- Стаўбур пахіліўся. Калі б выбіць з яго дзве-тры цагліны, дык я, можа, і са стаўбуром абурыў бы.
- Эх ты, а яшчэ кажаш: мы, маўляў, з Віцебшчыны, мы грабары. Тут, маўляў, у чужой краіне так не могуць.
Сяляўка толькі плячыма паціснуў. Берасневіч перабіў спрачальнікаў:
- Кіньце, хлопцы. Дурная гэта спрэчка, скажу я вам.
Можа, калі б сказаў гэта хтосьці іншы, Маркіч і паслухаўся б, але тут трэба было пакінуць апошняе слова за сабою. І ён сказаў:
- Ну што ж, баягуз такім і застанецца.
Берасневiч не адказаў i перавёў вочы на Алёнку. Закураная пылам, у нейкай чырвонай хустачцы на галаве, яна, вiдаць, вельмi стамiлася, але паглядзела на яго, усмiхнулася. Не было нiчога даражэй на свеце за гэтую стомленую i любую ўсмешку. I ўбор гэты вельмi ёй пасаваў. Ён
Ён глянуў на сябе - сапраўднае пудзіла. Порткі на каленях рэдкія, як сіта, адзін бот просіць кашы, кашуля расхрыстаная, на руках, ад напругі, надуліся жылы, у галаве, напэўна, нягледзячы на шапку, сем пудоў пяску.
Ці то чалавек пасля караблекрушэння, ці то беглы аўстралійскі катаржнік з бульварных раманаў.
І ён ціха спытаў Алёнку:
- А як бы ты да мяне ставілася, каб я раптам выявіўся беглым катаржнікам? Або злачынцам? Непаразуменне адбілася раптам у вачах сяброўкі.
- Ты не можаш быць такім... Я толькі такога цябе і ўяўляю, моцнага, разумнага, з няпростай доляю. І маці так да цябе ставіцца.
Гэта было праўдаю. У Алёнкі Берасневіч стаў амаль сваім чалавекам. Маці ўсё лепей ставілася да яго, часта і ахвотна размаўляла, асабліва сам-насам, распавядала цікавыя гісторыі з мінулага.
- Ты не можаш выявіцца іншым, горшым, або, як ты кажаш, "злачынцам". Іначай ты не быў бы сам сабою. А значыцца, што ж пра гэта размаўляць.
Берасневіч глянуў назад. Не, здаецца, ніхто не чуў, толькі Маркіч неяк затоена ўсміхаецца, але гэта, напэўна, над Сяляўкаю.
- Хопiць, хлопцы, - устаў Уладзiк. - Яшчэ якiх паўтары гадзiны, i будзем шабашыць.
І рушыў да руіны.
Ён узышоў на самы верх напаўразбуранага сутарэння, калі раптам адчуў, што ў метры ад ног вялізная, метры два на тры, жалезабетонная брыла, якая стварала частку скляпення, пасунулася ўніз, рыўцом апусцілася метры на два, і ў гэты самы момант з сутарэння пачуўся немы, нялюдскі крык, прыглушаны скляпеннямі. Усе хлопцы былі далёка, па той бок руіны. Затрымаўшыся не больш як на які момант, Берасневіч пабачыў, што трымаюць вялізную пліту толькі два-тры кавалкі арматуры, закручаныя, як кручкі, і зачэпленыя за суседнія брылы і мур. Яны ўвачавідку разгібаліся пад жахлівай вагою, і скляпенне асядала, асядала.
У той самы момант Берасневіч скокнуў з чатырохметровай вышыні на груду пяску.
У сутарэнні рабілася жахлівае. Сяляўка, відаць, вырашыў "паказаць" Маркічу і нішком пайшоў выбіць некалькі цаглін са стаўбура, каб пасля адным разлічаным ударам лома зваліць усё скляпенне. Ён скончыў справу і пайшоў да выхаду, але цагляны стаўбур быў не такі моцны, як лічылі. Ён абрушыўся, скляпенне адразу села і спаўзала ўсё ніжэй і ніжэй, пераломваючыся ўсярэдзіне напалам. Выпадак здарыўся як раз у той час, калі Сяляўка пералазіў цераз кучу смецця і цяжкі ніжні край злому прыціснуў яму левую нагу, уціснуў яе ў смецце і хаця не паспеў яшчэ раструшчыць, але трымаў моцна, як пастка. Тады і прагучэў той немы крык, на які прыбег Берасневіч. Сяляўка ўпіраўся рукамі ў навісаючае скляпенне, але рукі падломліваліся пад жахліваю вагою, тым больш што Сяляўка ляжаў на спіне. На твары яго быў такі жах, што ў Берасневіча таксама нешта абарвалася ў грудзях.
"Зараз яго распляскае ў блін", - з'явілася аднекуль у галаве выразная да болю думка.
Ён сам не памятаў, як ён апынуўся каля гінучага. Рукі самі рабілі справу, машынальна, незалежна ад галавы. Падсунуў камень ля нагі Сяляўкі: цяпер яе не раструшчыць.
- Зараз! Зараз! - мармытаў Берасневіч.
! такі жаль да няшчаснага Сяляўкі ахапіў яго сэрца, што ён зараз з радасцю лёг бы замест яго.
Але скляпенне сядала, цяпер яно амаль што ляжала ў Сяляўкі на грудзях.
І тады Берасневіч, не разважаючы, быццам іншага і быць не магло, знайшоў месца злому, стаў пад яго і прыняў цяжар на карак. Спачатку яму здалося, быццам не так ужо і цяжка, але, відаць, скляпенне яшчэ трошкі села, бо раптам адчуванне дзікага, нясцерпнага цяжару і болю (на плячах была адна кашуля, і закраіны пліты ўпяліся ў мяса) пранізала ўсю яго істоту.
Толькі б не сагнуцца, толькі б не ўпасці. Тады канец.
І Берасневіч закрычаў. Крык атрымаўся нейкі няпэўны, і яго, відаць, не пачулі. Берасневіч закрычаў яшчэ - атрымалася яшчэ слабей.
Читать дальше