Дзве гадзіны ляцеў цераз цемру далёкі голас-ганец:
"Камандзір, камандзір, камандзір!"
І рыданне.
І слова: "Канец".
Выбухаў ён не пачуў, але раптам ў змроку начным,
Як быццам чырвоны сцяг разгарнула неба над ім,
І вышэй барвянага сяйва, туды, дзе сузор'яў агні,
Зорка рынула ўвысь і знікла, прайшоўны зеніт.
Сяйва сышлося ў конус і растаяла ля камля.
І ў апошні свой, у смертны, у безнадзейны час
"Зямля! Маці Зямля!
Будзь літасцівай да гэтай, што ўбачыць шаты бяроз,
Што зараз ля пульта седзячы,
жаночых не точыць слёз.
Будзе ёй час паплакаць, як пабачыць твае лясы.
Зрабі, каб забыла,
каб іншаму нарадзіўся ад любай сын.
Будзь для яго зялёнай, чыстаю, як трава,
Не выбухай пажарамі, ў бітвах не забівай.
І ў апошні свой, у смяротны, у безнадзейны час
Пажадаю я, каб сонца прамень над табою не згас.
Каб вечна была ты такою, якою мы любім цябе,
Зямлёю тугі і радасці, дзе шчасце жыве ў журбе,
Дзе такія сінія пушчы, дзе алмазны гарыць Валапас.
Дзе вёска мая на Прыпяці,
Дзе Нерль і рублёўскі "Спас",
Дзе раджаецца мяккае сонца на вяршынях
ліловых гор,
Дзе плачуць жанчыны светлыя,
калі мы гінем ля зор".
Лістападаўскі вецер над паркам пахмурым.
Халадзее рака, як лязо мяча,
У мармуравых німфаў гусіная скура
І прыгонны адчай у глыбокіх вачах.
На газонах барвянае лісце размокла.
Золкі лёгкі туман ахутвае луг,
І Ахіл у абдоймах сціскае Патрокла:
Не ад ран, а ад палак канае друг.
Вар'яцею, здаецца: чую і бачу,
Пад галінкамі чорных, як туш, дубоў
Дзесяць гожых пастушак манерна скачуць.
Пастаральная песня. Вясна. Любоў.
З балюстрады за іхнім лёгкім палётам
Назірае праз сетку яловых лап
Падагрычны стары з праваленым ротам,
Вальтэр'янец, юрлівец, татарскі сатрап.
Прыгажосць яму лаўрамі чэрап вянчае,
Ён Лукул, Петроній, Цэзар і Крэз.
Ён стварыў гэту казку на чорным адчаі,
На Парнас у турэцкім халаце пралез.
Ён памрэ і тады не ўбачыць прыгожага.
Страшна духу пакінуць цела-турму.
І прыгонных актрыс кладуць яму ў ложак,
Каб халодныя ногі грэлі яму.
Хто ім верне мары дзявочыя, светлыя?
Хто ім верне кахання светлага час?
Лепей гвалт, лепей жорсткасць -
толькі не гэта,
Не бяссільны, старэчы холад пляча.
Сёстры любыя, ганьба ваша і раны,
Быццам вострыя церні ў душы маёй,
Я сябе адчуваю, як вы, зганьбаваным
І рыдаю гаручаю вашай слязой.
Мара, спеў, летуценне, каменнямі скутае,
Цёмны парк, што варты усіх паэм, -
Калі рай купляюць людской пакутай,
Хай ён дымам згіне, такі Эдэм.
Ненавіджу цябе, баюся, кахаю,
Як каханую злую, ўсім сэрцам сваім.
І да рук мармуровых чалом прыпадаю,
Любых рук, што пад ветрам дрыжаць начным.
Балада пра Невядомага, Першага
Ён ляпнуў вохрай на камень;
І зліўся з пячорнай сцяной
Зубр чырвоны з рагамі,
Што кінуўся ў страшны бой.
Трывожнае, новае, дзіўнае
Адымала голад і сон.
У дыме над жоўтым біўнем
Кашляў і плакаў ён.
І з жахам глядзелі людзі,
Як явелі дзень за днём
Дзявочыя рукі і грудзі
Пад крамянёвым нажом.
Натуршчыца, першая ў свеце,
Зразумеўшы сваю прыгажосць,
На беразе Першага стрэціла
І дала мазгавую цосць.
