— Спадарыня мілая,
як жа не ведаць
пра гэта мне дома, калі
ужо гэта ведаюць
скрозь у Еўропе,
а мо і на цэлай зямлі!
Так, так, ужо ведаюць,
што ў Беларусі
гадоў, можа, з дзесяць таму
трубу разарвала —
і справіцца з гэтай
аварыяй страшнай
няма ў нас каму.
Дык гоніць і гоніць,
і прэ, і нясе, і фугуе,
і ўсё залівае наўсцяж —
такім залівае,
што часам дыхнуць немагчьтма...
О Госпадзе Божа ты наш!
Р. S. Мае чытачы дарагія,
мае аднаверцы,
я вельмі вас вельмі прашу:
не клічце мяне
да сябе на сустрэчу, сябры,
не вярэдзьце душу.
Чытайце — пакуль дзікуны
не пакідалі ў вогнішча —
кнігі і кніжкі мае.
Пасля і сустрэчы прадоўжым.
Прадоўжым!
Час прыйдзе.
Наступіць.
Ужо настае.
А ўзбекі рабілі дзяцей...
Паводле статыстыкі
(вельмі сур'ёзнай навукі),
у 1926-м было:
узбекаў каля чатырох мільёнаў,
а беларусаў — у тры разы больш
(гл. «Геаграфію» Смоліча).
I адны, і другія —
і ўзбекі, і мы, беларусы,
у наступныя годы і дзесяцігоддзі
заняліся рупліваю працай.
I тыя, і тыя — сваёй,
не адною і той жа.
Мы пачалі вырабляць
з прывазнога металу станкі, —
з прывазнога, вядома,
свайго ж ані грама не мелі.
I рабілі, рабілі, рабілі іх
безлічы-безліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзбекі тым часам
рабілі дзяцей —
то ісь, маленькіх узбекаў...
Па заканчэнні вайны
пачалі мы рабіць трактары
і вялізныя аўтамабілі,
не маючы нават і грама
уласнай сваёй сыравіны, —
можна сказаць — з нічога,
I рабілі, рабілі, рабілі іх
безлічы-безліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзбекі тым часам
рабілі дзяцей —
то ісь, маленькіх узбекаў,
і таксама — з нічога,
ну ці амаль што з нічога:
колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка?..
Пасля пачалі мы рабіць
найвялікшыя ў свеце
гумовыя шыны,
не маючы, зноў жа, сваёй
ні куска сыравіны,
гэта значыць — з нічога.
10 гадоў, і 15, і 30
рабілі, рабілі, рабілі іх
безлічы-безліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзбекі тым часам
рабілі дзяцей —
то ісь, маленькіх узбекаў,
і таксама — з нічога,
ну ці амаль што з нічога, —
колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка!..
I вось што мы маем,
як колісь казалі, у скутку
(у выніку, значыць):
на сённяшні дзень
беларусаў у тры разы менш,
чым узбекаў,
якіх ужо 30 мільёнаў.
А помніце?
Нас было ў тры разы больш,
чым узбекаў,
у тры разы болей!
Але мы рабілі, рабілі й рабілі
цяжкія машыны,
не маючы ўласнай, сваёй
ні куска сыравіны, —
можна сказаць: з нічога.
А ўзбекі рабілі,
рабілі й рабілі дзяцей,
то ісь, маленькіх узбекаў,
таксама — з нічога,
ці амаль што з нічога, —
ну колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка?..
Вось і ўсё.
I рабіце высновы, браткі беларусы.
А што іх рабіць?
Яны робяцца самі.
Аднойчы, не так і няскора,
на багаславёнай зямлі
між Дзвіною і Прыпяццю,
Бугам і Сожам
будзе гучаць
толькі родная наша
узбекская мова.
Мая дзіцячая рэпліка з гадоў акупацыі да ўчарашняй дыскусіі мужоў сталых
Напярэдадні Дня Перамогі
у гэтым, 2007-м,
знаўцы гісторыі нашай
дыскусію распачалі —
у свабодным эфіры:
ці справядлівай ці несправядлівай
была барацьба беларусаў
супроць акупантаў нямецкіх?
Ці трэба было беларусам
ісці ў партызаны,
падтрымліваць іх,
адзяваць і карміць,
абмываць і лячыць —
і помсту праз гэта прымаць
ад нямецкага войска.
«А гэта, вы знаеце,
як паглядзець на вайну
і на мэту змагання», —
пратарарэкаў спакойна,
разважлівым тонам
адзін дыскусійнік.
«Так, так, — пагадзіўся
яго суразмоўнік,
па дыхту відно —
тарарэка запраўскі. —
Адзінай высновы няма,
бо залежыць —
якою хто праўдаю мерае.
Што вёскі гарэлі з жывымі людзьмі —
гэта дрэнна, вядома.
Але — гэта наша ацэнка.
А тыя, што гэта рабілі —
рабілі з упэўненасцю,
што праўда на іхным баку
і што супраціў учыняць ім
няможна.
Ёсць праўда і праўда,
і хто можа сёння сказаць:
справядліва ці несправядліва?»
Так разважалі дарослыя,
адукаваныя людзі.
Я слухаў — і мушу прызнацца:
мне вельмі зрабілася сумна.
Госпадзе Божа мой!
На беларускай зямлі —
на зямлі Трасцянца, Калдычэва,
Хатыні, Азарычаў, «Ямы» —
ім пра такую і гэткую праўду
і льга тарарэкаць!..
Читать дальше