршае, трошкі ведаючы асаблівасці натуры студэнта Маркіча. У той самы час я папярэдзіў Берасневіча, які, я не скрываю, з'яўляецца маім другам, але Берасневіч сказаў мне, што Маркіч добры, хаця і трошкі дакучлівы чалавек і ні ў якім разе не здатны на подласць. Шкадуючы дзіцячую наіўнасць таварыша Берасневіча, я вырашыў засцерагчы яго ад небяспекі насупор яго рамантычнаму жаданню. За гэтыя месяцы я ўзвёў вакол яго такія-сякія ўмацаванні. Мне хацелася б выкласці тут сутнасць слоў таварыша Берасневіча, якую з такой красамоўнай палкасцю перакручваў тут Маркіч, але думаю, што я паспею зрабіць гэта ў пісьме на адрас партыйнага бюро універсітэта. Партыя разбярэцца, хто тут сапраўдны, неартадаксальны камсамолец, а хто нягоднік вышэйшай маркі. А пакуль што я хачу спытаць, ці ведаеце вы, хто бацька Маркіча? Я ведаю, вы скажаце, што ён быў партыйным работнікам і памёр у 1934 годзе. Праўда, так значыцца ў дакументах, якія таварыш Маркіч здаў ва універсітэт. Я, аднак, не паленаваўся навесці спраўкі, і выявілася, што яго бацька быў арыштаваны ў 1937 годзе і памёр у 1938 годзе. Цікавая біяграфічная падрабязнасць, праўда? Толькі чамусьці яе няма ў нашых дакументах.
I тут голас Янкi нечакана загрымеў:
- Дык чаму ж ён зрабіў такое? Чаму ўтаіў гэта ад нас? Баяўся? Не, проста не верыў нам. А ў нас, між іншым, дастаткова добрыя мазгі, каб зразумець розніцу паміж бацькам і сынам. I ты, Марыя, будзеш яшчэ казаць пасля гэтага, што гэты чалавек перад намі як на далоні, будзеш ручацца за яго сваім партыйным сумленнем? А чым ты паручышся зараз, што ён не ўтаіў яшчэ які-небудзь факт біяграфіі, што ён не кар'ерыст, што ён не топіць Берасневіча з прычыны нізкай злосці. Я добра ведаю гэта, калі-небудзь зразумееш і ты. Ён, Маркіч, ведаў памылкі Берасневіча, якіх у таго не было, яшчэ ў мінулым годзе. Чаго ён не паразмаўляў з ім, не засцярог? Таму што хаваў камень за пазухай да зручнага выпадку? А можа, і зараз толькі таму паспяшаўся, што ведаў, хутка вернецца Маркевіч, які не дасць крыўдзіць сумленнага, удумлівага камсамольца? Ты подла зрабіў, Маркіч. Чаму? Можа, жадаў адвесці ўвагу ад сябе, улезці па трупах іншых у царства нябеснае? Не ведаю. Але ведай ты, у нас заўсёды знойдзецца чалавечая літасць, каб падумаць у такіх выпадках, як твой, нягледзячы на тое, што там было з тваім бацькам, быў ён вінаваты ці не. Няшчасная маці! Няшчасныя дзеці! Але калі гэтыя дзеці забываюць на ўласны боль, забываюцца на ўласнае сумленне, забываюць усё - і топяць сапраўдных людзей, сваіх сяброў, топяць з карыслівай мэтай, забыўшыся, што чалавеку можа быць балюча, - такіх "дзяцей" шкадаваць нельга. Гэта ўжо не людзі, а бруд.
I ён сеў. Цішыня ўсё яшчэ стаяла ў зале, мёртвае маўчанне. На Маркіча жахліва было глядзець, такі разбіты ён сядзеў. Капасевіч сядзела як вылупцаваная. Але Касмач, якога, відаць, пакрыўдзіла прамова Янкі, тым больш што ён сам згадзіўся на тое, каб Маркіч праводзіў зборы, зрабіў Галаўню заўвагу за грубы тон яго выступлення, і гэта надало Маркічу сілы. Разумеючы, што зараз трэба змагацца, змагацца, што б там ні было, ён сказаў з высакароднай мінаю:
Читать дальше