Холадаў, як быццам не жадаючы разумець яго, зноў крыкнуў:
- Значыцца, ён дагматык?
- Не перакручвайце маіх слоў, - не вытрымаў Берасневіч. - Іхні сэнс для ўсіх зусім ясны. А калі для некаторых і не зусім ясны, дык у гэтым ім трэба вінаваціць не мяне, а некаторыя ўласныя асаблівасці.
- Хто вас вучыў так размаўляць!!!
- Вы толькі што ледзь не назвалі мяне дурнем, уласна кажучы, назвалі. Я больш стрыманы. А вучыў мяне Маркевіч. Ён быў, між іншым, выдатны выкладчык і, як усякі сапраўдны камуніст, вельмі памяркоўны чалавек. Ён ведаў, што мы вучымся, што мы не можам ведаць усяго, і не крычаў, а імкнуўся нам усё растлумачыць.
У гэты момант чорт пацягнуў Берасневіча зірнуць на першую лаўку, дзе сядзелі сябры. Гэта было надзвычайнае відовішча: Алёнка была белая з перапуду за яго, Янка жоўты ад жоўці і злосці, Паўлюк чамусьці амаль сіні, Маркіч ружовы ад задавальнення (прадбачыўся скандал).
"Вясёлка!" - прамільгнула ў галаве Берасневіча, і ён усміхнуўся, зусім забыўшыся на тое, як паставіцца да гэтай усмешкі Холадаў.
А Холадаў знайшоў у ёй доўгачаканы выхад.
- Ах, яшчэ і рогат з мяне? Прэч з аўдыторыі! Прэч! Прэч!
Не растлумачваць жа было гэтаму чалавеку прычыну ўсмешкі. Берасневіч выпрастаўся, быццам яго сцебанулі пугай:
- Не крычыце на мяне! На мяне яшчэ ніхто не крычаў. Я не хлопчык, я адказваю за свае ўчынкі. І я не шчанюк, каб мяне выкідвалі за шкірку без усялякай маёй віны.
Зазваніў званок і даў магчымасць з годнасцю разысціся ўдзельнікам сцэны.
Але пад час перапынку дэкан Грушэвіч спыніў Уладзіслава ў калідоры і з дакорам сказаў яму:
- Эх, Берасневіч, Берасневіч! І собіла ж табе ляпнуць такое. Папярэджвалі ж цябе. І як Маркевіч будзе незадаволены, як даведаецца.
Берасневіч апусціў галаву, але сказаў упарта:
- Калі што мяне і трывожыць, дык гэта незадавальненне Маркевіча гэтай справай. Адносна ж Холадава - я не шкадую. Ён абразіў мяне, абражае студэнтаў, не карыстаецца ў іх ніякай павагай. Я не шкадую. І ніколі не буду шкадаваць.
Цераз некалькі дзён (студэнтаў ужо адпусцілі, і трохі пазней павінны былі адбывацца экзамены) камсамольскае бюро факультэта вырашыла зрабіць нядзельнік. Уласна кажучы, гэтага патрабавалі самі студэнты. У горадзе там-сям яшчэ засталіся руіны, і адна з такіх руін ляжала амаль за самым універсітэтам, у катлавіне, адгароджанай ад яго сцяною велічэзных ліп і каштанаў. Мясціна была зручная для стадыёна. А стадыёна для студэнтаў у горадзе не было, і Берасневіч аднойчы кінуў прапанову зрабіць стадыён сіламі пятых курсаў і падараваць яго праз год той моладзі, якая толькі прыйдзе ва універсітэт, калі яны будуць канчаць яго.
Ранак быў свежы і чысты, такія бываюць толькі ў канцы мая, калі кожнай ноччу ідзе дождж, а ранак устае з чыстым, трошкі затуманеным сонейкам, салодкімі спевамі залатога з зялёным гівала ў шатах мокрых дрэў, з чыстымі вясёлкавымі кроплямі на лісцях.
Сабраліся ля універсітэта, узялі рыдлёўкі, кіркі і ламы і рушылі за хімічны корпус. Янка выскачыў з радоў і пайшоў задам наперад.
- Гаворачку чую, гаворачку. Гэй ты там, вальнапісны Паўлюк, падабраць пуза! А гэта хто там? Студэнт Аляксандр Пушкін? Цягнешся, як цяжарны. Гэта табе не паэмы пісаць, Анегіяў Яўгеніных розных... Левай... левай! Пахаванне ідзе - галовы направа, глядзець весялей!
Берасневіч канфідэнцыяльна і голасна, каб усе чулі, сказаў Паўлюку:
- Вы, дзеці, на генерала Янку Галаўня не злуйцеся ўжо вельмі. Ён жа пра ўсіх вас думае. Ці лёгка гэта яму, без галавы, думаць?..
Янка пад агульны рогат хутка стаў у рады. Недзе нарадзілася песня. Яе падхапілі. "Салдаты" з рыдлёўкамі знікалі ў алеі, і песня грымела, цягнулася, знікала за заваротам дарогі:
Смело мы в бой пойдем
За власть Советов.
У катлавіне адкрылася руіна. Больш зручнага месца пад стадыён цяжка было знайсці. Спадзісты адхон, амаль не засмечаны і правільнай авальнай формы, падыходзячы памер плошчы будучага поля. Вось толькі на полі рабілася нешта падобнае на Дантава пекла: глыбокія ямы, перакручаныя жудаснай сілай рэйкі і арматура, на якой віселі вялізныя пліты жалезабетону, купы камення і цэглы, ямы ўніз, у нейкія скляпенні. Яшчэ трымалася збоку невялічкая вежка і арка ўвахода, але ўсё астатняе ляжала ў такім хаосе, у такім перапляценні камення, цэглы, бетону, рэек, што невядома было, да чаго прыкласці рукі. Некалькі грузавікоў чакала непадалёку.
Берасневіч падышоў да камсорга факультэта, Міколы Касмача.
Читать дальше