- Кідай! Кідай! - прахрыпеў Сяляўка.
- Пачакай трошкі. Пачакай, дарагі, - маліў яго Берасневіч. - Хві-лі-нач-ку!
Пачуццё нейкага замілавання, радасці, любові да гэтага, зусім непатрэбнага яму Сяляўкі запаланіла яму душу. Ён адчуваў, што хутчэй здохне, сплыве крывёй, будзе расплясканы, ніж кіне гэтую пліту.
На лобе ў яго выступілі жылы, твар стаў ліловым, ногі як быццам уціскаў нехта ў жывот.
"Толькі б не адпусціць. Толькі б не..."
А пліта спаўзала ўсё хутчэй і хутчэй, зараз ужо не на Сяляўку, а яму, Берасневічу, на рамёны.
Перад вачыма паплылі вогненныя пчолы. Яны ляцелі некуды з ціхім звонам, і вакол іх была чорная, як аксаміт, цемра.
- Вось і ўсё. Алёнка! Бедная Алёнка!
Успамін надаў яму сілы. Ён крыкнуў трэці раз, але з грудзей вылецеў не крык, а напаўстогн-напаўроў.
У вачах пасвятлела, але Берасневіч з жахам адчуў, што ён не можа дыхаць. Выдых атрымліваўся добра, але ў лёгкія паветра не йшло. Не такая цяжкая ўжо была б пліта, каб не гэта жахлівая дыхавіца.
- Паветра. Паветра б хоць трошачкі, - шапталі вусны.
Пот ліўся з яго лба, дрыжэлі ногі, зноў пачалі плаваць перад вачыма чырвоныя мухі. Дыхаць было ўжо немагчыма, так сціснула грудную клетку. Прайшла, напэўна, гадзіна (а на самай справе хвілін сем-восем), пакуль ён пачуў дружны тупат ног. Відаць, пачаў крычаць Сяляўка, але Берасневіч не чуў гэтага.
У сутарэнне, якое стала ў два разы ніжэй, удзерліся Янка, Паўлюк, Маркіч, яшчэ некалькі хлопцаў.
Берасневіча было цяжка пазнаць. Фіялетавы, з бруднай, пераблытанай шапкай валасоў, з ашклянелымі вачыма, ён усё яшчэ трымаў скляпенне. Янка стаў поруч з ім, і ён, атрымаўшы нарэшце змогу гаварыць, прасіпеў:
- Прэч, цягні Сяляўку... Хлопцы, там, ля ўвахода... бервяно. Цягніце сюды.
Хлопцы пабеглі за бервяном. Маркіч і Паўлюк паімкнуліся былі да Берасневіча, але ён са страшнай, змучанай грымасай на твары ледзь выціснуў з грудзей:
- С-с-спачатку яг-го.
Лом Янкі падважыў пліту, Паўлюк пацягнуў да сябе вызваленую нагу Сяляўкі, ускінуў яго на плячо і пабег з сутарэння. Янка стаў поруч з Берасневічам, але пліта ціснула не менш: занадта спаўзла.
- Кідай! Кідай пліту! - у роспачы закрычаў Маркіч Берасневічу, на якога споўз амаль увесь край пліты.
Вочы Берасневіча трохі не закаціліся пад лоб.
- Н-нельга... Адразу ўпадзе. I ты... не паспееш.
Пачуўся тупат. Хлопцы з Паўлюком уцягнулі ў склеп невялікае бервяно і паставілі падпорку ля галавы Берасневіча. І тады з амаль жывёльным рыкам з грудзей ён упаў на калені. Яго падхапілі пад рукі, пацягнулі далоў, з сутарэння.
Ледзь яны выбраліся, як пліта яшчэ спаўзла на які аршын, пачуўся трэск дрэва, і, відаць, арматура не вытрымала, вялізная брыла абурылася ўніз, загрукацела, упала, узняла ў паветра вялізную хмару рудага пылу.
Дзяўчаты ля дрэў толькі зараз зразумелі, што ў хлопцаў адбылося нешта надзвычайнае. Ад іхняга гурту аддзялілася маленькая фігурка і паляцела з гары ўніз.
Берасневіча правялі яшчэ некалькі крокаў, але раптам ён апусціўся на калені:
- Пусціце мяне... Жывот баліць... Я, здаецца, падарваўся.
А тая, што бегла з гары, падбегла да Берасневіча, расштурхала людзей, упала ля яго на калені.
- Уладзік! Любы! Уладзік! Што з табою, Уладзік?!!
"Як яна галосіць, - падумаў Берасневіч. - Як вясковая жанчына..."
І ўсведамленне яго пачало некуды правальвацца, у нейкую чорную бездань. Ён і зусім даў бы сабе волю праваліцца, але нешта цёплае і мокрае заказытала яму твар.
"Алёнка... плача, - падумаў ён. - Бедная".
І ён з сілаю расплюшчыў вочы, узняў руку і дакрануўся да яе галавы. Пальцы яго заблыталіся ў валасах Алёнкі, ён не меў змогі вынуць іх стуль і толькі прыціснуў яе галаву да сваёй.
- Нічога... Нічога... Не плач, не смей плакаць... Нічога, любая, нічога...
На шчасце, усё скончылася добра. Давялося праляжаць тыдзень у бальніцы - і толькі, ды яшчэ засцерагацца некаторы час насіць цяжкае. Доктар, нізенькі, наліты тлушчам чалавек, сказаў толькі:
- Ну, дарагі, нарадзіліся вы, калі сава кугакала, або, як кажуць англічане, са срэбнай лыжкай у роце. Здзіўляюся, вельмі здзіўляюся. Нават грыжы, даруйце, не зарабілі. Вось толькі спіна параненая.
З'яўлялася кожны дзень Алёнка, прыносіла кветкі і тое-сёе са смачнага. Доўга сядзела ля яго, трымала ягоную руку ў сваёй. Прыходзілі студэнты. З'явіўся аднойчы Сяляўка, жывы і здаровы (абышоўся толькі жахам). Сядзеў ля ложка, уздыхаў, хацеў штосьці сказаць і не сказаў нічога.
А за акном біліся вераб'і, спявалі пад ветрам таполі, рухалася сонца. І ўсё гэта называлася шчасцем, асабліва калі яна была поруч, калі адчуваў яе цеплыню, калі схілялася яна над ім і валоссе яе казытала яму шчокі.
Читать дальше