Гаспадар адарваў вочы ад ліста і глянуў на Талочку, які нерашуча круціў у руках драўляную табакерку: закурыць ці не?
«Эге, міленькі! Аказваецца, ты таксама арандатар! Нягледзячы на герб Паўкозіч… Каб я ды з такім панам яшчэ ўсю дарогу пакутаваў? Нізавошта… Аднак жа што там у канцы ліста?»
«Я разумею, Уладзіславе, што мінулага ўжо не вернеш, не ўваскрэсіш. Але добрую памяць пра яго захаваць трэба. Мінулае, як і чалавек, памірае двойчы: першы раз, калі яно канчаецца, і другі раз, калі яго забываюць. Дык вось: мінулае павінна нас не толькі апякаць болем і сорамам, але і саграваць у не лепшыя часіны, якія наступаюць
І апошняе. Я ўжо зусім не тая, якой была. Знайшла сябе, знайшла сэнс свайго быцця. Замольваю грахі, імкнуся адкупіць іх праз добрыя справы.
Пры сустрэчы пагаворым падрабязней.
Галена Маеўская».
Божа мой! Каб такое пісьмо ды прыйшло з год назад, калі ён сам слёзна прасіў яе не абрываць сяброўства, — сканаў бы ад радасці, ад прадчування новай сустрэчы, новай асалоды! А сёння? Ніякай радасці. Толькі прыкрасць: няўжо цяпер, калі крыху вярнуўся спакой у сэрца, а пяро ў рукі, калі Паўліна, забыўшы пра ўсё, пачала пра яго клапаціцца, як пра малое дзіця, — няўжо цяпер зноў пачынаць усё спачатку?!
— Ну добра, — загаварыў гаспадар, дастаючы са стала пачак цыгар. — А калі б я выпадкова не аказаўся ў Барэйкаўшчыне? Што тады рабіў бы мой госць са старадаўнім гербам Паўкозіч?
Кпіны ў голасе, здаецца, не было. Толькі канстатацыя факта. Таму адказ Талочкі прагучаў даволі натуральна:
— Калі б я тут пана не сустрэў, мне было сказана, падкрэсліваю, не загадана, а сказана, шукаць пана ў Вільні. У доме Бабятынскага на Батанічнай вуліцы. Насупраць Каралеўскага млына.
«Божжачка мой! — зварухнулася адчайная думка. — Галена ўжо ведае мой новы віленскі адрас… Што было б, калі б пісьмо прывезлі туды! Паўліна нутром адчула б, ад каго яно, і зноў пачаліся б слёзы».
Голасна ж гаспадар, сілячыся быць абыякавым, спытаў:
— Пану сказалі… Хто?
— Пан Яцак Ляшчынскі, гаспадар Анеліна.
— А кім жа даводзіцца пану Ляшчэўскаму, прабачце, пану Ляшчынскаму тая пані, што пісала гэты ліст?
— Не ведаю. Мусіць, не жонкай. Пан Ляшчынскі прызнаўся днямі, што ўсё жыццё прабывае ў свабодным стане. І не сваячка, бо ўсіх сваякоў пана я знаю навылёт.
— Калі ж пані Галена прыехала да пана Ляшчынскага? Учора? Заўчора?
— Не, яны прыехалі ўсе трое яшчэ на тым тыдні. У самым канцы сакавіка. Прыехалі з Варшавы. Праз Вільню.
— Трое? Хто ж трэці? Дзіцё?
— Не, дзяўчына, Марыся Пілятоўская. Пан кажа, што гэта дачка яго стрыечнай сястры з Украіны. Але я ў гэтым дужа сумняваюся.
— Чаму? — гаспадар ухапіўся за гэтыя словы, як тапелец за кінутую дошку. — Думаеце, што яна каханка пана Ляшчынскага?
— Я нічога не думаю, — насупіўся Талочка. — Пра сваіх гаспадароў я наогул нічога не думаю.
— Наколькі я меў магчымасць зразумець, вашмосць з’яўляецца аканомам у пана Ляшчынскага, — падкалоў гаспадар госця. — Мы, так сказаць, калегі па фаху. Ну то от, давайце на гэта каляжанства закурым.
Талочка аслупянела глянуў на замежную цыгару коштам, напэўна, з паўрубля, але з гонарам адмовіўся:
— Не, я такіх не куру. Лепш скаштуйце маёй табакі, яна прама з Парыжа. Учора мне скрыню прывезлі, — Талочка паспешліва скруціў самакрутку, прыкурыў ад працягнутай сярнічкі, якую гаспадар запаліў, чыркнуўшы па аконным шкле, нервова зацягнуўся. Ад смуродлівага дыму гаспадар глуха закашляўся.
— А міленькі ты мой, а каб ты жывы быў, яно і чуваць, што з Парыжа!
Але Талочка і не думаў бянтэжыцца. Ішоў у наступ:
— То я хацеў бы спытаць у калегі па фаху, ад каго ён арандуе такую няўродзіцу. І колькі плаціць арэнды.
Але, о дзіва, гаспадар ахвотна пагадзіўся:
— Сапраўды нішчыміца! Нават горшая, чым калісьці ў Залучы. Чужое поле, чужое неба, чужы вецер… Нават салаўёў для натхнення няма. Адзін скаўронак прыляцеў, дык і таго ўчора наш чорны кот кіпцюрамі задзёр… Каб не магіла бацькі, нічога мяне гут не трымала б! Што ж датычыцца панскага пытання, то ніякага сакрэту няма. Арандую фальварак ад графа Тышкевіча з Нямежы. Дакладней, не я цяпер арандую, а мая маці з дачкой і зяцем. Але гэта ўсё роўна. На мне ўсё лічыцца. Мне трэба ўсіх пракарміць. Не паверыш, вашмосць, часам за сталом дваццаць адну галодную губу налічваю… А ў вашмосці колькі сямейкі?
— Двое мы з жонкай Мальвінай. Сын даўно ў войску. Афіцэрам на Каўказе. Адзіная мая надзея — дзеля яго ўсё стараюся… Аднак хацеў бы я ведаць, колькі арэнды даводзіцца пану плаціць?
Читать дальше