Тамсама маглі назапашвацца сотні і сотні не разлічаных на публікацыю вершаў, з якіх потым складзецца архіўны Фонд 31 у Акадэмічнай бібліятэцы – невычэрпная скарбніца для даследчыкаў-геніюшазнаўцаў.
Доўгі час працуючы ў тым фондзе, я прыкінуў: нават пасля выхаду ў свет зборніка “ Невадам з Нёмана ” (1967) у друк праходзіла хіба адна дзесятая частка з таго, што пісалася Ларысай Геніюш. Прычым, адабраныя для друку вершы караціліся, падчышчаліся, рэдагаваліся – часам да непазнавальнасці. Мне ўжо даводзілася пісаць пра пашматаны цэнзарскімі нажніцамі рукапіс “ Невадам з Нёмана ”, з якога было выкасавана 120 радкоў, дзе сустракаліся словы Бог, Пагоня, крывіцкі [1] Скобла М. Палімпсесты Ларысы Геніюш // Літаратура і мастацтва, 1998, 20 лютага.
.
Словы Край, Краіна Ларыса Геніюш любіла пісаць з вялікай літары – насуперак правілам арфаграфіі, але ў згодзе з правапісам сэрца. Гэта быў яе адказ тым, хто прыніжаў Беларусь, цягам стагоддзяў імкнуўся ператварыць яе ў бязмоўную і паслухмяную калонію. Юрыдычна Беларусь стала незалежнай у 1990 годзе, для паэткі яна была Краінай нават у складзе савецкай імперыі.
“ У краіне краіна ” – як напісаў адзін украінскі паэт. Кемлівыя рэдактары тут жа паправілі: “ у краіне раіна ” (таполя). Гэтак пільная цэнзура стаяла на варце цэласнасці Савецкага Саюза. Але ўсачыць за ўсімі іншадумцамі не магла і яна.
Калі 11 красавіка 1983 года ў лесе пад Зэльвай людзі ў форме спынілі рафік, на якім у Менск вывозіўся архіў памерлай Ларысы Геніюш, іхнія начальнікі наўрад ці ведалі, што самы крамольны яе твор – “ Споведзь ” – ужо даўно знаходзіцца ў бяспечным і недасягальным для іх месцы. Пра існаванне “ Споведзі ” спецслужбы ведалі напэўна – пра мемуары ёсць неаднаразовыя згадкі ў ліставанні паэткі. Тады, у лесе, ператрусу ці рэквізіцыі архіва ўдалося пазбегнуць – найперш дзякуючы Адаму Восіпавічу Мальдзісу, які, выпраўляючыся ў Зэльву з адказнай місіяй, змог заручыцца падтрымкай у высокіх інстанцыях. Але, відаць, і дасведчанаму Мальдзісу не прыходзіла ў галаву, што адзін з самых каштоўных рукапісаў Ларысы Геніюш улетку 1982-га, пад покрывам ночы, ужо вынес з Зэльвы археолаг Міхась Чарняўскі.
Шкада, што тады ж, яшчэ задоўга да ўсіх перабудоваў і галоснасцяў, ён не пераправіў “ Споведзь ” на Захад. Сусветны рэзананс на той час ёй быў гарантаваны. І варыянт замежнай публікацыі разглядаўся – з усяго рукапісу былі нават зробленыя фотакопіі. Не сталася, не адбылося. “ Споведзь ” прыйшла да чытача толькі ў 1990-м, калі былы выгнаннік і дысідэнт Аляксандр Салжаніцын за свой “ Архіпелаг Гулаг ” ужо атрымліваў Дзяржаўную прэмію Расіі…
І ўсё ж той красавіцкі дзень павінен застацца ў аналах айчыннай архівістыкі. Сем мяхоў геніюшаўскага архіва, літаральна вырваныя з рук зэльвенскіх чыноўнікаў, правезеныя праз лясны міліцэскі заслон, былі ўрэшце дастаўленыя ў Акадэмічную бібліятэку. У яе прытульных сценах некалькім пакаленням геніюшазнаўцаў праца забяспечаная.
О, гэтае ні з чым незраўнанае, трапяткое пачуццё, калі ты развязваеш тасёмкі чарговай архіўнай справы, адкладаеш убок чысты ліст карыстальніка (твой подпіс на ім будзе першым) і… Што цябе чакае? Якія знаходкі падаруе табе архіўная сховань гэтым разам? Унікальны дакумент, рэдкі фотаздымак, невядомы твор?
У гэтым двухтомніку 72 вершы друкуюцца ўпершыню. Безумоўна, тое надае вагі першаму збору твораў Ларысы Геніюш. А колькі тамоў будзе ў яе будучым Поўным зборы твораў – можна прадказваць толькі прыблізна. Пяць, дзесяць, пятнаццаць?.. Спадчына Ларысы Геніюш – як калодзеж: на паверхні толькі некалькі цыбравінаў, астатнія – на глыбіні. І чым глыбей зачэрпнеш, тым чысцейшае і смачнейшае пітво…
“ Ганаруся вашай залатой паэтычнай жылачкай, ” – пісаў у 1967 годзе Ларысе Геніюш літаратурны кансультант “ Гродзенскай праўды ” Васіль Быкаў, чыя сусветная слава яшчэ толькі замігцела на даляглядзе. Ён ужо тады беспамылкова адчуў тую глыбінную, прыхаваную жылу, якая калісьці выбухне неастылым за дзесяцігоддзі гейзерам паэзіі. Час гэты прыйшоў. І час гэты будзе працягвацца доўга.
Сапраўдны талент – ён заўсёды шчодры. Пушкін падараваў Гогалю ідэю “ Рэвізора ” і “ Мёртвых душаў ”. Дзевяць з дваццаці трох строфаў верша Адама Міцкевіча “ Паніч і дзяўчына ” напісаныя (ананімна) ягоным сябрам Антоніем Адынцом. Ларыса Геніюш падказала Караткевічу сюжэт апавядання “ Сіняя-сіняя ”. Пра што ўдзячны Уладзімір Сымонавіч па-сыноўску сардэчна згадваў у адным са сваіх лістоў у Зэльву.
Читать дальше