І племя важак калматы
Ўзняў велічэзны сук,
І мускулы, як канаты,
Загулялі пад скурай рук.
Ён сказаў уладна і сонна:
"Свавольству гэтаму - край.
Аддай, я знішчу разьблёнае,
І дзяўчыну гэту - аддай".
І Першы, гнеўны, трывожны,
Забіў ударам нажа
Таго, хто дзяўчат прыгожых
Браў, як арды важак.
І праўленне яго шчаслівае
Паклала забойствам канец.
І стала ў ардзе справядлівасць:
Кавалак табе і мне.
Над тундраю годы знікалі,
А потым скананне прыйшло,
Лютым мамантам стала,
На біўні яго ўзняло.
Але Першы паспеў яму ў скроню
Завостраны ўбіць ражон.
Нават уласным сконам
Племю даў ежу ён.
Ўсю зіму не ведалі гора,
Сыты глыталі дым,
І доўга ў цёмных пячорах
Гучалі легенды аб ім.
Прарок Геронiм Босх [1] Геронім Босх - славуты нідэрландскі мастак канца ХV - пач. ХVІ ст. У такой яго карціне, як "Страшны суд", народная сатыра спалучаецца са змрочнай, кашмарнай фантазіяй. Дзіўнае супадзенне: на яго карцінах намаляваны машыны, якія падобны на танкі і сучасныя гарматы.
"Увага! Увага! Увага!
Рыхтуецца атамны выбух.
Хавайце дзяцей!
Хавайце вучоных і кнігі!
Хавайце ў зямлю партытуры
Бетховена і Гуно!
Хавайце карціны Босха:
Ён ведаў пра гэта даўно".
Дзіўны, дзіўны мастак!
У цемры сярэднявечча
Сядзеў ён перад мальбертам,
Які асвятлялі свечы.
Цень у кутах пакоя,
Цені па фарбах бягуць,
Цень над роднай краінай,
Змрочныя цені ў мазгу.
Іспанцы край захапілі,
Палілі людзей без жалю,
Жыць не давалі нікому,
Існаваць - рабам дазвалялі.
Плакалі дзеці малыя,
Ўміраючы на нажы,
І нельга было смяяцца
Мастаку, што з праўдай дружыў.
Таму ў грудзях такога
Не сэрца, а галавешка,
Таму ў Героніма Босха
Памерла на вуснах усмешка.
Ён бачыў, што душы прыгнечаных
Не сталь, а бязвольны воск,
І прарочыў дрэнным людзям
Геній Геронім Босх.
Сваёй неўтаймоўнай фантазіяй
Выклікаў ён пачварныя здані...
Праз трэшчыны на палотнах
Чуюцца гукі рыданняў.
Лётаюць мёртвыя птушкі,
Палаюць жывыя кусты,
Пачвары з галовамі грыфаў
Рэжуць сабе жываты.
У адных галовы без ног,
У другіх пад задам калені.
Кідаюцца ў пажарах
Маўклівыя голыя цені.
Праз дымнае і чырвонае,
Праз попельнае святло
Танкі ідуць магутныя,
Якіх тады не было,
Ці мог ён тады прадбачыць,
Што пройдзе сто пакаленняў
І ажывуць наяве
Пачвары яго ўяўленняў?
Што будуць з акопаў людзі
Дзерціся на накат
І кідацца ім пад ногі
З цяжкай вязкай гранат.
Вы, васковыя душы,
З ланцугоў кашмары спусцілі,
Вы над роснай зямлёю
Смерці грыбы ўзрасцілі...
Даўно прарочыў такое
Босха трывожны мозг.
І ўсё ж аднаго ты не ведаў,
Вялікі Геронім Босх.
Зведаўшы чалавека,
Зведаўшы мора і сушу,
Не мог ты ведаць, што ў свеце
Стальныя вырастуць душы,
Што на хлуслівых і хцівых
Узнімецца іх рука
І вытрасе іх са скуры,
Як бульбу гнілую з мяшка.
"Увага! Увага! Увага!
Выбухаў больш не будзе!
Выносьце скульптуры і кнігі,
Спявайце і смейцеся, людзі!
Выносьце дзяцей заспаных
Пад сонечных гукаў прыбой!
Выносьце карціны Босха!
Адбой! Вечны адбой!"
Читать дальше