Хэрэя. Я гатовы гаварыць, Гаю. Як толькі ты мне дазволіш.
Калігула. Цудоўна. Тады маўчы. Мне болей хацелася б паслухаць нашага сябра Муцыя.
Муцый( праз сілу ). Я да тваіх паслуг, Гаю.
Калігула. Раскажы-тка нам пра сваю жонку. Але спачатку загадай, каб яна села вось тут, леваруч ад мяне. ( Муцыева жонка ідзе да Калігулы .) Ну! Муцый, мы ўсе чакаем цябе.
Муцый( крыху разгублена ). Пра жонку... Я люблю яе.
Усе смяюцца .
Калігула. Вядома, мой сябра, вядома. Але гэта такая банальшчына. ( Муцыева жонка ўжо села побач; нібы між іншым ён ліжа ёй левае плячо. Яшчэ больш разняволена .) Дарэчы, калі я ўвайшоў, вы тут, здаецца, ладзілі нейкую змову, га? Плялі якісь загаворчык?
Стары патрыцый. Як ты можаш, Гаю?..
Калігула. Драбяза, мая ясачка. Старасці ж трэба перашалець. Усё гэта сапраўды драбяза. Вы ж няздольныя на мужны ўчынак. Проста мне раптам успомнілася, што я мушу вырашыць яшчэ сякія-такія дзяржаўныя пытанні. Але спачатку аддамо даніну неадольным патрэбам, якія заклала ў нас прырода. ( Устае і цягне Муцыеву жонку за сабой у суседні пакой .)
Муцый спрабуе ўстаць .
Цэзонія( ласкава ). О, Муцый, я з задавальненнем выпіла б яшчэ тронікі гэтага цудоўнага віна.
Скарыўшыся, Муцый моўчкі падлівае ёй віна. Няёмкая паўза. Чуваць, як рыпяць крэслы. Наступная размова ідзе крыху натужліва .
Цэзонія. Ну што, Хэрэя! Можа, раскажаш цяпер, чаго гэта вы тут біліся толькі што?
Хэрэя( холадна ). Усё гэта ад таго, дарагая Цэзонія, што ў нас узнікла спрэчка, ці павінна паэзія быць забойчая.
Цэзонія. Вельмі цікава. Хоць гэта, на жаль, перавышае маё жаночае разуменне. I ўсё ж мяне зачароўвае тая палкасць, з якою вы ставіцеся да мастацтва. Аказваецца, яна можа давесці вас ажно да бойкі.
Хэрэя( такім самым тонам ). Гэта так. Дый сам Калігула мне неяк казаў, што не можа быць глыбокага і гарачага пачуцця без пэўнае жорсткасці.
Гелікон. Як і кахання без кропелькі гвалту.
Цэзонія( жуючы ). У гэтым ёсць пэўная ісціна. Што скажуць астатнія?
Стары патрыцый. Калігула — тонкі псіхолаг.
Першы патрыцый. Ён вельмі красамоўна гутарыў з намі пра мужнасць.
Другі патрыцый. Яму варта было б занатаваць свае думкі. Такая кніга была б неацэнная.
Хэрэя. Не кажучы ўжо, што гэта неяк яго заняло б. Бо ўсе мы бачым, што яму трэба нечым сябе забавіць.
Цэзонія( па-ранейшаму жуючы ). У такім выпадку вам будзе прыемна даведацца, што ён ужо пра гэта падумаў і якраз піша вялікі трактат.
Уваходзяць Калігула і Муцыева жонка .
Калігула. Муцый, я вяртаю табе тваю жонку. Яна зноўку твая. Але выбачайце, мне трэба даць колькі загадаў. ( Хутка выходзіць .)
Муцый, увесь збялелы, стаіць, гледзячы яму ўслед .
Цэзонія( Муцыю, які па-ранейшаму стаіць нерухома ). Няма сумнення, Муцый, што гэты трактат зойме сваё пачэснае месца побач з найбольш славутымі.
Муцый( пазіраючы на дзверы, за якімі знік Калігула ). I пра што ў ім ідзе гаворка, Цэзонія?
Цэзонія( абыякавым тонам ). О, гэтага я зразумець няздольная.
Хэрэя. Іншымі словамі, можна зрабіць выснову, што ў ім гаворыцца пра забойчасць паэзіі.
Цэзонія. Вось-вось, па-мойму, нешта ў такім духу.
Стары патрыцый( радасна ). Ну што ж! Як сказаў Хэрэя, гэта яго трошкі забавіць.
Цэзонія. Так, мая ясачка. Але вось, баюся, назва трактата вас трошкі збянтэжыць.
Хэрэя. I што ж гэта за назва?
Цэзонія. Ён называецца — «Меч».
Хутка ўваходзіць Калігула .
Калігула. Вы ўжо прабачце, але дзяржаўныя справы таксама не церпяць адкладу. Распарадчык, аддай загад, каб зараз жа зачынілі ўсе хлебныя сховішчы. Указ пра гэта я толькі што падпісаў. Знойдзеш яго ў мяне ў пакоі.
Распарадчык. Але ж...
Калігула. Заўтра настане голад.
Распарадчык. Але народ будзе шумець.
Калігула( з націскам і выразна ). Я сказаў: заўтра настане голад. Што такое голад, усім вядома — гэта пляга, стыхійнае бедства. Пляга пачнецца заўтра... і я яе спыню, калі мне захочацца. ( Тлумачыць астатнім .) Увогуле ў мяне не так ужо многа спосабаў даказаць, што я свабодны. Свабодны бываеш заўсёды за чый-небудзь кошт. Прыкра, але ж рэч гэта сама па сабе звычайная. ( Кідаючы вокам на Муцыя .) Вазьміце хоць бы рэўнасць, і вы ўбачыце, што я маю рацыю. ( Задуменна .) I ўсё-ткі быць раўнівым — гэта так брыдка! Пакутаваць праз самалюбства і празмернае ўяўленне! Прымушаць сябе ў думках бачыць, як твая жонка...
Читать дальше