Аднак, праз паўгадзіны я зноў убачыў іх і гэта мяне моцна зьдзівіла. Яны вярнуліся з какосамі і бананамі. Выявілася, што яны хадзілі да сваіх пірогаў за падарункамі для мяне. Тут існуе асобная цырымонія паднясеньня падарункаў. Кожны прыносіць свае падарункі асобна ад другіх і перадае іх у рукі тэй асобе, для якой яны прызначаны. Так было і сёньня: кожны тубылец перадаў свой падарунак сьпярша мне, потым Ульсону, які атрымаў меней, чым я, потым Бою, якому далі яшчэй меней. Тубыльцы Білі-Білі доўга былі ля мае халупы. На змроку яны сталі паказваць на мяне і на маю шлюпку, а потым на сваю выспачку, якая была відна здалёк. Яны паказвалі мне, што не заб’юць і не зьядуць мяне і што ў іх ёсьць шмат какосаў і бананаў. Пры разьвітаньні яны паціскалі мне руку вышэй локця. Два з іх, якія мелі ад мяне чамусьці болей падарункаў, абнімалі мяне левай рукой, прыціскалі да сваіх грудзей і прыгаварвалі: «О, Маклай! О, Маклай!» Калі яны адышлі на некалькі крокаў, дык напалову абвярнуліся яшчэ раз, згіналі руку ля локця, спачатку сьціскалі яе ў кулак, а пасьля разгіналі зноў. Гэта было іх апошняе прывітаньне мне, пасьля якога яны схаваліся.
На другі дзень у мяне зрабіўся першы прыпадак трасцы. Як я ні мацаваўся, але ўсё-ж павінен быў легчы і праляжаў увесь дзень. Адчуваў я сябе кепска. На другі дзень захварэў Ульсон. Калі я ўстаў, ногі ў мяне дрыжэлі і падгіналіся. Бой таксама захварэў. Мая халупа стала цяпер сапраўдным шпіталем, і я даглядаў за двума хворымі, якія стагналі і вохкалі, хоць і сам я ледзь валачыў ногі. На наступны дзень у мяне зноў быў прыступ трасцы. Усе мы ляжалі хворыя і нам было вельмі кепска, а калі пачнецца дажджлівы час году, дык, напэўна, будзе яшчэ горай.
Прыходзіў Туй, і я ад яго даведаўся, як завуцца вёскі, што відны былі з майго мыса. Я зьдзівіўся ліку тутэйшых назваў. Кожны маленькі мысок ці ручаінка маюць асобную назву. Я зьдзівіўся таксама кемкасьці Туя. Я запісваў назвы, якія ён мне гаварыў, і на тэй-жа паперы рабіў накід усёй букты, адзначаючы адноснае палажэньне вёсак. Туй гэта зразумеў. Я па некалькі разоў павяраў вымаўленьні назваў, голасна прачытваючы іх. Туй паправіў ня толькі дзьве назвы, але нават самы накід карты. Але мне ўсё-ж здавалася дзіўным, што маё запісваньне назваў і чырчэньне на паперы ніяк ня цікавіла яго. Ён нібы і не заўважаў гэтага.
Я даў сваім хворым хіны, зварыў на сьнеданьне па дзьве порцыі рысу на чалавека і пашоў у лес. Птушак тут было шмат і я наважыў хадзіць на паляваньне, як толькі тубыльцы прывыкнуць да мяне. Кансэрвы мне абрыдлі і мне хацелася здабыць дзічыны. Калі я прышоў з лесу, дык убачыў, што Ульсон яшчэ вохкаў на сваім ложку, але Бой ужо ўстаў і варыў на абед боб.
Туй прышоў з трыма тубыльцамі з Гумбу. Прывезены мною амэрыканскі тутун пачынае падабацца тубыльцам, але яны мяшаюць яго са сваім. Кураць яны так: бяруць крыху падсушаны на сонцы, яшчэ мяккі, ліст тутэйшага тутуну, разгладжваюць яго рукамі і высока трымаюць над агнём, каб высушыць, затым разрываюць яго на дробныя кавалачкі, згортваюць у скрутачкі накшталт цыгары і загортваюць у высушаны над агнём ліст. Тубыльцы адшукваюць такое лісьце ў лесе. Згорнутая такім чынам цыгара гатова, і яны па чарзе кураць яе кожны. Зацягнуўшыся дымам, адзін або два разы, кожны павольна глытае яго і перадае цыгару суседу.
Адзін з маіх гасьцей тубыльцаў вельмі памастацку рабіў з ствала нейкай гібкай расьліны тонкія, вузкія палоскі, з якіх плялі бранзалеты. Гэтыя бранзалеты — «Caro» — тубыльцы насілі на руках ля плячэй і на нагах ля каленяў. Тубылец вельмі спрытна працаваў адломкамі чарапашыны, якія яму замянялі нож і якія ён мяняў або абломваў, каб зрабіць гостры край.
Я даведаўся ад Туя, што горы навакол затокі Астролябія густа заселены. Ён назваў мне некалькі вёсак і да кожнай назвы дадаваў слова «Мана», г. зн. гара.
Ульсон і Бой ні куды ня варты. Бой ледзьве ходзіць з прычыны моцнае пухліны пад похваю, а Ульсон ледзь варочае языком, увесь дзень валяецца на сваім ложку, уздыхае і вохкае. Я не магу нікуды адлучыцца надаўга, бо тубыльцы ня слухаюць ні Ульсона ні Боя, у той час, як я прымушаю іх адным поглядам пакарацца мне. Цікава, што яны вельмі ня любяць, калі я на іх гляджу. Калі я нахмуруся і пільна гляну на іх, яны зараз-жа ўцякаюць.
Прысмакам для мяне служыць тут какосавае малако. Апрача яго і гарбаты, я нічога ня п’ю. Звычайна я выпіваю па два какосавых арэхі за дзень.
Мы пачалі разводзіць гарод і зрабілі грады. Гэта была цяжкая праца, бо пласты зямлі зусім нязначныя. Крыху пакапаушы, мы натраплялі на каралі. Пасеялі мы боб, насеньне гарбузоў з Таіці і кукурузу.
Читать дальше