Раздзел першы. Цікі пакідае родную вёску
— Я самы шчаслівы хлопчык у Афрыцы, — радасна сказаў сам сабе Цікі, — таму што заўтра пачынаюцца мае вялікія прыгоды.
Хлопчыка вельмі хвалявала думка аб падарожжы, якое чакала яго, і аб усім новым, што ён убачыць.
Але калі Цікі акінуў позіркам маленькую, залітую сонцам афрыканскую вёсачку, дзе ён пражыў усе свае адзінаццаць гадоў, да пачуцця радасці прымяшаўся смутак. Давядзецца развітацца з многім, што ён любіў.
А пачалося ўсё на мінулым тыдні, у той дзень, калі Кафундзі, іх школьны настаўнік, атрымаў ліст з Вялікага Горада.
Вядома, усе адразу ж даведаліся пра гэтую падзею, бо да іх рэдка прыходзілі пісьмы, а калі хто іх атрымліваў — уся вёска ходырам хадзіла.
— Я павінен прачытаць ліст у цішыні, — важна прамовіў Кафундзі, — і каб ніхто мне не перашкаджаў, — дадаў ён і з пісьмом у руцэ накіраваўся ў пустое школьнае памяшканне.
Але неўзабаве вакол школы ўсё ж сабраўся невялікі натоўп: старыя мужчыны, жанчыны, некалькі дзяцей. Усё астатняе насельніцтва вёскі пайшло ў поле сеяць маіс.
Сонца ў той дзень пякло неміласэрна, але людзі моўчкі чакалі, калі зноў з'явіцца Кафундзі. Ім дужа карцела даведацца, пра што пішацца ў лісце.
Праз даволі доўгі час са школы выйшаў Кафундзі.
Ён абвёў уважлівым позіркам натоўп, зняў акуляры, потым надзеў іх і паглядзеў на пісьмо, якое трымаў у руцэ.
— Пра што там пішуць? — пачуўся нецярплівы голас.
Кафундзі зноў зняў акуляры і адкашляўся.
— Гэты ліст, — абвясціў ён, — прыслаў нам дырэктар Сярэдняй Школы, што непадалёку ад Вялікага Горада. У ім пішацца пра таго, каго вы ўсе ведаеце. Імя яго — Цікі.
Натоўп усхвалявана загуў. Якая справа такому паважанаму чалавеку, што жыве недзе вельмі далёка, да маленькага вясковага хлапчука Цікі?
Кафундзі глядзеў на людзей, не хаваючы свайго задавальнення, што выклікаў такое хваляванне незвычайнай навіной.
— У лісце гаворыцца, — сказаў ён далей, калі шум сціх, — што Цікі паказаў выдатныя поспехі ў вучобе, і таму павінен паступіць у Сярэднюю Школу. Там ён шмат чаму навучыцца, зробіцца вучоным і мудрым чалавекам, і вёска будзе ганарыцца ім...
Людзі запляскалі ў далоні і, гучна размаўляючы, падаліся дадому.
Калі Цікі даведаўся пра навіну, яго захліснула вялікая радасць. Да таго ж, ён ганарыўся, што з такой колькасці вучняў менавіта яго пасылаюць вучыцца ў Сярэднюю Школу.
Ён не мог дачакацца, пакуль вернуцца з поля бацька і маці, і з усіх ног кінуўся бегчы праз лес да ракі. На другім беразе ракі раскінуліся маісавыя палі. Хлопчык перабег цераз драўляны мосцік і хутка знайшоў сваіх бацькоў, якія старанна працавалі матыкамі.
— Мамачка! Тата! — закрычаў Цікі. — Цудоўная навіна! — І, захліпаючыся ад хвалявання, расказаў пра пісьмо.
Калі ён змоўк, маці радасна засмяялася, а на твары бацькі заззяла гордасць.
Але раптам бацька насупіў бровы.
— Тое, што ты расказаў, вядома, прыемна, — сказаў ён. — Але як ты дабярэшся да той школы, што ля самага Горада? Нам нельга адлучацца — трэба працаваць на полі, а то ў наступным годзе нічога не вырасце. Мы не можам павесці цябе.
— Я сам пайду, адзін, — запярэчыў Цікі. — Я дужы. Пайду проста насустрач узыходзячаму сонцу і хутка дабяруся.
— Сын мой, — усміхнуўся бацька, — нават дарослы чалавек добра падумае, перш чым падацца ў такое падарожжа. Ісці туды сем дзён праз лес і хмызняковы гушчар. Трэба перабірацца цераз безліч крутых узгоркаў, пераходзіць уброд імклівыя рэчкі...
— Мне нікога не трэба, — не здаваўся Цікі. — Я смелы. Усё гэта я магу зрабіць.
— А яшчэ, — гаварыў далей бацька, — уся мясцовасць кішма кішыць дзікімі звярамі. Я ведаю, ты хлопчык смелы, але не такі дужы, каб змагацца з леапардам Імбвіле, львом Нкаламам ці сланом Нсофу. Не, трэба прыдумаць што-небудзь іншае.
На душу Цікі нібы камень лёг. Значыць, ён не зможа хадзіць у школу. Давядзецца застацца ў вёсцы, магчыма, назаўсёды. Ён павярнуўся, каб ісці.
— Цікі, — лагодна сказаў бацька. — Мы знойдзем выйсце, не хвалюйся. Пойдзем да правадыра. Ён дасць параду. Сёння ж увечары пойдзем.
Вечарам, пасля захаду сонца, правадыр і яго дарадцы прымасціліся каля агню.
Цікі з бацькам прыселі на кукішках непадалёку. Ім дазвалялася слухаць, але ўдзельнічаць у нарадзе і гаварыць забаранялася.
Святло вогнішча мігцела на тварах людзей, калі яны абдумвалі пытанне. А там, у лесе, гучна квакалі жабы і стракаталі мільёны цвыркуноў.
Читать дальше