Галгофа сапраўды ўзвышае. Што праўда, ва ўсе часы былі аматары ўплятаць дэкаратыўныя церні ў свае лаўравыя вянкі. Таму і ўлаўраны паэт часам выглядаў бутафорна, хоць вазьмі і сашчыкні лісток-другі на прыправу.
У Гулагу цёплалюбны лаўр не рос, а вось з тысячаў кіламетраў калючага дроту можна было звіць мільёны церневых вянкоў.
Крыжовы шлях Ларысы Геніюш цягнуўся восем доўгіх гадоў. Тыя, хто адпраўляў яе на пакуты, думалі, што перамога за імі. Але яны памыліліся. Гэтую жанчыну перамагчы было немагчыма. У пераможцах заўсёды заставалася яна.
Гестапаўцы ў 1942 годзе, пасля выхаду ў свет зборніка “ Ад родных ніў ”, так і не дамагліся ад яе паэтычных дыфірамбаў фюрэру. Хоць і пагражалі Асвенцымам.
Галоўны гэбіст БССР Цанава ў сутарэннях менскай амерыканкі восенню 1948-га так і не даведаўся ад яе, дзе архівы БНР.
Вярхоўны суд у 1949-м так і не пачуў ад яе прызнання віны і пакаяння.
Усе лагерныя дзяржыморды, як ні стараліся, не паставілі яе на калені.
ЦК КПБ так і не прымусіў яе прыняць савецкае грамадзянства.
Атэістычная ўлада не змагла адабраць у яе веры ў Бога.
Татальная русіфікацыя не заглушыла на яе вуснах беларускай мовы.
Цэнзура была змушаная прапускаць яе вершы ў друк…
Ларысе Геніюш дадзена было перамагчы. І яна – з гледзішча вечнасці – перамагла. І як жа памыляецца той, хто і сёння лічыць яе пераможанай і самаўпэўнена заяўляе з экрана БТ, што ён, ці бачыце, разабраўся з Геніюш! Ларыса Геніюш пераможа і яго. Не дапаможа і дасье, сфабрыкаванае на паэтку службістамі Цанавы і схаванае за сямю замкамі ў іхнім сумнавядомым ведамстве.
Увогуле, усе партыйныя сакратары, фюрэры і прэзыдэнты павінны ведаць, што вайна з пісьменнікамі, з літаратурай бессэнсоўная. Ваяваць з літаратурай – як страляць з рагаткі па зорках. І ўсё ж знаходзяцца аматары паваяваць. Хто з рагаткай, хто з рагацінай. Не навучыла іх савецкае мінулае рабіць высновы з ранейшых памылак. Для такіх Ларыса Геніюш прыдумала трапнае слова – сталіназаўры. Што ж, з усёй пароды выкапнёвых яны аказаліся самыя жывучыя. Але і сталіназаўры вымруць.
У савецкай Беларусі з Ларысы Геніюш імкнуліся зрабіць этнаграфічную паэтку. Хвалілі яе паэму “ Куфар ”, дзе сапраўды па-майстэрску ўслаўлялася спрадвечнае рамяство жанчыны-ткаллі. Паэма насамрэч нагадвала музей беларускага ткацтва, дзе ў вока наведніку западалі непаўторнымі ўзорамі падвойныя дываны, паясы, кашулі-вышыванкі. Але Ларыса Геніюш не была этнаграфічнай паэткай. Кажучы фігуральна, на дне яе “ куфра ”, прыхаваныя ад празмерна цікаўных вачэй, маглі “ ляжаць ” іншыя скарбы, якія і будзілі творчую фантазію паэткі.
Там мог знаходзіцца тастамент старшыні Рады БНР Васіля Захаркі ад 6 сакавіка 1943 года, паводле якога Ларыса Геніюш станавілася сакратаром беларускага ўраду на выгнанні.
Там магла зберагацца самаробная паштоўка з Пагоняй, перавітая бел-чырвона-белай стужкай, якою павіншавалі Ларысу Геніюш сябры ў яшчэ гулагаўскім 1954-м.
Там магла знаходзіцца яе лагерная кашуля з нашытым на спіне арыштанцкім нумарам 0-287.
Там паэтка магла перахоўваць сваю пражскую кнігу “ Ад родных ніў ”, над старонкамі якой ніякавелі нават спрактыкаваныя спецдаследчыкі ў спецфондах, прачытаўшы, напрыклад, такія радкі:
“ Нам не страшны сібірскі больш холад,
нам не страшны маскаль альбо лях,
чужы серп не патрэбны, ні молат –
мы разгорнем крывіцкі наш сцяг! ”.
У тым “ куфры ” сярод іншых сямейных дакументаў магла захоўвацца выпіска з пастановы асобнай нарады пры НКВД ад 22 сакавіка 1941 года – аб асуджэнні “ сацыяльна небяспечнага элемента ” Антона Паўлавіча Міклашэвіча да пяці гадоў выпраўленча-працоўнага лагера. Усю яго сям’ю – па спіску – выслалі ва ўсходнія раёны СССР годам раней – 13 красавіка 1940 года. У тым спіску значыліся імёны маці паэткі – Аляксандры Васільеўны, трох яе братоў – Расціслава, Аляксея і Аркадзя, і трох сясцёр – Ксеніі, Ніны і Людмілы. Была ў спіску і… Ларыса Міклашэвіч, хоць яна на той час ужо два гады як жыла з мужам у Празе. Не дагледзелі пільнавокія і чуйнавухія таварышы – адна з “ кулацкіх дачок ” не трапіла ў настаўленыя імі сілкі. Ні бацька, ні маці паэткі з высылкі ўжо не вярнуліся. І ў яе, як бачым, быў рэальны шанец пад канвоем пакінуць радзіму яшчэ ў 1940-м…
На дне таго “ куфра ” магла ляжаць аўтабіяграфія паэткі пад назвай “ Сто ранаў у сэрца ”, напісаная на просьбу аднаго з менскіх выдавецтваў і забароненая цэнзурай.
Читать дальше