— Не кажы, сват! Вунь і мне трэба неяк ісці ў Аняліну. Сказалі грубкі паліць. Два разы нават, раніцай і вечарам. Зімой па разу паліў, а тут — двойчы, — Гармаш праехаўся пяцярнёй па сваіх чорных касмылях.
— Ыш, якое панства! На дварэ пацяплела, вясна ідзе, а яны… Здурнелі паны, ці што?
— А ліха іх матары ведае! Кажуць, учора той цацы, што з панам з Аршавы прыехала, холадна было. У кашульцы толькі спаць прывыкла… А сённека гасцей спрашаюць.
— Гасцей? У вялікім посце?
— То ж справа набожная. Крыж свенціць будуць, што на ростанях паставілі. Ну там, дзе пярун калісьці забіў пад дубам паню-матку.
— А, відзеў! Відзеў, калі ішоў. Ыш, калі пан успомніў пра матку. Даўно тое здарылася — яшчэ мая Хрысцінка жывая хадзіла.
— Не было раней яму часу. Усё па свеце валэнсаўся. Да і другі маёнтак у яго ёсць, большы. На Украіне недзе. Бацькаў спадак. Там, кажуць, і жыць збіраецца,
— А гэты, каму ж гэты?
— Хто іх, паноў, разбярэ. Можа, аканом будзе далей камандаваць, грошы пану адсылаць. А то прадасць каму. Маёнтачак наш незавідны. Усяго тры валокі зямлі ды тры мужыцкія хаты. Дзве душы Гармашоў, сем душ Мальдзёў, ды яшчэ Касінскі і чэлядзь.
— Не кажы! А Руднік! А Козы! А сенакосы па Лошы!
— Што там той Руднік. Пакуль не было панскага вока, аканом прадаў немцам старадрэвіны і, казалі мне добрыя людцы, Сяржанты сабе патаемна купіў. І ад Козаў ужо толькі пні засталіся. Пан як глянуў — аж за сэрца схапіўся. Хоча выгнаць Талочку.
— Добра было б, гэту гадзіну падкалодную! Бізун толькі ведае! Па дзеўках на старасці лётае!
— Цяпер-то ён трохі абціх. Усё ж вольныя мы сталі, маніхвест быў.
— «Маніхвест, маніхвест»! — перадражніў Гармаша Грыва. — Быстрыноўскі ўчора вярнуўся з Ашмяны, то казаў, што праўдзівы маніхвест паны затаілі. Цар-бацюхна ў маніхвесце напісаў, каб нам далі вольную разам з зямлёй. А паны і слухаць не хочуць. Зямелькі шкадуюць, проціў цара бунтуюць. Праўдзівы маніхвест спалілі, а фальшывы чытаюць. Падпісваць во прымушаюць. Кажуць, у Іўі за Гальшанамі народ проціў паноў пайшоў. Каб маніхвест не хавалі, каб на паншчыну болей не гналі. Тысячы цэлыя на рынку сабраліся! Кажуць: ідзіце з намі, іншыя вёскі, бо інакш помсціць вам, паліць будзем! Дак, ведаеш, сват, з Гальшан салдат прыгналі. Коньмі народ дратавалі. Аднаго старога насмерць затапталі…
— Як яно так: царавы салдаты — і проціў царскай волі…
— Бо паны іхнае начальства перакупілі. Грошы, сват, усё могуць!
— А я дак, сват, цару не веру. Не можа быць, каб ён з панамі не заадно ішоў. Адна ж кроў.
— Ыш, як свату кепскае ў галаву ўлезла! — зазлаваў Грыва. — Ад сівухі ўсё гэта, ад карчмы…
— А хто мяне п’яніцай зрабіў, хто? — горача перабіў Гармаш. — Паспрабуй не выпіць, то дзесятаму закажаш. Талочка за нявыпітае грашыма зышча. Яму ж на руку, калі яго сівуху ў Сімы смокчуць.
— Ну, смакчы, сват, смакчы, усё прасмокчаш! За дзяружкай нечакана пачулася частае ўсхліпванне. І глухі стук: нібы хто наўмысна біў галавой аб сценку.
— Для такіх людзей, як сват, — цягнуў Грыва, — і зямелька непатрэбная. Чым болей багацтва, тым горай для іх, тым болей піць будуць, у распусту кідацца… — Пабачыўшы на зарослым твары Гармаша варожую зацятасць, Грыва раптоўна замоўк. Потым пачаў больш памяркоўна: — Ну, не злуй, сват, за праўду-матку. Не можа цар-бацюшка быць проціў нас. Ён жа паноў прымусіў вольную нам даць. А яны, Быстрыноўскі казаў, праўдзівы маніхвест схавалі…
— То, можа, сват, нам той маніхвест і не падпісваць?! Учора Талочка казаў, што хоць крыжыкамі, але прыйдзецца.
— Калі Талочка кажа так, то не падпісвай. Ад яго ўсяго можна чакаць. Зямлю дарма цар дае, а ён выкуп здзярэ.
— А за што ж нам, сват, тую зямельку выкупіць? — залямантавала з-за дзяружкі Гармашыха. — Гэта ж во, сват, наш збожжа прапівае, усё Сіме цягне! Адзенне анагдайчы праніў, дак укруціўшыся ў салому да хаты прыпоўз! Ні людзей, ні дзяцей не стыдаецца. Ці хаця б брацятка свайго старэйшага і цвярдзейшага. А чаму ж мне бог такое горачка да-а-аў! А чаму ж ён калі цябе смалой не напоі-і-іць! А чаму ж ён карчму перуном не спалі-і-іць! А каб жа вам усім дэнца ў пекле не бы-ы-ыло!
— Сціхні ты! — агрызнуўся Гармаш. — Кажу табе, што ячменю я не браў. І анучаў такіх у нашай хаце не было…
— То хто ж тады, скажаш? Можа, дух святы?! Можа, я сама той ячмень выграбла?!
— А хто цябе ведае, можа, і ты, — ленавата адбіваўся Гармаш. — Цяпер бабы не меней мужыкоў п’юць. У карчме пад лавамі валяюцца.
— Тады так ты мяне болей і ўвідзіш! — нахабства мужа прыдало Гармашысе рашучасці. Выскачыўшы з-за дзяружкі са звязаным загадзя ванзэлкам, яна схапіла з жэрдкі доўгую шарачковую капоту, зрэбную хустку і, не апранаючыся, шуснула за дзверы.
Читать дальше